Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктара Канцавенку з Рэчыцы прызналі палітычным уцекачом


Васіль Лаўрынюк, Віктар Канцавенка і Мікола Статкевіч паляць свае пасьведчаньні

Васіль Лаўрынюк, Віктар Канцавенка і Мікола Статкевіч паляць свае пасьведчаньні

Рэчыцкі грамадзкі актывіст Віктар Канцавенка, які ачольваў на Гомельшчыне перадвыбарчы штаб экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, атрымаў у Польшчы афіцыйны статус палітычнага ўцекача. Гэты статус яму надала 12 ліпеня Варшаўская ўправа па справах замежнікаў.

Як паведаміў сам спадар Канцавенка, ліст ад кіраўніка ўправы ён атрымаў учора, 20 ліпеня. Афіцыйны статус палітычнага ўцекача, па сутнасьці, ураўноўвае яго ў правах з грамадзянамі Польшчы. Цяпер ён мае права доступу да сыстэмы адукацыі, рынку працы, права на абарону ад беспрацоўя, свабоднае вядзеньне гаспадарчай дзейнасьці, падтрымку з фонду грамадзкай і сямейнай дапамогі, сацыяльную пэнсію, мэдычнае абслугоўваньне.

Маючы таксама "жэнэўскі пашпарт", палітычны ўцякач можа свабодна перамяшчацца па краінах Эўропы. Адзінае, чаго ня можа ўцякач, — гэта ўдзельнічаць нароўні з палякамі ў выбарах.

Віктар Канцавенка эміграваў зь Беларусі ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу на пяты дзень па заканчэньні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі за кратамі апынуліся ня толькі апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, але й іх давераныя асобы й кіраўнікі перадвыбарчых штабоў. Спэцслужбы сталі вінаваціць спадара Канцавенку ў спробе замовіць на адным са жлобінскіх заводаў выраб мэталічнай арматуры для вулічных беспарадкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG