Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі паэт Славамір Адамовіч ужо некалькі гадоў жыве ў Нарвэгіі. Свае назіраньні за норавамі нарвэжцаў і прыбышоў зь іншых частак сьвету, за дачыненьнямі мясцовых і мігрантаў, якія нярэдка праяўляюцца ў ксэнафобіі, Адамовіч апісаў у рамане «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана», які з працягам друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў». Беларускі раман стварае зразумелы кантэкст нарвэскай трагедыі 22 ліпеня.

Тутэйшая звалка камуны “Сальтдал” адкрывае мне, дапытліваму чужынцу, элемэнтарнае жыцьцё сёньняшніх нашчадкаў колішніх вікінгаў. Фактычна я магу прасачыць па адкідах жыцьцё таго ці іншага роду ад нараджэньня да сьмерці. Вось, напрыклад, у сям’і якога-небудзь Юна Ларсэна падрасла дачка Брунхільда, яе рыхтуюць да канфірмацыі. Аднойчы дзяўчына-падлетак бярэ пакет і згружае ў яго ўсю сваю дзявочую драбязу яшчэ з часоў хрышчэньня. Першыя завушнічкі і першыя пярсьцёнкі, купленыя мамай на ейнае 6-годзьдзе; здымачкі памерам 3х4, яшчэ чорна-белыя, на адваротным баку якіх пазначана: “Б.Л., 10 гадоў, 1971”; цэлая жменя рознакаляровых гузічкаў і караляў, сярод якіх я намацваю і срэбны ланцужок з сэрцайкам…

Такіх пакецікаў я вунь колькі дасьледаваў! Збольшага ў іх адно і тое ж: драбяза, якая зьбіралася ў дзіцячым пакоі ад нараджэньня да канфірмацыі.

У пакетах дарослых дам часта хаваюцца сьведчаньні сямейных драм. “Дарагому Уле ад Эльзы. На памяць. 1962”. Колькі падобных надпісаў прачытаў я на розных — чорна-белых і каляровых — здымках за час, пакуль я бэрсэркам хаджу на гэтай звалцы. Дзе вы цяпер, Уле і Эльза? Чаму перасталі вам быць дарагімі вашы здымкі, альбомы, кніжкі пра каханьне з дарчымі надпісамі. Няўжо-ткі нічога не каштуе здымак блізкага чалавека, які некалі быў каханым? Няўжо сапраўды людзкая памяць такая кароткая? Няўжо мне выпала быць апошнім сьведкам вашага былога каханьня — тут, на месцы яго апошняга спачыну. Ужо на іншую — сваю — памяць я забяру вашыя чорна-белыя здымкі 60-х. Астатняе, як вы і рашылі, я пакіну на гэтай невялікай запалярнай звалцы, што ляжыць паміж двума горнымі хрыбтамі, паміж якімі, у салёнай даліне аднайменнай камуны, пражылі свой век дзясяткі пакаленьняў вашага роду…

Праз некалькі дзён работнікі звалкі перасыплюць гэты ўчастак спэцыяльнай сольлю, якая дапамагае распаду неарганічных матэрыялаў. Потым трактарыст утрамбуе пакецікі зь недавыкарыстанай пудрай, крэмам “Nivea”, старымі шампунямі: пройдзецца па вашай памяці і вашым каханьні і ўрэшце засыпле іх скальным халодным друзам. І толькі некалькі здымачкаў дзяўчыны Эльзы з шыньёнам на русай галоўцы і хлопца Уле з прычоскай “пад Бітлоў” застануцца ў маім архіве, каб сьведчыць, што вы ўсё ж былі…

Самае сумнае, калі зазіраеш у пакецікі бабулек. Гэта значыць, што іх ужо няма, а ўнукам бабуліна драбяза тым больш не патрэбна, калі яны і сваю не берагуць.
У бабуліных пакеціках — старызна ўсяго 20 ст.: — карычневыя грабеньчыкі, модныя ў 30-х–50-х; мэталічныя пярсьцёнкі з устаўкамі з танных камянёў; старыя скукожаныя рыдыкюльчыкі, якія служылі сваім гаспадыням яшчэ да разрыву уніі са Швэцыяй у 1905-м; драўляныя пацеркі-ружанцы з алюмініевымі крыжыкамі; дэкаратыўныя талерачкі і падсьвечнікі з алюмінію… Доўгія гады гэтая драбяза старэла разам са сваімі ўладальніцамі, падтрымліваючы ў іх агмень памяці. І вось цяпер усё: прыняўшы з маіх рук апошняе чалавечае цяпло, гэтая драбяза сьледам за гаспадынямі вяртаецца ў прах, адкуль усё яно і паўстала.

Цалкам тэкст можна чытаць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG