Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўскія палітвязьні не атрымліваюць лістоў


Belarus – Prison in Shklou, Mahilyou region, 01Jul2011

Belarus – Prison in Shklou, Mahilyou region, 01Jul2011

У Шклоўскай калёніі адбываюць пакараньне чацьвёра палітвязьняў, якія атрымалі тэрміны зьняволеньня большыя, чым у іншых: экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч асуджаны на 6 гадоў, былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі — на 5 гадоў, Алег Гнедчык і Дзьмітрый Новік атрымалі па тры з паловай гады зьняволеньня. Родныя ўсіх чатырох палітвязьняў б’юць трывогу: лісты з турмы не даходзяць, вязьням не дазваляюць тэлефанаваць, на іх ціснуць і прымушаюць падпісаць прашэньне аб памілаваньні.

Бацька палітвязьня Аляксандра Класкоўскага Аляксандар Класкоўскі-старэйшы кажа, што ў яго ўражаньне «дэжавю» — тая самая інфармацыйная блякада, што была ў «амэрыканцы», паўтараецца ў Шклоўскай калёніі:
Такое ўражаньне, што іх узялі „пад каўпак“.

«Я напісаў некалькі лістоў сыну — ніякага водгуку няма. Тэлефанаваньняў няма. Напачатку яны, дарэчы, тэлефанавалі — у іх тэлефонныя карткі ёсьць, мы адмыслова даслалі, каб не было перашкодаў. Але цяпер — як адсекла. Ускоснымі шляхамі даходзяць такія зьвесткі, што там пачаўся прэсінг. Магчыма, у зьвязку з тым, што хочуць ад некага дамагчыся прашэньня аб памілаваньні. Карацей, такое ўражаньне, што іх узялі „пад каўпак“. Дарэчы, я ў пятніцу раніцай спрабаваў пагутарыць з нампалітам Шклоўскай калёніі падпалкоўнікам Галынцом, але ён, выслухаўшы, хто я такі і якія ў мяне пытаньні, суха адрэзаў, што па тэлефоне размаўляць ня будзе».

Маці Дзьмітрыя Новіка Натальля пацьвярджае здагадкі Аляксандра Класкоўскага:

«Не даюць паміж сабой кантактаваць, усіх раскідалі па розных атрадах. На дзень па некалькі разоў выклікаюць у кабінэт начальніка, каб падпісалі прашэньне аб памілаваньні. Ніхто ня хоча падпісваць, сказалі, што ня будуць падпісваць».
На дзень па некалькі разоў выклікаюць у кабінэт начальніка, каб падпісалі прашэньне аб памілаваньні.

Маці Дзьмітрыя Новіка і Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, наўпрост зьвязваюць больш жорсткае стаўленьне да асуджаных зь візытам у Шклоў кіраўніка дзяржавы. Марына Адамовіч кажа:

«Пасьля візыту пэўнага грамадзяніна, скажам так, у Шклоў, усё перамянілася. Я была там зь перадачай 18 ліпеня, размаўляла з кіраўніцтвам, была абсалютна зьмененая рыторыка, чалавек абсалютна памяняўся. Я думаю, зь ім папрацавалі. Я думаю, проста прайшла такая каманда — у Шклове яе вырашылі дакладна выканаць. А можа, яна менавіта Шклова і тычылася…

Да гэтага я атрымала толькі тры лісты з калёніі, прычым ідуць яны з шалёнымі інтэрваламі. Напрыклад, напісана яно 3 ліпеня, цэнзар праверыў і расьпісаўся 4-га, штэмпэль шклоўскай пошты стаіць 13-га. Дзе ліст боўтаўся 10 дзён? І ў той жа дзень ён прыходзіць у Менск».

Калі лісты родных яшчэ зрэдку даходзяць, то лістоў падтрымкі Мікола Статкевіч не атрымлівае. Да Дзьмітрыя Новіка таксама не даходзяць лісты ад сяброў і каханай, распавяла ягоная маці спадарыня Натальля:

«Газэты не атрымлівае, ніякай прэсы. Людзі незнаёмыя яму пісалі, выказвалі падтрымку — не даходзілі іх лісты. Нават калі яго каханая дзяўчына піша — не прапускаюць лісты, там жа ніякай палітыкі. Я зьдзіўляюся… Дзякуй Богу, што хоць ад мяне атрымлівае, хоць адна аддушына».

Маці Алега Гнедчыка спадарыня Валянціна ня стрымлівае сьлёз:

«За ўвесь час я атрымала толькі адзін ліст. У мяне сэрца крывёй абліваецца, гэта жах! Я ўжо ня ведаю, што думаць і што рабіць…».

Аляксандар Класкоўскі і Натальля Новік маюць намер зьвярнуцца са скаргамі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, Генэральную пракуратуру і КДБ.
Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Дзьмітры Новік
Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG