Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анціпенка: Галоўныя лекі ад тэрарызму — грамадзкі дыялёг


Алесь Анціпенка

Алесь Анціпенка

У красавіку гэтага году крывавы тэракт перажыў Менск, у ліпені — Осла. Як можа грамадзтва — у Нарвэгіі, Беларусі, любой іншай краіне — засьцерагчыся ад тэрарыстычных дзеяньняў адзіночак, людзей з экстрэмісцкімі схільнасьцямі, вар’ятаў? На гэтае пытаньне адказвае філёзаф Алесь Анціпенка:

“Найперш тут патрэбен дыялёг культураў, які павінен стала адбывацца ў любым грамадзтве менавіта з мэтай паразуменьня дзеля вырашэньня канфліктных пунктаў. Калі гаворка йдзе пра рэлігійныя непаразуменьні, розныя нацыянальныя ідэалёгіі, то трэба з разуменьнем і талерантна ставіцца да гэтых самых момантаў. Гэта, канечне, праблема адукацыі. Але ёсьць, безумоўна, і іншыя праблемы, бо, як мы бачым, тэрарызм часам выяўляецца ў дзеяньнях адзінак, асобаў, якія не абапіраюцца ні на якія палітычныя ці якія іншыя групоўкі, ні на паслугі “калегаў” з такімі самымі тэрарыстычнымі памкненьнямі. У дадзеным выпадку справа спэцслужбаў, хутчэй, — ведаць пра тое, што такія асобы з такімі схільнасьцямі могуць быць у грамадзтве”.

Сама тэма тэрарызму павінна, сярод іншых, шырока абмяркоўвацца ў грамадзтве, перакананы Алесь Анціпенка. На ягоную думку, спробы цяперашніх беларускіх уладаў паставіць грамадзтва пад татальны кантроль ня здолелі засьцерагчы краіну ад тэрарыстычных актаў:

“Татальны кантроль нічога не вырашае, а толькі вядзе да абмежаваньня свабодаў, як індывідуальных, гэтак і адносна выказваньня масавых настрояў, пратэстаў. Асновай вырашэньня такіх праблемаў павінен быць дыялёг, абмен думкамі ў грамадзтве, павінны быць вельмі шырокія публічныя дыскусіі на тэмы суіснаваньня з нацыянальнымі, рэлігійнымі меншасьцямі, абмеркаваньня праблем тэрарызму. На вялікі жаль, спроба вырашаць усе праблемы праз татальны кантроль — заўсёды спроба тых, хто пры ўладзе, умацаваць свае пазыцыі альбо ўсталяваць больш лёгкія спосабы маніпуляваньня грамадзтвам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG