Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ежы Бузэк заклікаў вызваліць Зьмітра Бандарэнку

  • БелаПАН

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заклікаў беларускія улады вызваліць каардынатара грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьмітра Бандарэнку, які быў на выбарах 2010 году даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

"Я заклікаю ўлады ў Менску неадкладна вызваліць з турмы спадара Бандарэнку і ўсіх палітычных зьняволеных. Іх месца — не ў ізаляцыі, а сярод сям'і і сяброў. Сапраўдныя лідэры прыслухоўваюцца да голасу сваіх грамадзян, а дыктатары кідаюць іх у турмы", — заявіў Бузэк 24 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі Polskie Radio.

Паводле слоў кіраўніка Эўрапарлямэнту, у дачыненьні да Бандарэнкі ўлады паводзяць сябе "агідна і бесчалавечна". У зьняволенага "сур'ёзныя праблемы з пазваночнікам, ён мае патрэбу ў спэцыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі, канстатаваў Бузэк. "Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманьне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя, і можа нават прывесьці да пастаяннай інваліднасьці", — падкрэсьліў ён.

"Спадар Бандарэнка, як і многія тысячы безыменных герояў, змагаецца за свабоду, дэмакратыю і лепшую будучыню для ўсіх беларусаў, — заявіў Бузэк. — Іх стаўленьне вымагае найвышэйшага прызнаньня і рашучай падтрымкі. Эўрапарлямэнт шмат гадоў стаіць на баку беларусаў і падтрымлівае іх дэмакратычныя памкненьні. Беларусы заслужылі, каб у будучым іх айчына увайшла ў лік свабодных і дэмакратычных эўрапейскіх краін".

Зьмітра Бандарэнку, асуджанага на два гады пазбаўленьня волі за "арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны ўдзел у іх", павінны апэрыраваць 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Менску. Сваякі і сябры зьняволенага заяўляюць аб прымусовым характары апэрацыі, паколькі Бандарэнку паставілі перад выбарам: або апэрацыя, або этапаваньне ў калёнію. Пры гэтым у кансультацыі нэйрахірурга асуджанаму палітыку адмоўлена.

"Тое, што зараз беларускія ўлады маюць намер зрабіць з каардынатарам грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьмітром Бандарэнкам, можна назваць адным словам — катаваньне", — гаворыцца ў заяве грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь". — Прымусовая апэрацыя зьяўляецца безумоўным актам гвалту супраць аднаго з кіраўнікоў дэмакратычнай апазыцыі Рэспублікі Беларусь. Вынікі гэтай апэрацыі непрадказальныя, Зьмітру пагражае інваліднасьць. Адмова ў незалежнай кансультацыі, прымусовыя тэрміны вельмі цяжкай апэрацыі, адмова ў рэабілітацыі — гэта вяртаньне да рэпрэсіўнай палітычнай мэдыцыны часоў Савецкага Саюзу".

Актывісты "Эўрапейскай Беларусі" заклікалі ўсю сусьветную дэмакратычную супольнасьць, палітыкаў, дзеячаў культуры і навукі, усіх неабыякавых людзей падтрымаць Зьмітра Бандарэнку. "Зараз неабходна праводзіць акцыі каля беларускіх пасольстваў і консульстваў, зьвяртацца ў праваабарончыя арганізацыі і да ўрадаў дэмакратычных краін, даносіць інфармацыю пра тое, што ў беларускіх турмах катуюць і калечаць апанэнтаў рэжыму. Зараз як ніколі нам патрэбна ваша салідарнасьць", — гаворыцца ў заяве кампаніі.
XS
SM
MD
LG