Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сукала: Дробныя адміністрацыйныя справы магла б разглядаць міліцыя


Валянцін Сукала

Валянцін Сукала

Так званыя дробныя адміністрацыйныя справы, зьвязаныя з хуліганствам або расьпіваньнем сьпіртных напояў у публічных месцах, можна было б перадаваць на разгляд начальнікам тэрытарыяльных падразьдзяленьняў органаў унутраных спраў. Пра гэта сёньня заявіў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БЕЛТА.

Валянцін Сукала дадаў, што цяпер Вярхоўным судом рыхтуюцца адпаведныя прапановы: "Думаю, што гэтая праблема будзе вырашана. На наш погляд, значна зьнізіцца нагрузка на суды па адміністрацыйных справах. Прыкладна 250 тыс. з 400 тыс. адміністрацыйных спраў за год з судоў можа сысьці ".

"Тут няма нічога новага. Гэта адпрацаваная сыстэма. І на нарадзе ў прэзыдэнта Беларусі я прапаноўваў гэта як адзін з спосабаў разгрузкі нашай судовай сыстэмы ад таго патоку адміністрацыйных спраў, які сёньня літаральна захліствае суды", - сказаў Валянцін Сукала. Ён адзначыў, што за першае паўгодзьдзе 2011 году ў суды паступіла ўжо 215 тыс. такіх спраў.

Гаворачы аб магчымасьці разгляду згаданай катэгорыі спраў начальнікамі тэрытарыяльных падразьдзяленьняў міліцыі, старшыня Вярхоўнага суду падкрэсьліў: "Яны могуць толькі накладаць штрафы. А ў тых выпадках, калі яны палічаць, што для пакараньня таго або іншага правапарушальніка патрэбен адміністрацыйны арышт, варта накіроўваць матэрыял у суд. Толькі суд можа накладаць адміністрацыйны арышт".

Валянцін Стэфановіч

Прапанову старшыні Вярхоўнага суду камэнтуе намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:

«Тут нічога новага няма. У нас даволі шмат суб'ектаў, якія маюць справа накладаць штрафы на грамадзянаў. Гэта ня толькі міліцыя, але і пажарнікі, і падаткавыя інспэкцыі, і лесьнікі, і газавікі, і каго там толькі няма.

Іншая справа, што адміністрацыйныя справы, за якія прадугледжваецца адміністрацыйны арышт - яны ўсе адносяцца да кампэтэнцыі судоў. Таму калі дробнае хуліганства, за якое прадугледжваецца штраф, будзе разглядацца супрацоўнікамі міліцыі, начальнікамі РУУСаў, дык нічога новага ў гэтым няма.

Тут пытаньне ў іншым - наколькі будуць захоўвацца правы грамадзянаў пры разглядзе такіх справаў. Але й тут розьніцы вялікай няма, хто гэта будзе рабіць - суды або міліцыя. Цяпер гэтыя судовыя канвэеры па "маўклівых акцыях", дзе людзей абвінавачваюць у "нецэнзурнай лаянцы", паказалі, што суды таксама не скіраваныя на выяўленьне праўды і рэальных абставінаў справаў. Матэрыялы з самага пачатку фальсыфікуюцца міліцыяй, а суды па іх выносяць незаконныя пастановы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG