Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лісты з калёніі ад Аляксандра Класкоўскага ідуць па 12 дзён


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Карэспандэнцыя Аляксандра Класкоўскага, асуджанага па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня, даходзіць з калёніі ў Шклове выбарачна і са спазьненьнем. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў яго бацька, журналіст Аляксандар Класкоўскі.

"Я атрымаў ад яго ліст 25 ліпеня. Мяркуючы па лісьце, Аляксандар пісаў яго ў ноч з 12 на 13 ліпеня, штэмпэль на пошце пазначаны 23 ліпеня. Такім чынам, дзён дзесяць ліст знаходзіўся невядома дзе", — сказаў Класкоўскі-старэйшы.

Ён таксама паведаміў, што за апошнія некалькі дзён лісты са шклоўскай калёніі атрымалі яго дачка і Марына Адамовіч, грамадзянская жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча (Класкоўскі і Статкевіч праходзілі па адной крымінальнай справе. — БелаПАН.) "Характэрна, што лісты прыйшлі пасьля таго, як трывогу з-за іх адсутнасьці ўзьнялі СМІ, а я пазваніў нампаліту ў калёнію", — заўважыў бацька асуджанага.

Класкоўскі таксама мяркуе, што выпісаныя газэты да Аляксандра не даходзяць. "Хутчэй за ўсё, вакол сына ствараюць інфармацыйную блякаду — такое было і ў СІЗА КДБ. Свае лісты Аляксандар піша вельмі асьцярожна. Па іх можна меркаваць, што спачатку ў калёніі стаўленьне было больш ляяльнае. Затым, відаць, пасьля каманды з гары стаўленьне зрабілася больш жорсткім, ён ня можа пазваніць сваякам", — сказаў журналіст.

У сваім лісьце Аляксандар Класкоўскі адзначае праблему з карэспандэнцыяй як найбольш актуальную. Ён выказаў надзею на тое, што "пасьля разгляду касацыйнай скаргі стане звычайным зьняволеным і зможа ўбачыцца з жонкай і малодшым сынам".

26 траўня суд Ленінскага раёну Менску прызнаў Аляксандра Класкоўскага вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх; зьнявага прадстаўніка ўлады; самавольнае прысваеньне званьня або ўлады службовай асобы. Яму прысудзілі пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Менскі гарадзкі суд разгледзеў касацыйную скаргу Класкоўскага, пакінуўшы прысуд безь зьмяненьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG