Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Масавае яднаньне пасьля тэрактаў у Нарвэгіі


Осла. Каб ушанаваць памяць ахвяр двайнога тэракту, больш за 150 тысяч чалавек выйшлі з кветкамі ў руках

Осла. Каб ушанаваць памяць ахвяр двайнога тэракту, больш за 150 тысяч чалавек выйшлі з кветкамі ў руках

У гарадзкім судзе Осла завяршылася першае слуханьне ў справе аб падвойным тэракце, у якім вінавацяць 32-гадовага нарвэжца Андэрса Брэйвіка. Слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме і падоўжыліся каля 35 хвілін. Судзьдзя Кім Хегер прыняў рашэньне заключыць Брэйвіка пад варту на восем тыдняў, і адразу пасьля гэтага паліцэйскі канвой з арыштаваным пакінуў будынак суду.

На прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай пасьля закрытага слуханьня, судзьдзя паведаміла, што тэрарыст прызнаўся ў арганізацыі выбуху ля будынкаў ураду Нарвэгіі і ў расстрэле людзей у лягеры на востраве Утоя, але пры гэтым не прызнае сябе вінаватым. Андэрс Брэйвік патлумачыў, што зрабіў гэта, каб пачаць рэвалюцыю ў нарвэскім грамадзтве, якая перамагла б лібэральную іміграцыйную палітыку і распаўсюджаньне ў краіне ісламу. Акрамя таго, Брэйвік у судзе заявіў, што на свабодзе засталіся дзьве групы яго саўдзельнікаў.

У першы дзень судовых слуханьняў зьявілася інфармацыя аб тым, што ў Польшчы арыштаваны мужчына, які падазраецца ў датычнасьці да тэрактаў у Нарвэгіі - менавіта ў яго Андэрс Брэйвік мог купіць хімікаты, з дапамогай якіх вырабляў бомбы. Аднак пазьней пракуратура польскага гораду Ўроцлава абвергла паведамленьне пра затрыманьне ўладальніка крамы хімікатаў, паведаміўшы, што ён праходзіць у справе сьведкам.

Высьветлілася таксама, што спэцслужбы Нарвэгіі яшчэ ў сакавіку бягучага году ўнесьлі Брэйвіка ў сьпіс патэнцыйна небясьпечных асоб, паколькі ён незаконна заказваў праз Інтэрнэт хімічныя рэчывы. Аднак прадстаўнікі нарвэскіх спэцслужбаў заявілі, што не распачалі ніякіх дзеяньняў у адносінах да Андэрса Брэйвіка ў сувязі з адсутнасьцю неабходнай інфармацыі.

Журналістам удалося адшукаць бацьку тэрарыста, Енса Брэйвіка, нарвэскага дыплямата ў адстаўцы, які жыве ў францускай вёсцы Курнанэль. Высьветлілася, што Енс Брэйвік ня бачыў свайго сына больш за 15 гадоў, а пра тэракты ў Нарвэгіі даведаўся з інтэрнэту. Бацька Андэрса Брэйвіка паведаміў журналістам, што ўзрушаны жудаснай весткай, і заявіў, што яго сыну трэба было скончыць жыцьцё самагубствам пасьля таго, як ён забіў столькіх нявінных людзей.

Паліцыя Нарвэгіі перагледзела і колькасьць ахвяр двайнога тэракту, абвясьціўшы аб тым, што загінулі 76, а не 93 чалавекі, як паведамлялася раней. Прычына недакладнасьці, са словаў паліцыі, тлумачыцца цяжкасьцямі ў атрыманьні актуальнай інфармацыі з выспы Утоя, дзе былі расстраляныя ўдзельнікі маладзёвага палітычнага форуму - раней паведамлялася, што там загінулі 86 чалавек. У ліку ахвяр тэрарыста апынуліся зводны брат нарвэскай кронпрынцэсы Мэтэ-Марыт, паліцыянт Трунд Бэрнтсэн, ён быў застрэлены Брэйвікам, калі спрабаваў спыніць яго падчас бойні на востраве.

Увечары 25 ліпеня, на вуліцы нарвэскай сталіцы выйшла больш за 150 тысяч чалавек, каб ушанаваць памяць ахвяр двайнога тэракту. Дэманстранты прыехалі ў Осла з усёй краіны, у многіх у руках былі паходні і кветкі - у асноўным, чырвоныя і белыя ружы. Журналісты падлічылі, што апошні раз такая колькасьць нарвэжцаў выходзіла на вуліцы ў 1945 годзе -- пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны.

Перад натоўпам, які сабраўся каля будынка гарадзкой мэрыі, выступіў з прамовай спадчынны прынц Хокан, які сказаў, што нарвэжцы павінны згуртавацца для абароны ад жорсткасьці. А прэм'ер-міністар Нарвэгіі Енс Сталтэнбэрг заявіў, што ён шчасьлівы жыць у краіне, дзе ў цяжкія дні людзі выходзяць на вуліцы з кветкамі, каб разам абараніць дэмакратыю:

- Людзкое мора, якое я бачу перад сабой тут сёньня, і тая цеплыня, якая зыходзіць ад людзей па ўсёй краіне, надае мне ўпэўненасьць. Нарвэгія выстаяла ў гэтым цяжкім выпрабаваньні. Зло можа забіць асобнага чалавека. Але зло ніколі ня можа перамагчы цэлы народ.

Дэманстрацыі ў памяць аб ахвярах тэракту 22 ліпеня прайшлі ў многіх гарадах Нарвэгіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG