Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабляюць беларусы?


Паводле інфармацыі Белстату, каля 60% працоўных атрымліваюць менш за сярэдні заробак. Куды дзеўся заробак у 500 даляраў? Які мэдыянны заробак у Беларусі? Якія пэрспэктыва росту даходаў грамадзян?

Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў і эканаміст Міхась Залескі.

Аляксандар Сасноў
Міхась Залескі
Валер Карбалевіч


Куды дзеўся заробак у 500 даляраў?


Валер Карбалевіч: «Галоўным перадвыбарчым лёзунгам Аляксандра Лукашэнкі было абяцаньне давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. І гэтае абяцаньне было выканана. Але прайшло сем месяцаў. Адбылася дэвальвацыя. Цяпер беларускія ўлады ўжо пазьбягаюць вымяраць заробкі працоўных у далярах. Які ж цяпер сярэдні заробак у краіне? І як яго лічыць — паводле афіцыйнага ці „чорнарыначнага“ абменнага курсу?».

Аляксандр Сасноў: «Існуе шмат спосабаў падліку заробкаў, узроўню даходаў. Выдаць можна і 1 тыс. даляраў заробку.Толькі што адбудзецца пасьля гэтага? Высокі заробак трэба зарабіць. А для гэтага патрэбна эфэктыўная эканоміка. У траўні (па якім ёсьць апошняя статыстыка) сярэдні заробак па краіне склаў 1 млн 650 тыс., што больш за 400 даляраў паводле травеньскага абменнага курсу».

Міхась Залескі: «Чаму мы вымяраем у далярах? У нас такі ж заробак, як у 1996 годзе».

Карбалевіч: «У 1996 годзе, дарэчы, сярэдні заробак быў 100 даляраў».

Залескі: «Мінулым годам мне хапала заробку, каб схадзіць у краму 20 разоў, а цяпер — толькі 10».
Мінулым годам мне хапала заробку, каб схадзіць у краму 20 разоў, а цяпер — толькі 10.

Сасноў: «Каб больш аб’ектыўна вымяраць узровень жыцьця, трэба браць заробак і дзяліць на кошт мінімальнага спажывецкага кошыка. Дык вось пры такім падліку заробак таксама падае».

Залескі: «Заробак у далярах Лукашэнка выкарыстоўваў у прапагандысцкіх мэтах».

Сасноў: «Так, але ён гэта робіць таму, што большасьць беларусаў давярае даляру больш, чым беларускаму рублю».

Залескі: «Можна параўноўваць паводле парытэту пакупной здольнасьці валютаў».

Мэдыянны заробак


Карбалевіч: «Белстат агучыў вынікі папярэдняга дасьледаваньня мэдыяннага заробку ў Беларусі — гэта больш аб’ектыўны паказчык.

Мэдыянны заробак — гэта заробак чалавека пасярэдзіне шкалы даходаў, так што 50% астатніх атрымліваюць менш за яго, а 50% — больш. Такім чынам, большасьць людзей атрымліваюць заробкі, блізкія да мэдыяннага.

І высьветлілася, што каля 60% працоўных атрымліваюць менш за сярэдні заробак. Як гэта пракамэнтаваць?».

Сасноў: «Можна параўноўваць 10% насельніцтва, якія атрымліваюць найбольшы заробак, і 10%, у каго ён найменшы. Але ўсякую лічбу трэба разглядаць у параўнаньні, дынаміцы.

Што тычыцца мэдыяннага заробку, то паводле тых лічбаў, якія даў Белстат, сярэдні заробак атрымліваецца 1 млн 340 тыс. руб. Паводле сёньняшняга курсу Нацбанку — гэта 270 даляраў».

Залескі: «Як ні лічы, сярэдні заробак не вылазіць за межы 1 млн 500 тыс. рублёў за першае паўгодзьдзе. Відавочна, што пачалі жыць горш. Асабліва драматычная сытуацыя — для сем’яў зь дзецьмі. Глядзіце, пуцёўкі ў летнія лягеры для шмат якіх сем’яў сталі непад’ёмнымі. Таму ўлетку поўныя двары дзяцей».

Якія пэрспэктывы росту даходаў грамадзян?


Карбалевіч: «Цэны растуць, інфляцыя з пачатку году склала больш за 36%. А ўсе вонкавыя крэдыторы (Расея, МВФ) адной з найважнейшых умоваў выдзяленьня крэдытаў Беларусі ставяць замарожваньне заробкаў. Якія пэрспэктывы росту даходаў грамадзян?».
Пэрспэктывы дрэнныя. Тое, што адбываецца цяпер, прагназавалася 17 гадоў таму.

Сасноў: «Пэрспэктывы дрэнныя. Тое, што адбываецца цяпер, прагназавалася 17 гадоў таму. Тады Лукашэнка адмовіўся ад рынкавых рэформаў. Таму эканоміка засталася неэфэктыўнай. Толькі дзякуючы эканамічнай падтрымцы з боку Расеі ўдалося так доўга пратрымацца».

Залескі: «Ня думаю, што заробак супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта, дэпутатаў ці тых быкападобных хлопцаў, які хапаюць на вуліцах людзей, зьменшыцца. А астатнія людзі — каму яны патрэбныя?»

Карбалевіч: «Думаю, усё ж заробкі зьменшацца ўва ўсіх. У тым ліку і ў супрацоўнікаў сілавых структураў, выканаўчага апарату».

Залескі: «Надрукуюць і дабавяць ім грошай».

Карбалевіч: «Але ж замежныя крэдыторы патрабуюць спыніць эмісію, праводзіць жорсткую манэтарную палітыку, скараціць дэфіцыт дзяржбюджэту. Гэтага ж патрабуюць, напрыклад, ад Грэцыі».

Залескі: «Ёсьць у нас каго стрыгчы і з каго шкуру злупіць. З простых людзей».

Сасноў: «Зразумела, крэдыторы ня хочуць, каб іхнія грошы былі праедзеныя, а хочуць, каб яны пайшлі на стварэньне больш эфэктыўнай эканомікі. Але я ўпэўнены, што гэтыя грошы зноў праядуць. А эканоміка так і застанецца нярынкавай, неэфэктыўнай».

Залескі: «Набралі ўжо шмат пазыкаў, надзьмулі пухір, а рэформаў эканомікі не рабілі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG