Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрарыст Андэрс Брэйвік, які забіў 93 асобы ў Нарвэгіі, хацеў "пераменаў у грамадзтве". Паводле ягонага ўласнага маніфэсту, Брэйвік наведваў Беларусь і вывучаў беларускі палітычны рэжым, які ён называе дыктатарскім. Брэйвік выказваў шкадаваньне пра зьмяншэньне людзей «нардычнай расы» у эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

У сваім маніфэсьце "A European Declaration of Independence" (Эўрапейская дэклярацыя незалежнасьці), які апублікаваны ў інтэрнэце, нарвэскі тэрарыст апісвае Беларусь як краіну, пацярпелую ад Чарнобыля:
"Большасьць людзей патрапілі пад радыяцыйнае апраменьваньне, як прамы вынік таго, што Савецкі Саюз не хацеў эвакуіраваць людзей (адзін тыдзень затрымкі) і не хацеў прадухіліць распаўсюд забруджаных сельскагаспадарчых прадуктаў. Акрамя таго, дыктатура ў Беларусі наўмысна працягвае распаўсюджваць сельскагаспадарчую прадукцыю з забруджаных тэрыторый. Я быў у Беларусі і магу асабіста пацьвердзіць гэта, я асабіста размаўляў з дзесяткамі людзей, якія не маюць выбару, акрамя як спажываць забруджаную ежу. 60% радыяцыі апала на тэрыторыі Беларусі, і дыктатура па ранейшаму наўмысна корміць сваё насельніцтва заражанымі сельскагаспадарчымі прадуктамі".

Брэйвік дзеліць эўрапейцаў на тры эўрапейскіх расы, называючы Беларусь сярод краінаў з высокім працэнтам насельніцтва нардычнага тыпу. Ён піша ў сваім маніфэсьце, што ў Беларусі, галоўным чынам, у паўночнай яе частцы, да 1900 года пражывала 55% нардычнага тыпу, цяпер засталося ўсяго 30%, а да 2070 застанецца ня больш за 15% людзей нардычнага тыпу.

У сьпісе нацыяналістычных партыяў Усходняй Эўропы ён згадвае Лібэральна-дэмакратычную партыю Сяргея Гайдукевіча.

Тэрарыст піша, што першая ж краіна, якая паспрабуе выйсьці з-пад гегемоніі былога ЭЗССР/ЗША [так у арыгінале] ў Эўропе, атрымае шматлікія праблемы: "Таму я думаю, што ні ў Італіі, ні ў якой-небудзь іншай маленькай краіны ня хопіць сьмеласьці пайсьці першай. Нават Сэрбія абрала заступніцтва ЭЗССР/ЗША замест таго, каб рызыкнуць апынуцца ў якасьці новай Беларусі".

У сьпісе краін, дзе Брэйвік пабываў або якія ён вывучаў, ёсьць і Беларусь, а акрамя яе Швэцыя, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Польшча, Францыя, Аўстрыя, Вугоршчына, Харватыя, Літва, Эстонія, Латвія, Іспанія, Кіпр, Мальта, ЗША, Турцыя, Мэксыка, Кітай, Нігерыя, Кот-д'Івуар, Лібэрыя.

Свае палітычныя погляды тэрарыст называе культурным кансэрватызмам і рэвалюцыйным кансэрватызмам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG