Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Вінаградава: "Адзінае, што нагадвала турму — краты, якія закрывалі неба ў дворыку"


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

22 ліпеня ў Івацэвіцкай калёніі "Ваўчыныя норы" адбылося вясельле сябра выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Някляева, актывіста кампаніі "Гавары праўду" Паўла Вінаградава і Сьвятланы Гарохавік. Павал асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі. Ён і яго каханая вырашылі не чакаць вызваленьня, а пажаніцца ў калёніі.

Карэспандэнт "Свабоды" паразмаўляла са Сьвятланай Вінаградавай адразу ж пасьля спатканьня.

Трое сутак доўгатэрміновага спатканьня, якія дазваляюцца паводле закону, сканчаюцца а 17-й гадзіне, але на панядзелак у Івацэвіцкай калёніі прызначаны санітарны дзень, і Сьвятлане дазволілі знаходзіцца там толькі да 10-й раніцы. Вось што яна распавяла:

"Мяне зараз сябры вельмі здорава сустракалі на машыне, упрыгожанай каляровымі балёнікамі і бел-чырвона-белым сьцяжком".

Карэспандэнтка: "Сьвятлана, прыміце нашы самыя шчырыя віншаваньні. І распавядзіце, як гэта ўсё адбывалася, ці сапраўды гэта было ўрачыста?".

"Гэта не было сьвяточна. Сама цырымонія доўжылася хвіліны тры. Значна больш часу занялі дагляд і пропуск нас у калёнію. Прысутнічаць дазволілі маім бацькам, бацьку Пашы і двум сьведкам. Супрацоўніца ЗАГСу зрабіла кароткую прамову і ажаніла нас. Маршу Мэндэльсона не было..."

Павал Вінаградаў
Карэспандэнтка: "Зразумела, што ў турме нельга насіць пярсьцёнкі. А ў пэрспэктыве будуць у вас заручальныя пярсьцёнкі?".

"Я спадзяюся, абавязкова будуць. Калі Павал выйдзе на волю".

Карэспандэнтка: "Сьвятлана, а чаму Павал не захацеў пераапрануцца? У цябе была такая прыгожая чырвоная сукенка, такая ўрачыстая і ўзьнёслая, а ён — у робе..."

Два спатканьні ў год, ня лічачы вясельнага. Мы заплянуем, што ён напіша заяву на наступнае спатканьне на верасень

"Так усё хутка адбывалася, што мы палічылі — няма сэнсу марнаваць час на пераапрананьне. Пасьля росьпісу кіраўніцтва калёніі дазволіла бацькам і сьведкам паразмаўляць з Паўлам. Мы ўсе разам размаўлялі прыкладна паўгадзінкі. Потым нас усіх вывелі з тэрыторыі калёніі, і я адна ўжо вярнулася на спатканьне. Спатканьне адбывалася ў будынку, вельмі падобным да студэнцкага хостэла, усяго там 12 пакояў, у якіх сваякі разам са зьняволенымі могуць знаходзіцца, кухня, дворык, дзе можна гуляць, пакой для адпачынку з тэлевізарам. У кухні — мікрахвалёўка, пліта, лядоўня, посуд. Карацей, умовы нядрэнныя. Ніякіх праверак не было. Увагі з боку адміністрацыі калёніі мы да сябе не адчувалі. Наагул, у гэтым будынку перасоўваньні не абмяжоўваліся — можна было хадзіць, гуляць і днём, і ўначы. Адзінае, што нагадвала пра турму — гэта краты ў дворыку, якія закрывалі неба. А так было адчуваньне, што мы на волі...".

Карэспандэнтка: "Кажуць, у турме адначасова з вамі яшчэ адно вясельле было?".

"Так, было. У іх таксама прыкладна па такой сама схеме ўсё прайшло".

Карэспандэнтка: "Сьвятлана, а як у Пашы настрой? Што ён наагул распавядаў пра ўмовы ўтрыманьня?".

"Павал трапна выказаўся, што гэта вельмі дрэнны санаторый. Ніякага ціску ў адносінах да сябе ён не адчувае. Адзінае — павышаная ўвага, яго пэрыядычна клічуць на розныя гутаркі. А са спатканьня яму не дазволілі вынесьці ніякіх прадуктаў наагул. Усім дазволілі, а яму аднаму — не".

Карэспандэнтка: "Нават пачаставаць сукамэрнікаў не дазволілі?".

"Не. Наагул нічога не дазволілі. І патлумачылі гэта тым, што, маўляў, "Вінаградаў, твае прадукты сапсуюцца, і ты атруціш увесь атрад". Вось такая была фармулёўка... А наагул — Павал кажа, што па ўмовах утрыманьня там адносна нармальна, харчаваньне — адно з самых лепшых у параўнаньні зь іншымі калёніямі".

Карэспандэнтка: "А ці ёсьць магчымасьць кантактаваць з калегамі па няшчасьці — іншымі палітвязьнямі?".

"У іх атрады адасобленыя адзін ад аднаго сеткамі, праз гэтыя сеткі можна кантактаваць. Ён кантактуе з Лобавым, з Францкевічам. Казаў, што зараз прывезьлі туды Мірзаянава, але Фёдар пакуль у карантыне".

Карэспандэнтка: "Цяпер як жонцы колькі разоў у год будуць дазваляць вам сустракацца?".

"Два спатканьні ў год, ня лічачы вясельнага. Мы заплянуем, што ён напіша заяву на наступнае спатканьне на верасень".

Павал прасіў выказаць падзяку ўсім за падтрымку. Ён адпачывае і назапашвае сілы для далейшай барацьбы".
XS
SM
MD
LG