Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінцу хочацца адпачыць на Балі


Інданэзійскія паліцыянты патрулююць пляж на востраве Балі.
Інданэзійскія паліцыянты патрулююць пляж на востраве Балі.
Дзе адпачываюць беларускія чыноўнікі ды іншыя службовыя асобы, супраць якіх Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі? Ці ўплываюць гэтыя абмежаваньні на выбар месца, дзе яны праводзяць свае водпускі?

Мікалай Чаргінец, былы старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі, а цяпер кіраўнік праўладнага Саюзу пісьменьнікаў, паскардзіўся: адпачываць гэтым летам не давядзецца:

Мікалай Чаргінец
«На ўсе мае пляны ўплывае зьезд пісьменьнікаў, які адбудзецца ўвосень. Гэта вельмі вялікі зьезд. Чакаем да 600 дэлегатаў, гасьцей з больш як 25 краін. І гэта накладае на нас вялікую адказнасьць — трэба ўсё ж быць на пэўным роўні як гаспадарам.

А грошай — няма. Я кожны дзень займаюся гэтым. Нашу лісты, хаджу клянчу, спонсараў шукаю».

Эўрапейскія абмежаваньні Мікалая Чаргінца не хвалююць. Там, дзе яму падабаецца, эўрапейскія візы не патрэбныя:

«Усю Эўропу я аб’езьдзіў. Дый большую палову сьвету таксама. А калі б былі грошы, зьлятаў бы яшчэ раз на Балі адпачыць. Я там не адпачываў, а быў у камандзіроўцы. Вельмі мне спадабалася, прыгожае месца.

У крайнім выпадку паляцеў бы ў Турцыю, у Бодрум. Там таксама добрыя ўмовы. Нягледзячы на сьпякоту, там заўжды брыз на моры. І адчуваеш сябе вельмі і вельмі камфортна».

Мікалай Лазавік
Абыдзецца без эўрапейскіх курортаў і сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«Я і раней, і цяпер свой водпуск праводжу ў роднай Беларусі. У мяне ёсьць улюбёныя месцы ў Стаўпецкім і Рагачоўскім раёнах, дзе я зь вялікай асалодай магу парыбачыць, пахадзіць па лесе.

Звычайна я свой адпачынак дзялю на дзьве часткі. Першая — на пачатку лета, калі зьяўляюцца першыя ягады і калі хочацца вывезьці на прыроду ўнукаў. І другая частка — на канцы лета, калі зьяўляецца шмат грыбоў. І ёсьць магчымасьць атрымаць асалоду ад «ціхага паляваньня».

Эўрапейскую забарону спадар Лазавік успрымае надзвычай крытычна:

«З чыста маральнага пункту гледжаньня гэтыя санкцыі, якія абмяжоўваюць правы чалавека, гавораць пра тое, што ў эўрачыноўнікаў нейкае перакуленае паняцьце аб дэмакратыі. Ня можа дэмакрат, які хоча паказаць перавагі дэмакратычнага грамадзтва, абмяжоўваць у правах іншага чалавека.

Тым больш абсалютна не вінаватага. Па правядзеньні выбараў у эўрачыноўнікаў да нас ніякіх прэтэнзій няма. А тое, што адбылося пасьля выбараў, гэта ўжо віна саміх эўрачыноўнікаў, якія фінансавалі кампанію пад назвай «Плошча».

Юры Сівакоў
Былы міністар унутраных спраў генэрал Юры Сівакоў пра свой сёлетні адпачынак распавёў «Свабодзе» так:

«У сябе на лецішчы. Зыходжу з прынцыпу — праца і з генэрала чалавека робіць. У гэтым пытаньні прытрымліваюся прынцыпу — „купляйце беларускае“. Я ў свой час наезьдзіўся вельмі шмат. Таму цяпер мяне больш цягне да сваёй зямлі.

Знаходжу задавальненьне ў справах, зьвязаных з гаспадаркай. Ну, і паралельна пішу сёе-тое па вучэбна-мэтадычных, навуковых пытаньнях. Вось у такім альгарытме водпуск і праходзіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG