Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У ліпені адмененыя зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі на шэраг харчовых тавараў, часова ўведзеныя распараджэньнем ураду краіны. Прадаўцы ўнівэрсамаў і пакупнікі заяўляюць, што рэгуляванае цэнаўтварэньне прайшло для іх незаўважна, а цэны растуць надалей.

Надпісы "Цэны зьніжаныя" зь вітрынаў харчовых крамаў паздымалі — тэрмін адміністрацыйнага рэгуляваньня цэнаў на сацыяльна значныя тавары завершаны. Аднак цэны расьлі ўвесь час, незалежна ад кантролю за іх утварэньнем, кажа загадчыца аддзелу ў краме "Цэнтральны" Дар'я Высоцкая:

"Рост коштаў, вядома, ёсьць, але ўсё залежыць ад росту цэнаў закупу. А што тычыцца гандлёвых надбавак, то на 2% цэны падвысіліся — так, як і было да таго рэгуляваньня коштаў. А на некаторыя тавары сапраўды значны рост, асабліва на замежныя — алей, каву. Што да беларускіх прадуктаў, то гэтак усюды — па ўсёй краіне ўсё расьце і ўсё падвышаецца".

У сваю чаргу, пакупнікі менскіх крамаў не вылучаюць павелічэньня коштаў выключна на прадукцыю замежнай вытворчасьці: беларускія прадукты харчаваньня таксама даражэюць і шмат для каго ўжо амаль недаступныя. Гутару з наведнікамі крамы "Цэнтральны":

Карэспандэнтка: "Ці заўважылі вы зьмену коштаў? Калі яны мяняюцца, то ў які бок?"
Паглядзіце вунь направа — каўбаса па 60 тысяч. Бачылі вы такі цуд, як у нас? Прыйдзеш празь дзень — ужо зусім іншыя цэны.

Спадарыня: "Вядома, мяняюцца: падрыхтуеш у краме 50 тысяч, а плаціш 100. З кожным днём цэны растуць і растуць. Вядома, вельмі цяжка. І гэта ня толькі мне — усе так людзі кажуць".

Спадар: "Цэны? Ой, мяняюцца штодня! Паглядзіце вунь направа — каўбаса па 60 тысяч. Бачылі вы такі цуд, як у нас? Прыйдзеш празь дзень — ужо зусім іншыя цэны. І ня толькі на мясныя — на ўсё мяняецца. Грэчка па 25 тысяч — ну, што гэта такое? А пэнсіі паднялі на дзесяць адсоткаў — і што, гэта можна параўнаць? Што гэта за павелічэньне? І дакуль гэта будзе, скажыце?".

Спадарыня: "Безумоўна, усе бачаць, што кошты павялічваюцца. Прычым неяк непрадказальна. Да прыкладу, той жа бэнзін — трымаўся, трымаўся кошт, а празь некаторы час паднялі. Каб людзі не бунтавалі, паднялі крыху, пасьля яшчэ крыху паднімуць, рублёў на сто, пасьля яшчэ — і гэтак увесь час. Дык вось непрыемна тое, што нас, прабачце, за лохаў маюць, якія нічога не разумеюць — вось што абурае. А мы ўсё разумеем".

У выніку падвышэньня цэнаў на паліва днямі чарговую акцыю пратэсту "Стоп-бэнзін" арганізавалі аўтааматары Менску. Таксама супраць эканамічнага і палітычнага крызісу ў Беларусі праходзяць штотыднёвыя маўклівыя акцыі пратэсту, наладжаныя інтэрнэт-супольнасьцю "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".
XS
SM
MD
LG