Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявяцца электронныя бранзалеты для кантролю за асуджанымі


Міністэрства унутраных спраў Беларусі укараняе GPS-бранзалеты для кантролю за месцазнаходжаньнем асуджаных.

Як паведамілі ва упраўленьні інфармацыі і грамадзкіх сувязей МУС, крымінальна-выканаўчыя інспэкцыі Ленінскага і Першамайскага РУЎС, а таксама Менскага РУЎС прыступілі да досьледнай эксплёатацыі сыстэм электроннага маніторынгу, які ўжываецца да асуджаных, якія маюць пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя установы адкрытага тыпу, паведамляе БелаПАН.

Сыстэма складаецца з базавай станцыі сувязі, якая ўсталёўваецца па месцы пражываньня асуджанага, і лёгкага электроннага бранзалета. Задача станцыі -- фіксаваць час уваходу і выхаду чалавека з зоны дзеяньня станцыі, спробы зьнішчэньня яе ці бранзалета. Адпаведная інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу перадаецца ў цэнтар маніторынгу.

На сёньняшні дзень такім чынам кантралюецца перамяшчэньне дзесяці асуджаных, у жніўні да іх дададуцца яшчэ пяцёра. У першую чаргу электронныя бранзалеты выкарыстоўваюцца асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўленьня волі, якія патрабуюць дадатковага кантролю. У асноўным супрацоўнікі міліцыі будуць адсочваць іх прысутнасьць дома ў вячэрні і начны час. Аптымальны тэрмін прымяненьня бранзалетаў - да паўгода.

Укараненьню навіны папярэднічала вывучэньне тэхналёгій і вопыту прымяненьня аўдыёвізуальных, электронных і іншых сродкаў кантролю і нагляду за асуджанымі ў Расеі, Ізраілі і Вялікабрытаніі, адзначылі ва упраўленьні інфармацыі.

У МУС разьлічваюць, што укараненьне GPS-бранзалетаў будзе спрыяць значнаму скарачэньню расходаў на ўтрыманьне асуджаных у месцах пазбаўленьня волі за кошт прызначэньня альтэрнатыўнага віду пакараньня - абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую установу адкрытага тыпу. Чакаецца таксама, што гэтая мера прывядзе да зьніжэньня рэцыдыўнай злачыннасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG