Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каго бусел прынёс

  • Аляксандар Лукашук

Сустрэча з раддому. Спадарыня і спадар Зігеры, Джун, Элеанора Зігер, Лі і Марына. Матэрыялы Камісіі Ўорэна

Сустрэча з раддому. Спадарыня і спадар Зігеры, Джун, Элеанора Зігер, Лі і Марына. Матэрыялы Камісіі Ўорэна

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У беларускай традыцыі дзяцей прыносіць бусел. У амэрыканскай – таксама бусел. Хаця, напэўна, ня ўзімку.

Дзёньнік ЛГО
15 лютага 1962

Марына зьбіраецца нарадзіць 1 сакавіка.

Сьвітанак. Марына будзіць. Прыйшоў час. У 9:00 прыяжджаем у шпіталь, пакідаю яе ў руках санітарак, іду на працу. У 10:00 Марына нараджае дзяўчынку. Мне паведамляюць навіну а 5-й вечара, калі я прыходжу ў шпіталь пасьля працы. Мы хацелі хлопчыка. Марына адчувае сябе добра, дзяўчынка таксама.


Рэканструкцыя Мэйлера падае падзеі крыху іначай і з большай рэзкасьцю. Пасьля мітусьні і збораў з дому выйшлі каля 09:00, доўга не маглі злавіць таксі і ў выніку паехалі ў 3-ю клінічную бальніцу на аўтобусе. Освальд яшчэ не даехаў да працы, як сяброўкі Марыны ўжо пазванілі на завод і на працоўным месцы ён ужо атрымліваў віншаваньні.

Марына ляжала тыдзень – і нататкі, якімі абменьваліся муж з жонкай, урэшце патрапілі ў Камісію Ўорэна і сталі афіцыйным матэрыялам сьледзтва. Цяпер гэты прыватны фрагмэнт менскага жыцьця выстаўлены на агульны агляд.

15 лютага 1962

Дарагая Марына,

Мы з табой зусім не чакалі дачкі, але я вельмі рады ўсё роўна. Малайчына! Як ты здолела так хутка нарадзіць? Малайчына! Ізноў малайчына! Калі табе што трэба, кажы любое жаданьне, мы з табой цалкам гатовыя да Джун Марыны Освальд.

Алек

Дарагі Алік!


Вось ты й бацька. Нават добра, што ў нас дзяўчынка. Роды прайшлі вельмі добра і хутка. А 10-й гадзіне нарадзілася Джун. Зашылі толькі чатыры трэшчынкі звонку. Я і сама не чакала, што ўсё будзе так хутка. Увечары, верагодна, да цябе прыйдзе цётка Валя. Яна ўжо была ў мяне сёньня. Сёньня нічога не прынось. Заўтра прынясі толькі кефір і салодкае. Шакаляд мне ўжо нельга. Астатняе ты ведаеш.

Цалую, Марына

Ліст у раддом. Матэрыялы Камісіі Ўорэна

Дарагая!

Як ты жывеш? Кефіру няма. Што табе трэба? Ты ўжо карміла дзіця? Гэтыя фотакарткі аддай цётцы Валі, у нас яшчэ ёсьць дома. Хто табе званіў сёньня?

Кахаю цябе.

Алек


18 лютага 1962

Дарагая Марына,

Цётка Валя і дзядзька Ільля былі сёньня ў мяне раніцай. Яна адведае цябе заўтра а 2-й гадзіне. Я сказаў, што трэба купіць. Я і Эрык учора былі ў Зігераў да 24-х гадзінаў. Як там яна, яна есьць, так?

Што табе трэба? Ты можаш хадзіць? Інэса была ў цябе? Джун яшчэ чырвоная? Ты ведаеш, калі цётка Валя прыйдзе заўтра, перадай фатаграфіі ёй. Сёньня цётка Люба да цябе ідзе.

Ну, пакуль.

Твой муж Алек


P.S. Я заўтра не прыйду, добра?
Ліст з раддому. Матэрыялы Камісіі Ўорэна

20 лютага 1962

Хэлоў, тата!

Алек, я ня думала, што будзе так цяжка даглядаць дзіцё. Джун зьядае ўсё чыста. Але малако прыбывае перад кожным кармленьнем, і яго трэба адсмоктваць. Гэта так балюча, што лепш бы я нарадзіла яшчэ адно дзіцё. Дарагі Алек, неадкладна, адразу сёньня купі і перадай мне грудны адсос, і каб гумовая груша была цьвёрдая, ня мяккая.

Алек, я стала так дрэнна выглядаць, што ты мяне не пазнаеш. Гэта таму, што я баюся, што Джун не бярэ грудзі. Таксама, тут не даюць паспаць колькі трэба – толькі з 2 да 5 раніцы. Не магу ўявіць, што буду рабіць дома. Алек, мне таксама пільна трэба 1 руб. 20 капеек. Урэшце, я не магу хадзіць бязь ліфчыка. Тут адной жанчыне купілі два, і яна прадала адзін мне. Мне трэба ёй заплаціць. Гэта ня дзеля прыгажосьці, а каб не застойвалася малако. Ніхто з вас нават ня думае прыносіць мне тое, што мне трэба. Усе толькі і робяць, што пытаюцца, што мне трэба. Ну, хопіць пра гэта, сканчаю.

Марына

21 лютага 1962

Дарагая Марына,


Сёньня мы атрымалі ад заводу вельмі прыгожыя падарункі для Джун; я ведаю, табе спадабаецца. Яны купілі 1 летнюю коўдру, 6 халодных пялюшак, 4 цёплыя пялюшкі, 2 кашулі, 3 вельмі добрыя цёплыя кашулі, 4 вельмі прыгожыя касьцюмчыкі і дзьве цацкі (цалкам 27 рублёў). Я ведаю, што Эрык і Аніта былі ў цябе ўчора, як табе Аніта?

Як Джун есьць?

Заўтра, напэўна, я не прыйду, добра?

Кахаю цябе.

Алек


Марына, Джун і Лі
Дзёньнік ЛГО
23 лютага 1962

Марына выпісваецца са шпіталю, я ўпершыню бачу Джун.


У архівах Менскага ЗАГСу дагэтуль захоўваецца запіс рэгістрацыі грамадзянкі БССР зь незвычайным імем Джун.

Дзёньнік ЛГО
28 лютага 1962

Як патрабуе закон, іду рэгістраваць немаўля. Хачу яе назваць Джун Марына Освальд. Але гэтыя бюракраты кажуць, што яе другое імя павінна быць такім, як маё першае. Расейская традыцыя, падмацаваная законам. Я адмаўляюся, каб запісалі імя “Джун Лі”. Абяцаюць пазваніць у гарвыканкам і ўведаць, бо ў мяне сапраўды амэрыканскі пашпарт.

29 лютага 1962

Мне сказалі, што ніхто дакладна ня ведае, што рабіць, але ўсе пагаджаюцца “давай, рабі па-расейску”. Імя: Джун Лі.


Ізноў Освальд блытае даты – у лютым 1962-га было 28 дзён. Высакосным быў папярэдні год.

Джун – Юна, Юнона, таксама азначае назву месяца – чэрвень.

Чэрвеня ў Беларусі Джун не дачакаецца – ня хопіць аднаго дня. 1 чэрвеня Освальды будуць ужо ў Маскве.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
XS
SM
MD
LG