Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш валюту? Пастой у чарзе 450 дзён!


У абменных пунктах беларускіх банкаў бязь зьменаў: адсутнасьць валюты і чэргі. Ва ўрадзе распрацоўваюць дадатковыя захады, каб узмацніць кантроль за валютнымі патокамі на розьнічным і біржавым рынках.

У абменных пунктах Менску валюты няма, а калі зьяўляецца, яе тут жа купляюць грамадзяне, якія стаяць у чарзе. Прадпрымальнік Сяргей, які ў першай палове дня стаяў ля абменьніка ў гандлёвым цэнтры "Карона", сказаў, што сытуацыя не зьмянілася. Адзінае, што валюты ў абменьніках стала меней, чым раней:

"Усё па-старому. Сьпісы, чэргі, больш за 300 чалавек. Толькі сталі горш здаваць. Меней сталі несьці грошай у абменныя пункты. Цяжка купіць. Я не магу купіць патрэбную мне суму. Каб яе купіць, трэба стаяць каля трох месяцаў, а цяпер, выходзіць, і больш -- з такімі тэмпамі".
Сьпісы, чэргі, больш за 300 чалавек. Толькі сталі горш здаваць. Меней сталі несьці грошай у абменныя пункты


Як ён ставіцца да магчымых абмежавальных захадаў?

"Мне патрэбны пэўны аб'ём грошай для працы, а абмежавальныя захады будуць мяне абмяжоўваць у гэтым".

Спадар Віталь, які стаяў у чарзе па валюту ў гандлёвым цэнтры "Мацярык", сказаў: для таго каб набыць валюту, трэба заняць чаргу. Цяпер у чарзе каля 900 чалавек, а ў дзень "праходзяць" двое.

"Трэба 450 дзён, калі цяпер запісацца. Усё па дамоўленасьці ў чарзе. У гэтых абменьніках бяруць па тысячы на чалавека. Раз на паўтара года купіць тысячу даляраў, каб дзіця раз на тры гады накіраваць на адпачынак? Не хапае. Трэба было даўно адпусьціць, зрабіць рынкавы курс. І была б валюта, дарагая, але была б".

Спадар Віталь не выключае, што рынкавы курс даляра можа скласьці каля 12 тысяч рублёў. Пакупнікі валюты ля абменьнікаў нават ня супраць таго, каб даляры і эўра прадавалі па пашпарце, як гэта было напрыканцы 90-х гадоў. Калі на пашпарт у дзень не прадавалі больш за 500 даляраў. Абы існавала сама магчымасьць купіць валюту.

Прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што цяпер урад і Нацыянальны банк прапрацоўваюць меры, якія будуць уведзеныя на розьнічным і біржавых рынках з мэтай поўнага кантролю над валютнымі патокамі. Што гэта будуць за меры, пакуль невядома. Аднак у Нацбанку адзначаюць, што такія рашэньні пакуль не прымаюцца, у тым ліку — адносна магчымасьці продажу валюты па ліміце і пры прад'яўленьні пашпарту. Тым часам у чэрвені прадстаўнікі бізнэс-супольнасьці накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта праект праграмы першачарговых крокаў па выхадзе з валютнага крызісу. У якасьці аднаго з захадаў дзеля аднаўленьня працы наяўнага рынку валюты прапаноўвалася ўвесьці "разумны дзённы ліміт на продаж валюты ў адным банку на адзін пашпарт грамадзяніна".

Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, сытуацыя, якая склалася цяпер, задавальняе беларускія ўлады. Пашырыўся сьпіс банкаў, якія будуць выдаваць валюту на сацыяльныя патрэбы, калі пакупнік прад'явіць пэўныя даведкі. "То бок улады самі будуць вырашаць, патрэбна валюта грамадзяніну ці не. Набыць яе зможа толькі той, хто зможа прад'явіць патрэбныя дакумэнты", — адзначае Сяргей Чалы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG