Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўда: "Рада Макея" сябе не апраўдала


Грамадзка-кансультатыўная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі павінна перайсьці да непасрэднага дыялёгу паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю. З такой прапановай выступіла ініцыятыўная група, у якую ўвайшла частка сябраў рады. Яны лічаць, што пераход на новы фармат працы ў цяперашніх умовах непазьбежны.

Ранейшы статут рады дазваляе яе сябрам толькі функцыі экспэртаў. Яны даюць парады ў пытаньнях эканомікі і сацыяльнай сфэры. Да іхніх прапаноў улада можа прыслухоўвацца, а можа ігнараваць.

Зьмяніць такі парадак прапануе ініцыятыўная група. У яе складзе Алег Гулак, Жана Грышчанка, Юры Зісэр, Вячаслаў Оргіш ды іншыя, усяго дзесятак асобаў.

У размове са "Свабодай" Уладзімер Нісьцюк, які таксама ўваходзіць у групу, так пракамэнтаваў гэтую ініцыятыву:

Уладзімер Нісьцюк

"У сувязі зь цяперашняй сытуацыяй унутры краіны, у сувязі са стаўленьнем да нашай краіны на міжнароднай арэне ёсьць неабходнасьць узьняць беларускую нацыю на сумесныя дзеяньні, каб нейкім чынам уратаваць сытуацыю. Мне гэта адназначна зразумела. Таму неабходны дыялёг у грамадзтве паміж уладамі, у шырокім сэнсе гэтага слова, і грамадзянскай супольнасьцю. Калі такога дыялёгу ня будзе, мы ня зможам ані ўдасканаліць заканадаўства, ані зрабіць крокі на шляху эканамічных рэформаў і г.д.”.

Алег Трусаў таксама ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы. Ён кажа, што такая прапанова ўпершыню рабілася яшчэ ў студзені:

Алег Трусаў

“Мы рэгулярна зьбіраліся, зьвярталіся да спадара Макея. І нарэшце нашы прапановы пачутыя. Плянуецца рэформа нашай структуры. Магчыма, пад жнівень яна і адбудзецца”.

Пытаюся спадара Трусава, ці не фінансавы крызіс стаў штуршком да такой ініцыятывы:

“Усё ўплывае. Мы ж ня можам быць па-за межамі грамадзтва. Канечне, усё, што здараецца вакол нас, і ў сьвеце, і ў краіне, ня можа не ўплываць на канкрэтных людзей і арганізацый. Зразумела, уплывае”.

У палітоляга, прафэсара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Роўды стаўленьне да новай ініцыятывы рэзка адмоўнае:

Уладзімер Роўда

“Я шчыра думаў, што ў людзей, якія сталі ініцыятарамі гэтых крокаў, крыху больш сумленьня, калі можна так сказаць. На маю думку, ні пра якія рады, ні пра якія ініцыятывы, ні пра якія дыялёгі ня можа ісьці размова, пакуль ня вызваленыя палітзьняволеныя, пакуль у Беларусі працягваюцца палітрэпрэсіі, пакуль людзей хапаюць на вуліцах толькі за тое, што яны ў пэўны дзень выходзяць на вуліцы і маўчаць. І яны за гэта церпяць. Гэта ж — поўны абсурд. Як можна ў такіх умовах казаць пра дыялёг, пра магчымасьці рады?!”.

Палітоляг Уладзімер Роўда кажа, што, на ягоную думку, так званая рада Макея ня выканала сваіх функцыяў. І больш разумным было б думаць не пра яе рэфармаваньне, а пра яе скасаваньне:

“Мы добра ведаем “плённасьць” і “эфэктыўнасьць” дзейнасьці гэтай рады. Яна фактычна заваліла ўсе прапановы, якія ёй перадавалі прадстаўнікі той жа грамадзянскай супольнасьці. І закон аб выбарах ня быў папраўлены належным чынам, і закон аб СМІ, і шэраг іншых ініцыятываў. Яны былі праваленыя.

І, можа, пачынаць трэба не з ініцыятывы, а з пытаньня — ці наагул патрэбная такая рада? Яна стварае толькі мімікрыю ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў нейкіх палітычных працэсах”.



Пра стварэньне Грамадзка-кансультатыўнай рады было абвешчана на пачатку 2009 году. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта назваў яе “ўнікальнай пляцоўкай для абмену рознымі думкамі”.

12 лістапада 2009 году Макей заявіў, што прыпыняе працу рады ў зьвязку з заявамі ў мэдыях прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сябраў рады, што яна — “бутафорская” і “дэкляратыўная структура”. Затым праца рады аднавілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG