Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ДАЖДЖЫ З НАВАЛЬНІЦАМІ…


Уначы 10 – 19°С, удзень 18 – 27°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


23 ліпеня

Разьвітаньне з апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі, кардыналам Казімірам Сьвёнткам (менская архікатэдра, пачатак жалобнага набажэнства ў 13.00).

Адкрыцьцё выставы “Nebulae” Паўліны Вітушчанкі зь Літвы (Менск, паб-клюб “Графіці”, 16.00).

Абвяшчэньне вынікаў конкурсу і выступы гасьцей на фэстывалі маладой беларускай музыкі “Басовішча-2011” (Гарадок на Беласточчыне).

Басовішча У вёсцы Гарадок на Беласточчыне адкрываецца чарговы фэстываль маладой беларускай музыкі Басовішча-2011. Пачатак а 15.00

Канцэрт WZ-Orkiestra і Зьмітра Вайцюшкевіча “Найлепшыя песьні за ўвесь час” (Валожынскі раён, хутар Шаблі, 20.00).

24 ліпеня

Сьвята паэзіі і песьні “Ракуцёўскае лета – 2011” (Маладэчанскі раён, вёска Ракуцёўшчына).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


23 ліпеня

У Латвіі пройдзе рэфэрэндум у пытаньні аб роспуску парлямэнту.

На Трафальгарскім пляцы ў Лёндане адбудуцца ўрачыстасьці “Застаўся адзін год”, прымеркаваныя да пачатку зваротнага адліку дзён, што застаюцца да старту Алімпійскіх гульняў 2012 году.

У турэцкім Трабзоне пачынаецца XI летні Эўрапейскі юнацкі алімпійскі фэстываль (будзе доўжыцца да 30 ліпеня).

24 ліпеня

У Паўночнай Карэі – выбары ў мясцовыя органы ўлады.

У амэрыканскім штаце Нью-Ёрк пачнецца афіцыйная рэгістрацыя аднаполых шлюбаў.

На ўсёй тэрыторыі Японіі, з выняткам пацярпелых падчас сёлетніх землятрусу і цунамі прэфэктураў Іватэ, Міягі і Фукусіма, завершыцца аналягавае тэлевізійнае перадаваньне.

У Парыжы фінішуе велагонка “Тур дэ Франс”.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:


23 ліпеня – Сусьветны дзень кітоў і дэльфінаў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


23 ліпеня ў 1623 годзе пакінуў гэты сьвет Памва Бярында, навуковец і паэт. Найважнейшая праца Бярынды – ягоны “Лексыкон” – самы вялікі на свой час слоўнік беларускае мовы, які ўключаў сем тысяч словаў і быў надрукаваны ў 1627 годзе ў Куцеінскай друкарні каля Воршы.

23 ліпеня ў 1922 годзе мітрапалітам Беларускім і Менскім абраны Мэльхісэдэк – адна з найярчэйшых асобаў у гісторыі беларускай праваслаўнай царквы. Менавіта ягонымі намаганьнямі беларуская праваслаўная царква ўстала на шлях аўтакефаліі і незалежнасьці ад Масквы. Мэльхісэдэк трапіў пад пільны кантроль ГПУ, ня раз зьведаў арышты, а ўрэшце быў сасланы ў Краснаярск. Празь некалькі гадоў змагар за аўтакефалію беларускага праваслаўя памёр пры загадкавых абставінах.

23 ліпеня 1993 году адбыўся візыт беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале з старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам у ЗША. Гэта быў першы такога ўзроўню візыт кіраўніка незалежнае Беларусі ў Амэрыку. У часе паездкі адбылося падпісаньне Дэклярацыі аб дачыненьнях паміж ЗША і Рэспублікаю Беларусьсю.

24 ліпеня ў 1618 годзе пабачыў свет першы беларускі лемантар. Называўся ён “Буквар мовы славянскай, пісаны чытаньню вучыцца хто хоча ў карыснае кіраваньне” і быў надрукаваны ў Еўі (цяпер гэта мястэчка Вевіс у Літве). Паасобнікі першага беларускага лемантара захаваліся ў Капэнгагене і Лондане.

24 ліпеня ў 1783 годзе нарадзіўся Сымон Балівар. У Вэнэсуэле адзначаецца адмысловы Дзень Сымона Балівара. А быў ён змагаром за незалежнасць гішпанскіх калёніяў у Паўднёвай Амэрыцы.

24 ліпеня 1802 году нарадзіўся Аляксандар Дзюма-бацька, францускі аўтар вядомых ува ўсім сьвеце гістарычна-прыгодніцкіх раманаў.

24 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі драматург і заснавальнік нацыянальнага кінэматографу Рыгор Кобец, беларускі паэт Анатоль Астрэйка – аўтар словаў знакамітай песьні пра Нёман, артыст Купалаўскага тэатру Генадзь Гарбук, беларускі палітык і заснавальнік фонду “Дзеці Чарнобылю” Генадзь Грушавы.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Расейскі шанец і расейская пагроза”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Як бы добра ты ні гаварыў, калі ты гаворыш занадта шмат, то ўрэшце пачнеш гаварыць глупства”.

Аляксандар Дзюма-бацька.
XS
SM
MD
LG