Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вызваленьне" патрабуе разгледзець затрыманьні, якія ўчыняюцца невядомымі


Алена Ліхавід

Алена Ліхавід

Грамадзянская ініцыятыва "Вызваленьне" патрабуе неадкладнага вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць перасьлед іх сваякоў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай у мэдыях 22 ліпеня.

"Вызваленьне" патрабуе "ўсебаковага аб'ектыўнага разбору бясчынстваў на вуліцах Менску, якія ўчынялі "нявызначаныя" асобы ў цывільным, выкраданьняў мірных грамадзян і далейшага іх жа асуджэньня, а таксама безумоўнага пакараньня асоб, вінаватых у гвалце над грамадзянамі Беларусі".

У якасьці прыкладу аўтары заявы прыводзяць факт затрыманьня 20 ліпеня ў цэнтры Менску неўстаноўленымі асобамі ў цывільным Алены Ліхавід, маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда.

"21 ліпеня ў парушэньне ўсіх прававых нормаў яна асуджаная судом Цэнтральнага раёну Менску на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Вайцяховіч палічыла довады шасьцёх здаравенных бугаёў, якія "адважна" захапілі адну жанчыну, пераканаўчымі. Мала для нашай улады месяцамі трымаць у карцэры яе сына Мікіту Ліхавіда, трэба яшчэ здушыць волю яго родных, прадэманстраваць сілу, ізаляваць ад грамадзтва", — гаворыцца ў заяве.

Паводле актывістаў "Вызваленьня", цягам апошняга месяца затрымалі і асудзілі Марыну Лобаву, маці палітвязьня Эдуарда Лобава, і Тацьцяну Севярынец, маці апазыцыйнага палітыка Паўла Севярынца.

Грамадзянская ініцыятыва "Вызваленьне" была створана ў канцы мінулага году сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG