Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад бела-чорнымі крыламі

  • Аляксандар Лукашук

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Да сярэдзіны лютага Освальд зробіць толькі адзін запіс у дзёньніку, пра халодную зіму. Пакінем яго ў шапцы-вушанцы грэцца каля чыгуннай батарэі цэнтральнага ацяпленьня і збочым ненадоўга, каб паглядзець, куды завяла сьцежка выпадковага мінака-біёляга, які патрапіў у выступ Хрушчова.

Аляксандар Крапіўны скончыў Харкаўскі ўнівэрсытэт і быў разьмеркаваны на працу ў Белавескую пушчу. Там ён і заняўся вывучэньнем колькасьці і харчаваньня галянастых птушак, як называюць буслоў і чапляў. Гадзінамі і днямі дзяжурыў ля гнёздаў, адбіраў і клясыфікаваў істотаў, якіх буслы прыносілі, потым скармліваў іх птушанятам. У дысэртацыі пазначана, што 28-гадовы аўтар дасьледаваў 30785 экзэмпляраў жывёлаў – харчовых аб’ектаў белага бусла, і 4248 – чорнага.

Сiconia ciconia, як зьвяртаюцца да буслоў на лаціне, птушка, мякка кажучы, не вэгетарыянская і мае адпаведнае мэню: жабкі, рыба, яшчаркі, зьмеі, сьлімакі, мышы, сусьлікі, птушаняты, у тым ліку кураняты і качаняты – больш за паўсотні розных істотаў. Крапіўны перабраў рукамі не адзін цэнтнэр здабычы і, верагодна, часам пачуваўся як на мясабойні ці рыбакамбінаце. Такая была цана двух сказаў у дысэртацыі:

... белы бусел эўрыфаг з ухілам да гэрпэтафагіі, энтамомафагіі і міяфагіі. Чорны бусел эўрыфаг з ухілам да гэрпэтафагіі і іхтыяфагіі.*

*У перакладзе гэта азначае, што белы бусел харчуецца ўсім, што знойдзе, але больш любіць зьмеек-яшчарак, павукоў- жужалёў, і ўвогуле ўсё мясное. А яго чорны сваяк, хаця таксама непераборлівы, аддае перавагу францускай кухні (жабкі, яшчаркі) і японскай (сырая рыба).

Празь дзесяцігодзьдзі спэцыялісты напішуць, што гэта была першая дысэртацыя па экалёгіі буслоў ня толькі ў савецкай навуцы – нічога падобнага не было і ў замежнай літаратуры.

Што Хрушчоў не разьбіраўся ў арніталёгіі, дзіўнага мала, а вось яго памочнікі былі халтуршчыкі – уставілі ў выступ факт чатырохгадовай даўніны. Дысэртацыю Крапіўны абараніў у лютым 1958-га, але адмовіўся ад прапановы застацца працаваць у Акадэміі Навук у Менску і паехаў у пэдінстытут у Віцебск, дзе давалі кватэру.

Там і прачытаў у газэтах, што першы сакратар ЦК верыць яму, што чорны бусел сапраўды існуе, але савецкія грошы на яго траціць ня варта. З камсамольскага ўзросту Крапіўны выйшаў, у партыю яшчэ не ўступіў, так што на палітычных сходах яго асабіста моцна не разьбіралі, тым больш, што дысэртацыю ён абараняў у акадэмічным інстытуце біялёгіі, і Хрушчоў згадваў прозьвішча менскага, а ня віцебскага дырэктара.

Калі, здавалася, горш ужо ня будзе, 22 сакавіка ў “Правде” зьяўляецца фэльетон “З пункту гледжаньня Бусла”, дзе ўжо сьціралася розьніца паміж заалёгіяй і заафіліяй.

Белы Бусел піша Шэрай Чаплі:

І чаго ён прычапіўся да галянастых дзікіх птушак?! Жывем мы мірна, плодзімся мала, людзям жыць не перашкаджаем. Прывыклі абыходзіцца без чалавека. Ужо калі палюбіў птушку, любі свойскую. Пад нашым дубам – птушатнік. Там і куры, і гусі, і качкі. Ім трэба дагляд. Але Крапіўны на свойскую птушку – нуль увагі. Усё да нас, дзікіх, чэпіцца.

Праз паўтара месяца, 10 траўня 1962 году ў рубрыцы “Па матэрыялах “Правды” чытачы пабачылі ў лісьце з Акадэміі навук Беларусі знаёмыя словы – крытыка прызнаная правільнай.

Дырэкцыя і партыйная арганізацыя інстытуту прынялі меры для паляпшэньня дзейнасьці інстытуту і яго навуковай рады ў справе абароны дысэртацыяў. Перагледжаная тэматыка навукова-дасьледнай працы і асьпіранцкіх тэмаў з мэтай набліжэньня іх да патрабаваньняў і запытаў народнай гаспадаркі. Прынятая пастанова аб рэарганізацыі навуковай рады і абнаўленьні яе складу.

Крапіўнага выклікалі ў вышэйшую атэстацыйную камісію, якая прысуджала навуковыя званьні – але годнасьці кандыдата навук не пазбавілі. Часы ўсё ж былі ня сталінскія. Дый не арніталёгія раздражніла партыйнае начальства, абурыла, хутчэй за ўсё, фармулёўка тэмы пра гаспадарчае значэньне буслоў і чапляў. Справа была ня проста ў каньюнктурнай назьве.**

Каньюнктура была нормай, але назва працы Крапіўнага выглядала горш за прыстасаванства – яна гучала як пародыя, прычым пародыя на палітыку партыі і ўраду ў сельскай гаспадарцы. Не дапамагло і тое, што заалёгія сапраўды ведала пра гаспадарчае значэньне бусла – пры нашэсьці саранчы буслы вылятаюць на палі і трушчаць шкоднікаў ураджаю, як пішуць у навуковых тэкстах, “у велізарнай колькасьці”. Крапіўны прыйшоў да высновы, што ва ўмовах Беларусі гаспадарчае значэньне птушкі хутчэй адмоўнае – яны зьнішчаюць такую колькасьць земнаводных, што разбураюць экалёгію вадаёмаў.

У наступным годзе Крапіўны зьехаў зь Беларусі ў Харкаў, дзе ня толькі друкаваў манаграфіі, падручнікі пра зоапсыхалёгію і біяэкалёгію, але й вывучаў паводзіны івалгі, сьпевы валасянак і пеначак, стаў доктарам навук, прафэсарам, прыяжджаў на навуковую канфэрэнцыю ў Менск, усё жыцьцё называў сябе на беларускі лад Алесем, аж пакуль ня выкінуўся з вакна ў 1990-м, не перанёсшы гібелі двух сваіх студэнтаў падчас палявой практыкі.

Пры жыцьці пабачыла сьвет толькі адна яго ненавуковая кніга, якая называлася “Калі няма страху”.

Кніга была не пра людзей.

------------------------------------------------
*У перакладзе гэта азначае, што белы бусел харчуецца ўсім, што знойдзе, але больш любіць зьмеек-яшчарак, павукоў- жужалёў, і ўвогуле ўсё мясное. А яго чорны сваяк, хаця таксама непераборлівы, аддае перавагу францускай кухні (жабкі, яшчаркі) і японскай (сырая рыба).

**Празь месяц пасьля прыезду Освальда ў Менск у газэтах друкавалася абвестка пра публічную абарону дысэртацыі на атрыманьне вучонай ступені доктара гістарычных навук Г.М. Ліўшыцам на тэму, не дасьледаваную ні Флавіем, ні Тамашом Аквінскім, ні айцамі царквы: “Клясавая барацьба ў Юдэі і паўстаньне супраць Рыму”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
XS
SM
MD
LG