Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Многія незалежныя экспэрты лічаць, што беларускія ўлады штучна завышаюць кошт прадпрыемстваў, каб як мага даўжэй утрымаць іх пад кантролем дзяржавы. Аднак прыватызацыя дзяржаўных актываў — адна з галоўных умоў выдзяленьня замежных крэдытаў. Ці ўдасца кіраўніцтву краіны пазычаць грошы і адваджваць пакупнікоў адначасова?

Урад Беларусі агучыў пляны прыватызацыі, якія, аднак, далей за дэклярацыі пакуль ня рухаюцца. На нафтаперапрацоўчых заводах, прадпрыемствах хімічнай галіны і машынабудаваньня інфармацыяй наконт перамоваў аб акцыянаваньні не валодаюць. Тым часам абраныя ў якасьці партнэраў расейскія кампаніі таксама не сьпяшаюцца ўкладаць сродкі ў стратэгічную вытворчасьць. На думку расейскіх аналітыкаў, агучаныя Менскам умовы зьдзелак не адпавядаюць узроўню рэальнай капіталізацыі прадпрыемстваў.

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што ў дадзеным выпадку расейцы маюць рэальныя падставы карэктаваць выстаўленыя ўмовы. Калі ў Беларусі дагэтуль кошты прыкідваюць збольшага на вока, то ў Расеі цану дыктуе фондавы рынак:

"Зразумела, што расейскі бок нашмат больш прасунуты што да акцыянаваньня капіталу. Таму, безумоўна, яны гэтыя інструмэнты больш прафэсійна выкарыстоўваюць у сваіх мэтах, чым беларускія суб'екты гаспадараньня. Нашы ў лепшым выпадку толькі пасьпелі пераўтварыцца ў акцыянэрныя таварыствы, але што з гэтым рабіць, як эфэктыўна скарыстаць гэтую перавагу — напэўна, ні досьведу, ні ведаў ні ў кога толкам няма. Расейцы ж на гэтым ужо сабаку зьелі".

Адразу некалькі буйных расейскіх інвэстараў адмовіліся ад першапачатковых плянаў прыходу ў Беларусь. Пасьля агучанага Аляксандрам Лукашэнкам кошту пытаньня па "Беларуськаліі" — 30 мільярдаў даляраў — згарнула перамовы з урадам кампанія "Ўралкалій". Узялі паўзу ў працэсе акцыянаваньня нафтаперапрацоўчых заводаў у Наваполацку і Мазыры, а таксама гарадзенскага "Азоту" расейскія "Роснефть" і "Сибур". Пасьля таго, як першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка ацаніў Беларускі мэталюргічны завод у 8 мільярдаў даляраў, жлобінскі гігант перастаў быць пэрспэктыўным аб'ектам прыватызацыі. Спыніліся кансультацыі аб стварэньні холдынгу паміж Менскім аўтазаводам і КамАЗам з удзелам кампаніі "Ростехнологии".

Былы генэральны дырэктар заводу спэцыяльнай тэхнікі "Амкадор" Васіль Шлындзікаў кажа, што расейскія бізнэсоўцы будуць такім чынам паводзіць сябе і надалей. Беларускія ўлады стварылі сытуацыю, пры якой заходні капітал наўрад ці рызыкне інвэставаць у Беларусь. А пры адсутнасьці альтэрнатывы расейцы маюць магчымасьць упарціцца, зьбіваючы цэны:

"Думаю, у гэтым яны сябе паводзяць абсалютна апраўдана. Паводзяць сябе перадусім як бізнэсоўцы, разумеючы ўсю неадназначнасьць беларускай сытуацыі. З аднаго боку, разумеюць, што заходнія кампаніі ў Беларусь наўрад ці сунуцца, таму ёсьць час патаргавацца. Зь іншага боку, беларускія ўлады ня столькі б хацелі — яны вымушаныя нешта прадаваць, але яшчэ большы страх — страціць кантроль над стратэгічнымі аб'ектамі. То бок, дзесьці паводле прынцыпу — "і хочацца, і колецца, і мамка не дазваляе". Але прыватызацыя — адна з умоваў будучых крэдытаў. Таму сытуацыя практычна безвыходная. Прадаваць трэба, іншая рэч, каб пры такім раскладзе нехта купіў. Бо калі не прададуць, узровень жыцьця будзе падаць яшчэ больш імкліва".

Днямі амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў зьдзіўленьне пазыцыяй беларускага кіраўніцтва адносна прыватызацыі "Белтрансгаза". На яго думку, па вялікім рахунку гэтае газатранспартнае прадпрыемства Расеі не патрэбнае: з увядзеньнем альтэрнатыўных газаправодаў у абход Беларусі ранейшая значнасьць транзытнага калідору зьвядзецца да мінімуму. Таму 2,5 мільярда даляраў за астатнія 50% акцый прадпрыемства — фактычна гуманітарная дапамога, жэст добрай волі. Аднак кіраўніцтва Беларусі намагаецца абставіць зьдзелку шэрагам дадатковых умоваў — перадусім, патрабаваньнем унутрырасейскіх коштаў на газ.

Эканаміст Сяргей Балыкін мяркуе, што абвешчаная лібэралізацыя ўзамен на крэдыты — ня больш чым чарговая спроба пусьціць міжнародную супольнасьць па ілжывым сьледзе. Таму, на яго думку, гэта толькі дэклярацыя аб намерах, якая не абавязкова прывядзе да рэальных вынікаў:

"Я перакананы, што ні да чога гэтыя заявы не прывядуць. Тым больш сьведкамі такіх намераў мы ўжо былі неаднойчы. Рабілі адну спробу, рабілі другую, трэцюю. Вынік заўсёды аднолькавы — ніякі. І робяць гэта, што адметна, адны і тыя ж людзі. Дык што можа зьмяніцца? Так, ёсьць плян, што само па сабе добра. Але колькі такіх плянаў ужо прымалася? І прыватызацыя, і лібэралізацыя — пра ўсё гэта ўжо гаворана-перагаворана. Хваля той жа лібэралізацыі ў нас якая ўжо па ліку? Мабыць, трэцяя ці нават чацьвёртая? Ужо ж рапартавалі пра запушчаныя працэсы лібэралізацыі, нават некалькі разоў. Але дзе яе рэальныя праявы?".

На думку незалежных экспэртаў, беларускія ўлады будуць максымальна цягнуць з продажам стратэгічных актываў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG