Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты палітвязьняў Ірыны Халіп і Мікіты Ліхавіда не прайшлі атэстацыю


Мікіта Ліхавід з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай, суд, архіўнае фота

Мікіта Ліхавід з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай, суд, архіўнае фота

Мін'юст ініцыяваў правядзеньне гэтым летам пазачарговай атэстацыі адвакатаў. Як паведаміла сайту charter97.org журналістка Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, сёньня стала вядома, што яе адвакат Ганна Бахціна не прайшла пераатэстацыю ў Мін'юсьце. Гэта азначае, што Бахціна будзе пазбаўленая ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасьць.

«Старшыня атэстацыйнай камісіі — начальнік упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкама Зелянко. На пасяджэньні камісіі ён заявіў, што ў Бахціной нібыта былі парушэньні ў адвакацкай дзейнасьці. Але гэтая фраза завісла ў паветры, бо пацвердзіць яму гэта нічым не удалося. Потым Зелянко сам зразумеў, што гэта бяздоказна. У адваката не было ніякіх парушэньняў, а ў 2010 годзе Бахціна за сваю бліскучую працу нават атрымала грамату Мін'юста з фармулёўкай — «за абарону правоў і свабодаў грамадзян». І калі пытаньне пра парушэньні «завісла», бо ніякіх парушэньняў ніхто не мог канстатаваць, Бахціне паставілі ў віну, што яна не займалася прапагандай юстыцыі, не пісала артыкулы ў афіцыйныя газэт і не выступала па радыё і тэлебачаньні.

Але справа ў тым, што з траўня мінулага года па чэрвень гэтага Бахціна была задзейнічаная ў велізарным судовым працэсе, у якім было 40 абвінавачаных. Працэс доўжыўся год, і яна была занятая з 10 раніцы да 6 вечара кожны дзень. Паралельна яна знайшла час на мяне, наведвала мяне пад хатнім арыштам, рыхтавалася да працэсу і бліскуча яго правяла. Бахціна не пабаялася брацца за маю абарону, у той час як двух адвакатаў, якія абаранялі мяне, пазбавілі ліцэнзіі", — распавяла Ірына Халіп.

На пасяджэньні атэстацыйнай камісіі Ганна Бахціна заявіла, што будзе абараняць сябе і проста так не здасца.

«Я зьвязваю цяперашнія праблемы Ганны Бахціной з яе бліскучымі выступамі падчас судовага працэсу па маёй справе, і асабліва падчас разгляду касацыйнай скаргі, калі яна не пабаялася нагадаць судовай калегіі, што ўсе нашы справы рана ці позна будуць пераглядацца. І тыя, хто выносіў несправядлівыя прысуды, панясуць адказнасьць. Калі ішоў працэс, прысутныя заходнія дыпламаты казалі адну фразу: «Такога б адваката ды ў нармальны суд», — заявіла Ірына Халіп.

Сёньня ж стала вядома, што атэстацыю не прайшла Дар’я Ліпкіна — адвакат іншага палітвязьня, Мікіты Ліхавіда.

Нагадаем, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзіяў чатырох адвакатаў Мінскай гарадзкой калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Тацьцяну Агееву, Уладзіміра Тоўсьціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы пра так званыя масавыя беспарадкі ў Менску 19 сьнежня. 3 сакавіка з складу калегіі быў выключаны адвакат кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Павал Сапелка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG