Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адны – неўязныя, другія – невыязныя


Шмат хто з удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня 2010 году ня можа пасьля суду выехаць за межы Беларусі. Прычым, гэта датычыць і тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяньня падпіскі аб нявыезьдзе.

Актывіст каманды экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк расказаў "Свабодзе", як у суботу, 23 ліпеня, спрабаваў зьезьдзіць у Вільню:

"У мяне ў пятніцу ўступіў у сілу прысуд. То бок у мяне скончыўся тэрмін падпіскі аб нявыезьдзе. І цяпер, паколькі я асуджаны ўмоўна, у мяне застаецца толькі адно абмежаваньне — нельга выяжджаць болей чым на месяц.

У суботу я купіў сабе квіток на цягнік да Вільні і паехаў. Даехаў да Гудагая, дзе мяне і зьнялі зь цягніка".

Памежнікі патлумачылі свае дзеяньні наступным чынам, працягвае Сяргей Вазьняк:

"У нашай базе напісана, што супраць вас узбуджана крымінальная справа. Я ім адказваю, што прысуд ужо дзейнічае. А яны адказваюць: прэтэнзіі не да нас. І сапраўды, да іх у мяне прэтэнзіяў няма. А ёсьць да МУС. Бо, як разумею, гэта вынік бюракратычнай працэдуры, калі дадзеныя абнаўляюцца са спазьненьнем".

Спадар Вазьняк зьбіраецца давесьці гэтую справу да канца:

"Калі ўносіць у базу, дык гэта робіцца ў той жа дзень. Будзе, напрыклад, рашэньне суду, што ты вінен крэдыт, і цябе адразу ўключаюць у сьпіс невыязных. Мне цяпер проста цікава, колькі гэта цяганіна будзе доўжыцца? Выберу дзень, дзесьці сёньня-заўтра, і пайду ў МУС, каб дазнацца, колькі гэтая працэдура будзе цягнуцца — дзень, тыдзень, месяц, год?".

Актывіст выбарчай кампаніі былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец, які асуджаны да "хіміі", кажа, што такі прысуд абсалютна не ўплывае на ягоныя пляны на летні адпачынак:

"Пра адпачынак улетку я ўжо забыўся са школьных часоў. Таму ўсё жыцьцё — гэта праца, якая вызначаная толькі тым, дзе я — у паездках, за кратамі альбо дома. А прысуды калі і ўплываюць на гэта, дык толькі як рэальнасьць, якую трэба прыняць. Дома — значыць, дома. За кратамі — значыць, за кратамі. А адпачынак як панятак у мяне адсутнічае".

Павал Севярынец кажа, што чакае накіраваньня на "хімію":

"Ужо павінны накіроўваць. Звычайна ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў яны шукаюць канкрэтнае месца. Я ўжо паслаў заяву ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. Напісаў, што ёсьць людзі, якія гатовыя ўзяць мяне на працу. Але, хутчэй за ўсё, гэта ня возьмуць пад увагу, а накіруюць туды, куды палічаць патрэбным".

Карэспандэнт: "Можа, на тое ж самае месца? Ці гэта малаверагодна?".

"Можа, можа быць. Ня выключана".

Падпіска аб нявыезьдзе ніяк не ўплывае на летні адпачынак яшчэ аднаго фігуранта Плошчы – Анатоля Лябедзькі, які працаваў у камандзе Яраслава Раманчука:

"Я адпачываю звычайна ўзімку. Знаходжу тыдзень, каб пакатацца на лыжах. А ўвесь астатні час у мяне так ці інакш у працы.Летам я апошні раз адпачываў недзе ў 1995 годзе ў Туапсэ".

"Калі б у мяне і была магчымасьць паехаць зараз у адпачынак, я б гэтага не зрабіў" – сказаў сёньня "Свабодзе" Уладзімер Някляеў. І патлумачыў, чаму:

"Палітыка, калі ёй займацца ўсур'ёз, асабліва беларуская палітыка, у якой цяпер робіцца тое, што робіцца, калі ў турмах сядзяць людзі, калі сыпецца нават тое, што яшчэ нядаўна здавалася ўстойлівым, не дазваляе ўсё гэта кінуць і зьехаць. Якраз зараз трэба нешта майстраваць дзеля таго, каб нешта зрабіць увосень і зімой".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG