Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракты ў Осла і ў менскім мэтро маюць агульныя рысы і даюць падставы казаць пра новую пагрозу для грамадзкай бясьпекі з боку псыхічна неўраўнаважаных фанатыкаў-адзіночак. Да такой высновы прыходзяць беларускія экспэрты.

Тэракты ў Осла і ў менскім мэтро былі ўчыненыя, найбольш верагодна, тэрарыстамі-адзіночкамі. У абодвух выпадках выбуховыя прыстасаваньні былі самаробныя. У выніку абодвух тэрактаў — вялікая колькасьць пацярпелых. Тэрарыст у Осла бесьперашкодна пранёс выбухоўку да ўрадавага будынка, месца тэракту. Гэтак жа сама пранёс выбухоўку на станцыю мэтро "Кастрычніцкая" менскі тэрарыст. У тым і другім выпадку злачынцаў злавілі вельмі хутка. Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб параўноўвае нарвэскага тэрарыста Андэрса Брэйвіка зь менскімі.

"Мне здаецца, што ў таго былі палітычныя матывы, незадавальненьне ўладай, палітыкай і гэтак далей. А што было ў тых, хто ўзарваў менскае мэтро, нам жа ніхто нічога ня кажа. Ці яны былі незадаволеныя ўладай, ці былі незадаволеныя людзьмі. Чаму яны гэта зрабілі? Ці гэта як вынік іх хваробы? Можа, толькі пасьля суду гэта высьветліцца. Ёсьць пагроза неўраўнаважаных, адносна хворых людзей для насельніцтва. Яны атрымліваюць адукацыю і доступ да інтэрнэту. Яны могуць зрабіць выбуховае прыстасаваньне і ўзарваць — як бачым, гэта ня вельмі складана. Трэба неяк выдзяляць гэтых людзей, вывучаць. І рабіць захады, каб прадухіліць такія магчымасьці".

Пісьменьнік і палітык, генэрал Мікалай Чаргінец таксама лічыць, што існуе пагроза бясьпецы з боку псыхічна неўраўнаважаных фанатыкаў-адзіночак. Маўляў, псыхалёгія людзей у сьвеце зьмяняецца. Ён не выключае, што нарвэскага тэрарыста могуць прызнаць псыхічна хворым. Спадар Чаргінец лічыць, што людзей трэба заклікаць "да нармальнай пільнасьці". Ён бачыць падабенства ў абодвух тэрактах:

"На першы погляд — так, ёсьць нешта агульнае. За выключэньнем, магчыма, матываў. Калі нарвэжац заявіў, і трэба яшчэ правяраць яго матывы, што ён ледзь не з палітычных матываў ваюе з грамадзтвам, то наш крыху ўжо ў іншым пляне. Гэта ўжо больш падобна да страшэннага хуліганства, магчыма — з палітычным падтэкстам, які сьледзтва абавязана праверыць. Бывае, ёсьць пакрыўджаны на грамадзтва і хацеў усім зрабіць гадасьць. Вось ён і зрабіў".

Мечыслаў Грыб адзначае, што падобныя тэракты адбыліся ў краінах, абсалютна розных што да грамадзка-палітычнага ладу.

"Нарвэгія — гэта адна з самых дэмакратычных краінаў, дзе выконваецца Канстытуцыя і захоўваюцца правы чалавека, дзе можна знайсьці прытулак усім пакрыўджаным. Беларусь — гэта процілеглая краіна па сваім дзяржаўным і палітычным ладзе. Але і там, і там людзі ўчыняюць тэракты. Нарвэжац нібыта быў незадаволены, што мусульмане, іншаземцы акупуюць яго краіну. У нас маглі быць іншыя пытаньні".

Што да менскіх тэрарыстаў, то, паводле спадара Грыба, пакуль зьвестак недастаткова. І калі гэтая інфармацыя будзе закрытай, ня будзе абмяркоўвацца, то гэта можа прывесьці да больш цяжкіх наступстваў.

"Пакуль жа невядома, хворыя яны ці здаровыя і супраць каго яны выступалі — супраць народу, ці ўлады, ці наагул яны ненавідзелі ўсё чалавецтва. Ці гэта ім прыносіла задавальненьне, калі яны калечылі і забівалі людзей. Мы ж нічога ня ведаем. Нехта пачынае нешта выказваць, яго цягнуць у пракуратуру, папярэджваюць: вы па гэтым пытаньні інтэрвію не давайце і не разважайце. Вось нашы падыходы".

Ад выбуху ў мінскім мэтро 11 красавіка 2011 году загінула 15 чалавек, каля 200 пацярпелі. Як паведамлялася, двум грамадзянам Беларусі прад'яўлена абвінавачаньне па факце тэрарызму — частка 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі. У Нарвэгіі ў выніку выбуху ў Осла і страляніны ў моладзевым лягеры, паводле папярэдніх дадзеных, загінулі 97 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG