Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык ПАРЭ асудзіў новыя пакараньні сьмерцю ў Беларусі


Андрэс Хэркель

Андрэс Хэркель

Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па Беларусі Андрэс Хэркель асудзіў выкананьне двух сьмяротных прысудаў у краіне. У сваёй заяве ён ізноў нагадаў, што асамблея не прымае сьмяротнага пакараньня ні пры якіх абставінах, цытуе БелаПАН прэс-службу ПАРЭ.

“Зь вялікім жалем я даведаўся аб праведзеных пакараньнях сьмерцю ў Беларусі – краіне, якую я хацеў бы наблізіць да сям'і Рады Эўропы”, – сказаў Хэркель. “Беларускія ўлады павінны спыніць выкарыстаньне сьмяротнай кары для ўсіх злачынстваў і неадкладна ўвесьці мараторый, каб выратаваць жыцьці тых, хто чакае выкананьня прысуду”, – падкрэсьліў дакладчык ПАРЭ.

Хэркель назваў недапушчальным той факт, што сваякам зьняволеных не паведамляюць пра дату пакараньня.

Прэсавая служба ПАРЭ нагадвае, што ўмоваю для вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльна запрошанага застаецца адмена сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньне мараторыю на яго выкананьне.

Пра расстрэл двух гарадзенцаў Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі стала вядома 20 ліпеня з публікацыі ў газэце “Вечерний Гродно”.

Сьмяротны прысуд ім вынес 14 траўня 2010 году Гарадзенскі абласны суд. Грышкаўцова і Бурдыку прызналі вінаватымі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: “Забойства двух і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю, спалучанае з разбойным нападам”; “Разбой з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў”; “Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу”; “Выкраданьне малалетняга групаю асобаў”; “Разбойны напад”; “Замах на крадзеж аўтамашыны” і “Крадзеж дакумэнтаў”. Пасьля вынясеньня прысуду асуджаныя прасілі Аляксандра Лукашэнку аб памілаваньні, але атрымалі адмову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG