Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Чэслава Немэна ды аграгігантызм у Васілішках


На Шчучыншчыну, у Васілішкі, я імкнуўся невыпадкова. Ня толькі з-за таго, што 6 год таму, у часе першай вандроўкі, быў уражаны кантрастам паміж маляўнічасьцю краявідаў, сярод якіх кампактна месьціўся тысячны пасёлак, — і вялізным жывёлагадоўчым комплексам на ўскраіне, смурод ад якога, бадай, за сотню мэтраў мог прывесьці да непрытомнасьці. Але далёка за межамі паселішча вядома тое, што ў Старых Васілішках нарадзіўся і правёў юнацкія гады Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, усясьветна вядомы рок-музыка, які абраў сабе псэўданімам назоў нашага срэбразвоннага Нёмана.

Як і ўсе мае аднагодкі-заходнебеларусы, у 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя, я фанацеў ад непаўторнага, хрыпатага тэнара Немэна, які мы слухалі на хвалях тагачаснага Польскага радыё. Таму вестка пра адсутнасьць экспанатаў у музэі творцы закранула за жывое. Да таго ж — утвораны тут 5 год таму аграгарадок афіцыйна лічыцца адным з двух найлепшых у краіне. Высьветліць, што за гэтым стаіць, было цікава.

...На павароце з заасфальтаванага, з новабудоўлямі, цэнтру дарогу да старых знаёмцаў, былых настаўнікаў Паўловічаў пытаюся ў пэнсіянэра Касьцюковіча. Убачыў яго ў кабіне ўласнага старэнькага трактара, дэталі да якога ён перабраў уласнаручна. Дзіўлюся, чаму вакол чыстае паветра.

Касьцюкевіч: «Фэрму закапалі мо год таму. Аграгарадок узьнік — навошта патрэбная? Новыя фэрмы, кароўнік...».

Карэспандэнт: «Аграгарадок што-небудзь даў?».

Касьцюкевіч: «Для некага даў. Пабудавалі катэджы — засялілі тых, хто прыехаў сьвінаркамі ды мэханізатарамі. А сваім не далі, бо не такія залежныя, бо гаспадары — зьбеглі ў гарады. Дамоў шмат пустых — прадаюць. Ёсьць хаты і па 9, і па 7, і па 3 тысячы даляраў...».

Пры канцы чакаў сюрпрыз, калі суразмоўца спытаўся, адкуль я.

Касьцюкевіч: «А я і падумаў, што вы са „Свабоды“ — „нелукашэнкаўскія“ пытаньні. А я кожны дзень яе слухаю. Мне падабаецца гэта перадача, асабліва „Падарожжы“...»

Карэспандэнт: «А я акурат з «Падарожжаў „Свабоды“...»

Касьцюкевіч: «О-о-о...»

Але вось і прыземістая, сьціплая хаціна 87-гадовай Яніны Зянонаўны ды 86-гадовага Хведара Паўлавіча Паўловічаў. Яны, інтэлігенты старой крыві, яшчэ маюць сілы трымаць курэй ды парсюка. Стаўленьня да ўлады не хаваюць.

Сп. Фёдар: «А што аграгарадок? Вакол жа вёскі пустыя. Калгас наш аграмадны — трактары за 15 км трэба гнаць на палеткі. А ў нас майстэрні — усе трактары тут. Не разьлічацца — уся новая ў нас тэхніка...».

Карэспандэнт: «А вы адчулі на сабе, што горай?».

Сп.Фёдар: «Ой, усе адчулі! Я хацеў лядоўню купіць — была 350 тысяч, а цяпер мільён 750! А пэнсію дабавілі трошкі — у нас па 800 зь нечым...».

Карэспандэнт: «Запісвалі непадалёк дзяўчыну — кляне Лукашэнку...».

Сп. Яніна: «Мы таксама клянём! Людзей колькі зьнішчыў — за што, за што?! Насабачыўся гаварыць, а на справе добра няма і ня будзе. Бабкі вераць...».

Сп. Фёдар: «Але ўжо ня вераць: было 200, стала 400 — што ён дабавіў? А падаражэла ўсё ў некалькі разоў — сама менш 50 тысяч браць у краму...».

Сп. Яніна: «А ў нас моладзі няма абсалютна. Вуліца Камсамольская — а ўсе звышпэнсіянэры за 80 год...».

Сп. Фёдар: «Мілыя мае, у нас непадалёк было чатыры васьмігадовыя школы, адна сярэдняя і тры пачатковыя — усе пазачынялі!».

Сп. Яніна: «А ў Эўропе што глядзяць — падпявалі яму! Жонка родная пра яго гаварыла — які зь яго прэзыдэнт?! Не паехала нават. Хлопчыка гэтага за сабой ташчыць — беднае, няшчаснае дзіця! Што б ні стала — хоча ўлады. А гаварыць жа ня ўмее — напаўпісьменны...».
6 год таму мы пазнаёміліся, бо Чэсік Немэн, як дагэтуль яго кліча спадарыня Яніна, быў яе шваграм ды вучнем абодвух Паўловічаў. Сёньня іх успаміны найкаштоўнейшыя.

Партрэт Чэслава Немэна мастака М.Мартынчука ў Васілішках.
Сп. Фёдар: «Мы яго ведалі як вучня — сярэдні. А слых геніяльны ў яго, прыгожа сьпяваў. Скарабацька Сьвятлана, яго дзяўчына, у яе прыгожы голас — разам сьпявалі з Чэсікам „Дзіўны тэн сьвят“...».

Карэспандэнт: «Ці ня вы мне расказвалі, што калі стаў знакамітым у Польшчы, прыехаў у Горадню і 1–2 шэрагі заангажаваў для васілішкаўцаў?».

Сп. Яніна: «Так, у 78-м прыехалі, зайшлі ў Дом афіцэраў — „ніводнага месца няма“. Як няма? „А, з Васілішак — поўны шэраг вольны!“. І нас зь нявесткай і ўнукам пасадзілі на першыя месцы. Але вяскоўцаў мала прыехала... Яшчэ быў выпадак, калі ён выступаў у Ерэване — дачка наша там жыве. Ён зьяжджаў — была маленькая, трапіла на яго канцэрт. Як яе пазнаў, ня ведаю — тэлефануе пра гэта ў 3 ночы — пазнаў нашу Таню...».

Сп. Яніна: «Пазабіралі ў нас усе фоткі чэслаўскія, некаторыя ў музэі. Кажам дырэктару «Пафотайце іх» — а ён: «Няма часу, няма часу!».

Карэспандэнт: «Музэй выйшаў ці лубок?».

Сп. Яніна: «Цяжка назваць гэта музэем — вельмі мала экспанатаў...».

Патлумачу. Год таму музэй узначаліў экс-старшыня сельсавету Ўладзімір Сянюта. Пад’ехаўшы да будынка, застаў сярод дня сьвірнавы замок на ўваходзе. Уверсе надпіс — «краязнаўчы музэй». Унізе — газэтны здымак Немэна. У тэлефоннай размове дырэктар папярэдзіў, што ня будзе размаўляць на «ўсякія» тэмы, а правядзе «экскурсію», калі журналіст заплаціць 5 тысяч за ўваход. Ужо ў Менску патэлефанаваў знаўцу творчасьці Немэна, вядомаму музычнаму журналісту Зьмітру Падбярэскаму.

Зьміцер Падбярэскі.
Падбярэзскі: «Я здаўна фэн Чэслава Немэна. У Менску існуе гурток аматараў Немэна, якія дапамагаюць, але без дапамогі збоку, вядома, не абысьціся. Ну, напрыклад, музэй ня мае асобнага рахунку, у той час як у Менску ёсьць людзі, гатовыя даць прыстойныя грошы на яго...».

Карэспандэнт: «Як ты чуў, у музэі няма экспанатаў, а ўжо бяруць 5 тысяч за ўваход...».

Падбярэзкі: «Ну дык у тым і справа. Кіраўнік гуртку Сяргей Філіпаў сказаў, што знойдзе грошы, каб зрабіць буклет у якасьці напамінку пра наведваньне музэю. Дагэтуль здымкаў няма, і таму стаіць уся гэта справа...».

Карэспандэнт: «Затое ёсьць старажытныя ткацкія прычындалы і дырэктар — былы старшыня сельсавету, які ці ніводнай кампазыцыі Немэна ня чуў...».

Падбярэскі: «Але справа рухаецца. Сябры гуртку здабылі патэфон 50-х гадоў, гітару туды прывезьлі. Вера Савіна, сцэнарыстка фільму пра Немэна, зрабіла фатаздымкі з канцэртаў Немэна. А нядаўна фартэпіяна туды прывезьлі...».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, прыхільнікі Немэна дзейнічаюць, а дзяржава зрабіла з музэю прафанацыю?»

Падбярэскі: «Сяргей Філіпаў быў на прыёме ў Латушкі, і той даручыў, каб займаліся ўсімі справамі музэю. Але грошай, зразумела, няма...».
* * *
Адно з самых яркіх знаёмстваў 6 год таму было з дачкой першага прадпрымальніка Васілішак ды Шчучыншчыны — Ядвігай Жолік. Ужо тады ладная, золатавалосая прыгажуня была гаспадыняй адзінай тут прыватнай прадуктовай крамы. Цяпер да яе дадалася прамтаварная. Пакуль пані Ядвіга прымала тавар, задаў пытаньне прадавачцы Людміле Скараход пра тое, як ідзе гандаль.

Скараход: «Вядома, людзі пытаюцца, што таньней — парашкі, шампунь, мыла. Мыцца трэба...».

Але вось колькі хвілін для размовы з пані Ядвігай.

Карэспандэнт: «Спадарыня Ядвіга, вы ўнікальная жанчына — за 10 год падарожжаў прадпрымальніцкіх дынастый не сустракаў...».

Ядзьвіга: «Бацька пачынаў з маленькай крамы — у доме аддзяліў пакойчык...».

Карэспандэнт: «6 год таму вас вельмі дапякала санстанцыя...».

Ядзьвіга: «Цяпер правярае раз на год — нашы кропкі падзелены на ступені рызыкі. Прадуктовы — 1 ступень. Прамтавары адкрылі 5 год таму. Шмат падаткаў плацім. З заводамі наўпрост працуем і па піве, і па малаку...».

Карэспандэнт: «А гэта значыць, што ў вас кошты ніжэйшыя, чым у дзяржкрамах — без накрутак ад базаў?».

Ядвіга: «Ну, так. У нас выходзіць на кілбасу 12, а ў дзяржавы 14 — яны зацікаўленыя ў тым, каб поўную накрутку даць. Цяжка з таварам. Прадукты і былі беларускія. А прамтавары — асартымэнт, пастаўкі зьменшыліся — з-за мяжы: шампуні, лякі. Цэны павялічыліся...».

Карэспандэнт: «Дык а дзеці працягнуць дынастыю?».

Ядвіга: «Хіба толькі дачка — будзе Ядвіга другая...». (Сьмех.)

Я ля ўваходу ў цэнтральны офіс ААТ «Васілішкі». За парканамі — шэрагі прасторных, закрытых хлявоў з заасфальтаванымі дарожкамі да іх. У паветры зусім не адчуваецца, што тут рохкаюць дзесяткі тысяч сьвіней. Гутару з заатэхнікам па кармах, спадаром Юрыем Ханько.

Карэспандэнт: «Колькі на комплексе зараз галоў?»

Ханько: «56 тысяч 600. У год на мясакамбінаты здаем 9000 тон. Дзякуючы добрай якасьці адпраўляем на Маскву, Санкт-Пецярбург 80 тон у месяц...».

Карэспандэнт: «У аграгарадку захавалі, кажуць, якасьць сьвініны толькі таму, што быў сэлекцыйна-гібрыдны цэнтар?».

Ханько: «Атрымліваем 3 пароды сьвіней — буйная белая, дзюрок, вандрас. Кожную здаём у сярэднім па 125–128 кг».

Карэспандэнт: «Вы некалькі год таму адкрылі свой кормазавод. Цалкам забясьпечваеце ўласнымі кармамі сваіх парсюкоў і парсючак?». (Сьмех.)

Ханько: «Так, але з-за неўрадлівасьці сёлета зерне прыйшлося закупляць. У сувязі з павелічэньнем пагалоўя трэба больш — да 59 тысяч тон. За мінулы год атрымалі толькі 27 тысяч...».

Карэспандэнт: «Колькі сярэдні заробак абслугі?».

Ханько: «На 1500 чалавек, што тут працуюць, — да мільёна...».

Пад’яжджаю да сапраўднага гарадка з чатырма дзясяткамі прэзыдэнцкіх домікаў. Як найчасьцей бывае, яны зьнешне ладныя, пафарбаваныя ў розныя колеры. Ці не ўпершыню зьдзіўляюць прасторныя хлявы ды прысядзібныя ўчасткі. Чакаючы падвоху ад расповедаў пра недахопы ўсярэдзіне, падыходжу да жанчыны, што працуе на зямлі разам зь дзяўчынай-падлеткам. Знаёмлюся са спадарыняй Ганнай Казарынай, якая пераехала з Варэнскага раёну Літвы, і яе ўнучкай, 11-гадовай Сьветай.

Ганна: «Прапіска тут будзе — унукі ў Беларусі нарадзіліся, дачка замужам за беларусам. У домік 4 верасьня засяліліся таго году...».

Сьвета: «Тут прыходзілі рамонт рабіць, глядзелі, як пафарбавана, замазана».

Ганна: «У хлеў і карова, і сьвіньні ўлезуць. Чарназём навазілі...».

Карэспандэнт: «Не сумуеце па Літве?».

Ганна: «І туды хочацца паехаць, і тут добра — то тут пажыву, то там. Во дачка ідзе, Жанна».
Васілішкі другі год муж знайшоў — працуе трактарыстам. У мінулым месяцы 2 мільёны 890 налічылі — але ж 30 дзён разразаў кампосты з раніцы да ночы.

Жанна: «Я 15 год жыла ў Беларусі. Васілішкі другі год муж знайшоў — працуе трактарыстам. У мінулым месяцы 2 мільёны 890 налічылі — але ж 30 дзён разразаў кампосты з раніцы да ночы. А я даяркай падменнай — 4 дні адпрацоўваем, потым выхадны. Крыху за мільён выходзіць. Мала такіх вёсак, як Васілішкі...».

Разам са мной у вандроўцы былі сябры Партыі БНФ, спадары Ўладзімір Круцікаў ды Міхась Бурачэўскі — апошні тут гадамі гасьцюе ў знаёмцаў. Дзелімся ўражаньнямі ад пачутага ды ўбачанага.

Карэспандэнт: «Што больш уразіла ў Васілішках — станоўчае ці адмоўнае?».

Бурачэўскі: «Звонку ўсё прыгожа. Але трэба зазірнуць у гісторыю. Яны здаўна займаліся сьвінагадоўляй і ўмудрыліся захаваць свой элітны статак. Таму ня бачу вялікай заслугі ўлады, што Васілішкі квітнеюць. Калі і падкінулі грошай, то ня ўсё вырашалі. Бо шмат дзе яны валяцца, а толку ніякага. Яны ж захавалі тэхналягічны патэнцыял і людзей...».

Карэспандэнт: «Але ж мы чулі, што апынуліся па вушы ў даўгах...».

Бурачэўскі: «Я ня ведаю, як з крэдытамі будуць расхлёбвацца? У нас і прэзыдэнт жыве па-калгаснаму, як у Саюзе. Прыходзіць новы старшыня — старыя даўгі сьпісалі і пачынаюць з нуля. Але цяпер трэба будзе аддаваць...».

Карэспандэнт: «А як тое, што толькі палова зерня ўласнага, хоць завод кармамі патэнцыйна можа ўвесь комплекс забясьпечыць? Затое „непрэзыдэнцкая“ культура кукуруза „закрывае“ пытаньне прыбыткам ад 7 тысяч тон ураджаю штогод. А малако наагул для гаспадаркі дае па нулях?».

Круцікаў: «Зьвязана з тым, што дзяржава абавязковыя пляны па пасадцы зерня даводзіць, І Васілішкі, маючы вельмі вялікую плошчу, мусяць ганяць трактары за 20 км. А трактар сапсаваўся? Шмат паліва „выпальваецца“ ў паветра. Пасьля таго як пачалі „дагружаць“ іншымі гаспадаркамі — аграгігантызм пачаў даваць збой. І гэта спадзяваньняў на пэрспэктыву Васілішкам не нясе...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG