Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: "Ня трэба мяняць ніякіх фарматаў — ёсьць Плошча"


Каардынатары суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" прапануюць 27 ліпеня кардынальна зьмяніць фармат "маўклівай серады". Замест плошчы прапануецца зьбірацца на цэнтральных рынках гарадоў а 13-й гадзіне, у Менску — на Камароўцы. Паўгадзінкі моўчкі пастаяць, у мэтах бясьпекі — у ладкі ня пляскаць. Ці патрэбныя частыя зьмены фармату, ці ўдалыя абіраюцца формы маўклівага пратэсту, разважаюць экспэрты і грамадзкія актывісты.


Лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў хадзіў на ўсе ранейшыя акцыі, зьбіраецца і 27 ліпеня прыйсьці на Камароўку. Але заўважае, што сцэнар не прадуманы:

Уладзімер Някляеў

"Я казаў ад самага пачатку, што ня трэба мяняць ніякіх фарматаў — ёсьць Плошча. Альбо храм, куды народ прыходзіць маліцца. Там — нельга. Быццам бы на рынках — можна... Я — за тое, каб людзей ня блытаць, не прызначаць па тры акцыі на адзін дзень, як было 3 ліпеня. Як бачна, акцыі пайшлі на спад, і гэта шкада. Але тое, што яны ёсьць — добра. Я б на месцы гэтых арганізатараў усё ж такі прывязаўся да нейкага аднаго сцэнару. Я прапаноўваў, каб было ўжо зусім бясьпечна, то чаму хадзіць на нейкія рынкі, а ня ў храмы? Прычым кожны вернік ідзе да свайго храму — дзякуй Богу, у Беларусі іх хапае. І кожны вернік можа прыйсьці ў царкву і памаліцца за тое, каб Бог ачысьціў ад нячыстай сілы Беларусь...

Тым ня менш я пайду на гэтую акцыю".

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што акцыі ў тых фарматах, у якіх яны праводзіліся, вычарпалі сябе. Кожная ідэя добрая, калі яна сьвежая і арыгінальная, калі яна толькі-толькі паўстала:

Уладзімер Мацкевіч

"І яна вычэрпваецца пасьля некалькіх актаў, акцыяў. Потым губляецца адчуваньне навізны, адчуваньне арыгінальнасьці, губляецца захапленьне. І паціху гэтая мода, скажам так, ці нейкая новая рэч — яна сыходзіць на "не". Таму нельга сказаць, што гэта дэградацыя, якая зьвязаная зь няправільным кіраўніцтвам. Гэта тычыцца прыроды такіх акцыяў, вось і ўсё. Потым, калі губляецца навізна і арыгінальнасьць, нават самі ўдзельнікі і тыя, хто першапачаткова захапляўся, бачаць безвыніковасьць гэтага, адсутнасьць станоўчага працягу, і матывацыя таксама сыходзіць да нуля".

Адна зь лідэраў зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога Фронту" Наста Палажанка кажа,што яна пазытыўна ставіцца да таго, што ў Беларусі ствараецца грамадзянская супольнасьць, што на чале пратэстаў ня лідэры палітычных партый і грамадзкія актывісты, а каманда маладых людзей, не ангажаваных у палітыку. Але, на яе думку, арганізатары павінны несьці адказнасьць і за расчараваньне людзей:

Наста Палажанка

"Я лічу, што, безумоўна, фарматы трэба мяняць. Сустракацца трэба радзей, звужаць спэктар пытаньняў, па якіх запрашаюцца людзі на акцыю. Я непрыхільна стаўлюся, напрыклад, да забароны сымболікі, бо лічу: калі людзі ўжо ахвяруюць сабой, ідуць на зьняволеньне 10—15 сутак, яны ня могуць сябе ў гэтым абмяжоўваць. Пры ўсім гэтым палітычныя лідэры і мы, "Малады фронт", як прыватныя асобы ўдзельнічаем у гэтым. Але арганізатарам трэба быць асьцярожнымі і быць адказнымі і за расчараваньне людзей. Гэтым працэсам нельга даць загінуць без паветра, таму што і людзі расчароўваюцца, і потым іх ужо складана наноў мабілізаваць у грамадзка-палітычную дзейнасьць. Былі сапраўды шыкоўныя акцыі, і, магчыма, варта зрабіць перапынак, даць людзям адпачыць і аднавіць гэта ўвосень".

Раней удзельнікамі падобных акцый былі як правіла актывісты палітычных арганізацый, часьцей менавіта моладзевых, у тым ліку і "Маладога Фронту". А тут у звычайных людзей расплюшчыліся вочы на тое, што адбываецца ў краіне, і менавіта ў гэтым каштоўнасьць такіх акцыяў, кажа Наста Палажанка:

"Я абсалютна перакананая, што ўлада гэтымі рэпрэсіямі, пастаяннымі пасадкамі рые сабе магілу. Таму што людзі ўсьведамляюць, што іх сусед, бізнэсовец, чыноўнік ці студэнт-аднагрупнік сеў на 15 сутак — таму што нязгодны з тым, што адбываецца ў краіне".

А на форумах групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" — сотні самых розных меркаваньняў. Сярод іх шмат крытычных і скептычных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG