Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйныя скаргі на прысуды шасьці ўдзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня: Дзьмітрыю Дароніну, Алегу Федаркевічу, Сьцяпану Лобану, Сяргею Казакову, Яўгену Сакрэту, Віталю Мацукевічу. Іх абвінавацілі паводле часткі 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу "Масавыя беспарадкі" і асудзілі на турэмнае зьняволеньне тэрмінам ад 3 да 3,5 года турмы.

Разгляд касацыйнай скаргі прайшоў паводле звыклага сцэнару: суд выслухаў пісьмовыя і вусныя тлумачэньні адвакатаў пра факты парушэньняў падчас сьледзтва, пра недаказанасьць віны асуджаных, пра тое, што іх падабаронных пакаралі празьмерна. Адвакаты прасілі апраўдаць і вызваліць палітвязьняў, але скаргі суд не задаволіў і пакінуў папярэдні прысуд бязь зьменаў. Ірына Сакрэт — сястра асуджанага Яўгена Сакрэта — гэтак пракамэнтавала новы вырак:

"Я так і падазравала, бо гэтая справа палітычна матываваная. А ўлады як мяркуюць: як гэта — супраць нас "паперлі", а мы тут іх будзем шкадаваць?! Натуральна, нікога ня будуць шкадаваць".
Думаю, што, канечне, усё зьменіцца. Думаю, веру і ведаю.

Судовы працэс праходзіў у прысутнасьці дыпляматаў і адвакатаў. Сваякоў і журналістаў, якія спазьніліся на пачатак працэсу, супрацоўнікі спэцслужбаў не пускалі ў паўпустую залю пасяджэньняў нават у перапынку. Цяпер адвакаты і родныя рыхтуюцца да новага абскарджаньня ў судах вышэйшых інстанцыяў. Гаворыць Ганна Казакова — маці асуджанага Сяргея Казакова:

"Сёньня я цуду не чакала, бо ведала, што ўсё застанецца бязь зьменаў. Але мы, вядома, будзем працягваць змагацца, мы будзем зьвяртацца, пісаць у вышэйшыя інстанцыі. Думаю, што, канечне, усё зьменіцца. Думаю, веру і ведаю. Усё будзе добра".

Удзельнік ранейшых судовых працэсаў над шасьцю ўдзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня, праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч гэтак пракамэнтаваў новы вырак:
Апошнія падзеі паказваюць на тое, што ўлады бачаць адзінай сваёй стратэгіяй — узмацненьне рэпрэсій.

"Тыя незаконныя прысуды, якія выносіліся ў судах першасных інстанцый, яны цяпер дублююцца паўторна і ў касацыйных судах. Гэта значыць, што палітычна ўлады ўзялі курс на працяг рэпрэсій, якія распачаліся 19 сьнежня. І мала таго: апошнія падзеі паказваюць на тое, што ўлады бачаць адзінай сваёй стратэгіяй — узмацненьне рэпрэсій. Вельмі шкада гэтых людзей, якія атрымалі незаконныя прысуды і гэтыя незаконныя прысуды яшчэ раз пацьвердзіліся. Але я спадзяюся, што ім нядоўга заставацца за кратамі".

Сьцяпан Лобан, Сяргей Казакоў, Яўген Сакрэт, Віталь Мацукевіч асуджаныя на 3 гады, Дзьмітрый Даронін і Алег Федаркевіч — на 3,5 года турмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG