Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не ўдаецца выйсьці на адзіны абменны курс беларускага рубля?


На валютным рынку Беларусі трывае множнасьць абменных курсаў рубля. У чым прычыны такога становішча? Чаму Нацбанк ня хоча пераходзіць на рынкавы абменны курс? Хто выйграе і хто прайграе ад цяперашняга стану валютнага рынку?


Удзельнікі: фінансавы аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Уладзімер Тарасаў і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Чаму трывае множнасьць абменных курсаў рубля?


Валер Карбалевіч: «Афіцыйныя асобы раз за разам паўтараюць, што Беларусь выходзіць з крызісу. І галоўнай прыкметай гэтага называюць паляпшэньне сальда замежнагандлёвага балянсу. Паводле афіцыйных дадзеных, за апошнія месяцы прыток валюты ў краіну рэзка павялічыўся. У траўні дадатнае сальда замежнага гандлю склала 120 млн даляраў.

Тады ўзьнікае заканамернае пытаньне: калі ўсё так добра, то чаму ўсё так дрэнна? Чаму эканамічныя ўлады ня могуць перайсьці на адзіны абменны курс беларускага рубля? Можа, ня хочуць?».

Уладзімер Тарасаў: «Я сапраўды думаю, што ня хочуць. Справа ў тым, што абмежаваньні на набыцьцё валюты імпартэрамі і фізычнымі асобамі дазваляюць уладам эканоміць валюту.

Тое, што краіна атрымала ў траўні дадатнае сальда замежнага гандлю, тлумачыцца ня толькі ростам валютных паступленьняў ад экспарту, але ў большай ступені тым, што рэзка скараціўся імпарт. І калі цяпер ліквідаваць множнасьць курсаў і прадаваць валюту імпартэрам паводле курсу Нацбанку, то гэта прывядзе да росту імпарту, і ўрэшце сальда замежнага гандлю зноў стане адмоўным».
Улады не зацікаўленыя ва ўсталяваньні адзінага курсу.

Зьміцер Крук: «Каб той фіксаваны курс, які вызначыў Нацбанк, зрабіць адзіным, патрэбныя золатавалютныя рэзэрвы, каб яго падтрымліваць. А іх не хапае. І нават дадатнае сальда ў траўні не ратуе сытуацыю.

Згодзен з сп. Тарасавым, што ўлады не зацікаўленыя ва ўсталяваньні адзінага курсу. Для гэтага ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, множнасьць абменных курсаў — гэта інструмэнт рэгуляваньня імпарту. У такім стане цэны на некрытычны імпарт будуць вышэйшыя, што зьнізіць на яго попыт з боку хатніх гаспадарак. Па-другое, множнасьць абменных курсаў — гэта поле для выбудоўваньня ценевых схемаў».

Чаму Нацбанк ня хоча пераходзіць на рынкавы абменны курс?


Крук: «Калі казаць пра рынкавы абменны курс, які сёньня на розных сэгмэнтах рынку ўсталяваўся ў межах 6–6,5 тыс. рублёў за даляр, то тэхнічна выйсьці на яго проста. Але гэта выкліча новую хвалю інфляцыі, чаго ўлады баяцца. А мы пакуль яшчэ не ператравілі тую хвалю, якая выкліканая дэвальвацыяй. Бо цэны на энэрганосьбіты ўлады пакуль штучна стрымліваюць».

Карбалевіч: «Калі ў Нацбанку няма валюты, каб рабіць інтэрвэнцыю на біржы дзеля падтрымкі фіксаванага курсу рубля, то чаму ня ўвесьці рынкавы, плывучы курс? Улады баяцца інфляцыі, як лічыць сп. Крук?».

Тарасаў: «Усталяваньне рынкавага курсу будзе азначаць фактычна новую дэвальвацыю з усімі нэгатыўнымі наступствамі. Рост цэнаў выкліча новую напругу на спажывецкім рынку і інш.».

Хто выйграе і хто прайграе ад цяперашняга стану валютнага рынку?


Карбалевіч: «Беларускі саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў, а таксама Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта і Раду бясьпекі з патрабаваньнем уніфікаваць абменны курс рубля. Яны тлумачаць, што сёньняшняя валютна-фінансавая палітка шкодная для беларускай эканомікі. Але ва ўладаў нейкія свае матывы, магчыма — інтарэсы. У чым яны палягаюць? Хто выйграе, а хто прайграе ад цяперашняй сытуацыі?».

Крук: «У цэлым эканоміка ад гэтага прайграе. Бо множнасьць абменных курсаў стварае абсалютна новыя стымулы для эканамічных агентаў. Цяпер прадпрыемствы і банкі ператвараюцца ў нейкія валютныя біржы, зарабляюць на валютных спэкуляцыях. Ня думаю, што ўлады зацікаўленыя захаваць цяперашні стан на доўгатэрміновую пэрспэктыву».

Карбалевіч: «У 1990-я гады сытуацыя множнасьці абменных курсаў захоўвалася чатыры гады».

Тарасаў: «Акрамя дзяржавы, якая эканоміць золатавалютныя рэзэрвы, выграюць чыстыя экспартэры. Яны могуць прадаваць валюту па вышэйшым курсе.

Усе астатнія прайграюць. Бо існуе праблема знайсьці валюту. Нестабільнасьць, няпэўнасьць курсу стварае праблемы для суб’ектаў гаспадараньня. Бо паўстае пытаньне, на якіх умовах заключаць кантракты з партнэрамі і інш.».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG