Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адказ на тэракт – больш адкрытасьці і дэмакратыі»


Гейр Фліке
Гейр Фліке
Пра рэакцыю нарвэскага грамадзтва на тэрарыстычныя атакі мы папрасілі распавесьці дасьледніка Нарвэскага інстытуту міжнародных адносінаў Гейра Фліке.

Юры Дракахруст: Наколькі людзі ў Нарвэгіі вераць у тое, што тэрарыстычныя напады ў Осла і на Ўтоя -- справа рук тэрарыста-адзіночкі, што за ім ніхто не стаіць?

Гейр Фліке: Паводле апошняй вэрсіі -- гэта сапраўды адзіночка і за ім ніхто не стаіць. Але для грамадзтва гэта насамрэч ня так важна. Для грамадзтва самае важнае - гэта салідарнасьць, мабілізацыя супраць гэтага злачынства. Я бачу гэтую салідарнасьць.
Людзі гавораць, што нам трэба больш дэмакратыі, больш адкрытасьці. Прэм'ер-міністар Енс Столтэнбэрг вельмі дакладна сказаў учора ў царкве, што нарвэскае грамадзтва застанецца адкрытым, але наіўнасьці ў нас больш ня будзе пасьля гэтага тэракту.

Дракахруст: Ці прыгадваецца ў нарвэскім грамадзтве досьвед красавіцкага тэракту ў менскім мэтро? Паміж нарвэскім і беларускім тэрактамі існуе падабенства ў тым сэнсе, што паводле афіцыйных вэрсіяў абодва зрабілі тэрарысты-адзіночкі.

Фліке: Я ведаю, што і ў беларускім грамадзтве тэракт спарадзіў салідарнасьць на карысьць таго, каб грамадзтва стала больш адкрытым, каб людзі мелі больш дэмакратыі.

Дракахруст: Вы кажаце пра большую адкрытасьць і дэмакратыю. Але не зусім зразумела, як бы большая адкрытасьць і дэмакратыя маглі б прадухіліць такія тэрарыстычныя забойствы. Наколькі шырока ў Нарвэгіі абмяркоўваюцца іншыя адказы, кшталту абмежаваньня іміграцыі і ўмацаваньня спэцслужбаў?

Фліке: Я кажу пра тое, што гавораць у нашых СМІ. Нарвэская грамадзтва складанае. Зразумела, што тыя, хто павінны прадухіляць такія напады, будуць і ў будучыні працаваць над гэтым. Але асаблівасьць гэтага тэракту ў тым, што яго ніхто ня мог прадухіліць. Я так мяркую, па меншай меры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG