Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкая Беларусь разьвіталася з кардыналам Казімірам Сьвёнткам


У катэдральным касьцёле ў Пінску адбылася пахавальная сьвятая імша памяці кардынала Казіміра Сьвёнтка. Жалобныя ўрачыстасьці распачаліся ў менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі ў суботу. Дзеля гэтага нябожчыка адмыслова прывозілі ў Менск зь Пінску, дзе ён памёр 21 ліпеня на 97 годзе жыцьця.

Жалобны картэж на прыступках менскага архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі сустракаў арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч разам з духавенствам і шматлікімі вернікамі. Пад касьцёльныя званы труну ўнесьлі ў сьвятыню і ўсталявалі пры алтары. Як падкрэсьліў у сваёй прамове Тадэвуш Кандрусевіч, гэта было ня толькі разьвітаньне вернікаў з кардыналам, але і ягонае разьвітаньне з архікатэдрай, для якой Казімір Сьвёнтак зрабіў вельмі шмат:

"Не магло быць пахаваньня толькі ў Пінску бязь менскай архікатэдры. Катэдры, якую ён вельмі любіў, якую ён адбудаваў. Ты шмат разоў уваходзіў у гэтую катэдру, не зважаючы на свой узрост, ты ўлятаў сюды як вецер. Сёньня ты ўвайшоў сюды апошні раз, увайшоў на плячах сьвятароў, якіх ты высьвяціў, зь якімі працаваў. І сёньня мы схіляем галовы перад табою, просячы Божай міласэрнасьці".

Разьвітацца з кардыналам Казімірам Сьвёнткам у менскі архікатэдральны касьцёл прыйшлі духоўныя герархі зь Літвы і Расеі, дэлегацыя Беларускай праваслаўнай царквы, высокапастаўленыя чыноўнікі. Тэлеграму на разьвітаньне даслаў папа рымскі Бэнэдыкт ХVІ:

"Узношу малітвы да Бога, каб ён даў вечны спачын гэтаму рупліваму і шчыраму пастыру. Духоўна яднаюся з болем дыяцэзіяльнай супольнасьці, у якой ён зь вялікім дбаньнем зьдзяйсьняў сваё біскупскае служэньне".

Кветкі і сьвечкі да труны памерлага архіпастыра несьлі шматлікія вернікі, якіх касьцёл на жалобнай імшы нават не ўмясьціў:

"Сёньня мы смуткуем разам з усёй хрысьціянскай супольнасьцю Беларусі, бо мы страцілі сапраўднага правадыра і пастыра. Але мы таксама і радуемся, бо мы адчуваем, што ён трапіў адразу да свайго Айца нябеснага — зьведваем тыя ж пачуцьці, як і падчас сьмерці Яна Паўла ІІ. І ўсе мы спадзяемся, што кардынал Казімір Сьвёнтэк будзе ўзнагароджаны ў небе за ўсе тыя цяжкасьці, якія ён сустрэў на сваім жыцьцёвым шляху".

"Гэта чалавек такой глыбокай хрысьціянскай веры, якую зараз цяжка сустрэць. Гэта прыклад сапраўднай веры, на якую нам усім трэба раўняцца. Няхай Пан Бог яму аддзячыць у вечнасьці і дасьць вечны супакой ягонай душы".

У Менску труна зь целам памерлага кардынала заставалася цягам дня суботы. У нядзелю з архіпастырам разьвітваліся ў Пінску. Пасьля разьвітальнай жалобнай імшы Казіміра Сьвёнтка пахавалі ў крыпце пінскага касьцёла.








Разьвітаньне з кардыналам Казімірам Сьвёнткам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:34 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG