Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Саньнікава этапуюць у наваполацкую калёнію гэтай ноччу

  • БелаПАН

Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Андрэя Саньнікава этапуюць у наваполацкую калёнію (Віцебская вобласьць) у ноч на 26 ліпеня. Пра гэта паведаміла яго жонка журналістка Ірына Халіп.

Напярэдадні адпраўкі ў калёнію ёй далі дзьвюхгадзінную сустрэчу з мужам. Паводле слоў Халіп, стан здароўя Саньнікава нармальны. "Зараз ён адчувае сябе нармальна, на шчасьце. Усе яго праблемы, накшталт падагры, боляў у суставах, зараз крыху аслаблі. Вядома, этап, дарога — гэта вельмі цяжка. Але тым не менш ён настроены бадзёра", — падкрэсьліла жонка палітыка.

Саньнікаў "выглядае выдатна, ні сэкунды не шкадуе пра тое, што адбылося". Да "палітычных" зьняволеных стаўленьне ў сукамэрнікаў добразычлівае, Саньнікаў "настроены вельмі аптымістычна і ўпэўнены, што вельмі хутка ўсе выйдуць на волю", – сказала Халіп.

Паводле яе слоў, з 12 чалавек, якія сядзелі ў камэры разам з Саньнікавым, пяцёра — былыя супрацоўнікі МУС. "Ён сьмяяўся і казаў, маўляў, усё як у жыцьці: на аднаго чалавека — пяць міліцыянэраў".

14 траўня суд Партызанскага раёну Менска прыгаварыў Саньнікава да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Менскі гарадзкі суд пакінуў без задавальненьня касацыйную скаргу палітыка. Экс-кандыдат у прэзыдэнты прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

Ірына Халіп у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках прыгаворана да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Суд прызнаў яе вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўным удзеле ў іх. Касацыйная скарга журналісткі таксама адхілена Мінгарсудом.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG