Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктары супраць прыватызацыі


Расейскія інвэстары не пагаджаюцца купляць дзяржаўную долю беларускага апэратара сотавай сувязі МТС за адзін мільярд даляраў, бо лічаць цану завышанай. А супраць продажу прыватнікам невялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў актыўна выступаюць іх дырэктары, якіх падтрымліваюць у некаторых міністэрствах і ведамствах. Пра ўсё гэта распавёў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі Георгі Кузьняцоў.

Адно з прадпрыемстваў, якія найбольш прыцягваюць увагу замежных інвэстараў,— зарэгістраванае ў Беларусі супольнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Мобильные ТелеСистемы», больш вядомае пад назовам МТС. Яно мае двух заснавальнікаў — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам» і расейскае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Мобильные ТелеСистемы».

Беларусь гатовая прадаць сваю долю ў ім, сказаў сёньня спадар Кузьняцоў:

«МТС расейскае прапаноўвала нам 300–500 мільёнаў даляраў. Але калі мы ацэньваем нашыя прадпрыемствы, то я стаўлю задачу — ацаніць іх па максымуме. А інвэстар прыходзіць са сваёй ацэнкай. А іх задача — зрабіць па мінімуме. І падчас перамоваў мы выходзім на рэальную рынкавую цану.

Сёньня мы лічым, што наш пакет, а гэта 51% усіх акцый, каштуе дзесьці 970–960 мільёнаў. Мы просім за яго мільярд даляраў».

Жаданьне завысіць рэальны кошт беларускай маёмасьці выразна праглядаецца асабліва апошнім часам, адзначае эканаміст Леў Марголін:
Гэта робіцца дзеля таго, каб стварыць уражаньне, што мы тут са скуры вылузваемся, хочам правесьці прыватызацыю.

«Гэта робіцца дзеля таго, каб стварыць уражаньне, што мы тут са скуры вылузваемся, хочам правесьці прыватызацыю. Бо ёсьць толькі два ўсясьветна прызнаныя спосабы ацэнкі маёмасьці. Першы — гэта рынак, адкрыты аўкцыён. І другі — ёсьць усясьветна вядомыя фірмы, якія займаюцца менавіта ацэнкай маёмасьці. І можна іх запрасіць. Дарэчы, іхнымі паслугамі карысталіся, калі ацэньвалі «Белтрансгаз».

Журналістаў сёньня цікавіла: якія яшчэ буйныя прадпрыемствы, асабліва з нафтахімічнага комплексу, будуць у бліжэйшы час выстаўленыя на продаж? Кіраўнік Дзяржкамітэту прызнаўся: гэта выходзіць за сфэру яго кампэтэнцыі:

«Гэта асобная сфэра. Мы пакуль у яе ня ўлазім. Да той пары, пакуль нам не дадуць канкрэтнае даручэньне. Гэтыя пытаньні вырашае кіраўнік дзяржавы, урад займаецца».

І яшчэ адно прызнаньне сёньня зрабіў Георгі Кузьняцоў: у краіне многа праціўнікаў прыватызацыі. Гэта, найперш, дырэктары прадпрыемстваў, якія баяцца, што новы ўласьнік прывядзе з сабою і новы мэнэджмэнт. Таму цяперашняе кіраўніцтва настройвае працоўныя калектывы супраць прыватызацыі. Так, паводле кіраўніка дзяржкамітэту, адбылося, напрыклад, на Лідзкім заводзе харчовых канцэнтратаў, Баранавіцкай швачнай фабрыцы…

Такія настроі, сапраўды, маюць месца ў Беларусі, пацьвярджае Леў Марголін:

«Стары дырэктарскі склад разумее, што можа не знайсьці сабе месца пры новым уласьніку. І ў міністэрстве разумеюць, што калі ў іх ня будзе падведамных прадпрыемстваў, дык і іх могуць скасаваць. Але калі б у дзяржавы сапраўды было жаданьне нешта зрабіць, то ў нашых умовах гэта лёгка. Усім жа вядома, што ўлады робяць з тымі дырэктарамі, якія адважваюцца хоць адно слова сказаць насуперак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG