Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўклівыя акцыі пайшлі на спад


Сёньня вечарам у рэгіёнах Беларусі прайшла чарговая, ужо дзявятая па ліку, акцыя маўклівага пратэсту. Арганізавала яе інтэрнэт-супольнасьць «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Як расказваюць карэспандэнты «Свабоды», гэтым разам у рэгіёнах і ўдзельнікаў акцый, і затрыманых было менш, чым звычайна.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні сёньня маўклівай акцыі практычна не адбылося. У раённых цэнтрах яны былі зусім нешматлікімі, толькі ў Ваўкавыску затрымалі двух удзельнікаў.

Вуліцу Савецкую і Савецкую плошчу ў Горадні міліцыянты ачапілі з усіх бакоў яшчэ за гадзіну да пачатку акцыі. Па пэрымэтры Старога гораду стаялі міліцэйскія аўтобусы, у якіх сядзелі людзі ў форме і ў цывільным.

Стары горад быў практычна блякаваны. Людзі, якія праходзілі Савецкай вуліцай, бачылі, што з усіх бакоў міліцыя. І ніхто не запыняўся побач з Палацам прафсаюзаў, дзе зазвычай зьбіраліся ўдзельнікі акцыі.

Пра затрыманых дакладнай інфармацыі няма, акрамя таго, што а 19-й гадзіне на рагу вуліц Дамініканскай і Савецкай двое ў цывільным забралі хлопца з роварам. Праўда, гэтым разам міліцэйскія аўтобусы заставаліся ў цэнтры гораду яшчэ і пасьля 20-й гадзіны, а вуліцу Савецкую працягвалі патруляваць міліцыянты ў форме і ў цывільным.

Дакладна вядома пра затрыманьні толькі ў Ваўкавыску. Хлопцы, якіх было ня болей за 10 чалавек, а палове на восьмую зьбіраліся ўжо разыходзіцца і запляскалі ў ладкі. Чатырох адразу забралі міліцыянты. Праўда, у пастарунку апынуліся толькі двое — Віталь Гуляк і Арцём Кузьняцоў. Напачатку зь імі не было сувязі, але потым тэлефон Віталя адказаў. Віталь паведаміў, што зь імі гутараць супрацоўнікі міліцыі.

У Лідзе ў «маўклівай» акцыі ў цэнтры гораду бралі ўдзел ня болей за 10 чалавек, хоць на ранейшыя акцыі зьбіралася да 80. Сёньня міліцыянтаў было разы ў два болей за ўдзельнікаў. Калі акцыя ўжо скончылася, у цэнтры гораду на лавачцы засталіся сядзець трое хлопцаў. Да іх падышлі міліцыянты і запатрабавалі паказаць дакумэнты. Перапісалі дадзеныя, вярнулі дакумэнты і нікога не забралі.

У Бярозаўцы Лідзкага раёну ўдзел у «маўклівай» акцыі бралі восем чалавек. Па словах аднаго зь іх, міліцыянты прыехалі ў цэнтар мястэчка на пяці машынах. Усіх удзельнікаў здымалі на камэру, а потым ад’ехалі. Удзельнікі разышліся самі пасьля 20-й гадзіны.

У Слоніме на месцы збору ўдзельнікаў «маўклівай» акцыі ў цэнтры гораду сабралася да 10-ці чалавек. Міліцыянты іх не чапалі, у ладкі ніхто ня пляскаў, а палове на восьмую ўсе спакойна разышліся.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Людзей чакаюць увосень

Пра гэта казалі сёньня ў Рагачове. Тут акцыя прайшла каля райвыканкаму. Было 10–20 чалавек, людзі падыходзілі і адыходзілі. Ад воплескаў вырашылі адмовіцца, бо прыйшло замала людзей.

У параўнаньні з апошняй серадой сёньня людзей было крыху больш. Удзельнікі гаварылі між сабой, што большая масавасьць чакаецца ўвосень, калі людзі вернуцца з адпачынкаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Міліцыянты зноў былі ў цывільным

У Магілёве на бульвар Леніна, які насупраць аднайменнай плошчы, прыйшлі паўдзельнічаць у традыцыйным народным сходзе па серадах каля сотні чалавек. Пераважна моладзь. Сквэр, дзе звычайна зьбіраліся людзі, ачапілі міліцыянты.

Адным зь першых, да каго падышлі міліцыянты, быў карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Асіпцоў. Супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Андрэй Цецюрукоў запатрабаваў у журналіста дакумэнт, які дазваляе яму гутарыць зь людзьмі. Пасьведчаньня міліцыянту было недастаткова, як і аўтарскай дамовы журналіста з кампаніяй. Вырашыў праблему праз тэлефон генэральны дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай.

Тое, што сёньняшняя акцыя пратэсту была нешматлюдная, нікога з удзельнікаў не бянтэжыла. Праваабаронца Валадар Цурпанаў на сотню чалавек і спадзяваўся:

«Паколькі гэта штука такая самачынная, то я спадзяюся, што людзі скарыстаюцца з крэатыву й знойдуць сродкі для выяўленьня свайго пратэсту. Апошнім разам людзі, напрыклад, пачалі прыходзіць з малымі дзеткамі, сем’ямі».

Пакуль гутарым з Цурпанавым, да трох дзяўчат, якія пляскалі ў ладкі, падыходзіць міліцыянт.

Дзяўчаты: «А што здарылася? А што мы зрабілі? А мы гуляем. „Гусі ляцелі“. Хочаце з намі пагуляць? Ляцеў вось гусь...».

Міліцыянт: «Я не магу, на службе знаходжуся».

Дзяўчаты: «А мы не на службе. Мы гуляем. У нас выхадны».

Міліцыянт: «Ну, добра, гуляйце».

Дзяўчаты: «Дзякуем вам».

Як высьветлілася, гульня з плясканьнем у ладкі спадабалася многім. Асабліва бацькам, які прыйшлі зь дзецьмі. Рэакцыя міліцыі — папярэджаньне праз мэгафон:

«Просьба да вас разысьціся, бо ваша гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае. Прыцягненьне ўвагі, я маю на ўвазе», — страшыў людзей маёр Андрэй Цецюрукоў.

Папярэджаньні былі й журналістам, каб міліцыянта не здымалі.

«Андрэй Анатольевіч, вы паведамленьне даяце. Трэба ж запісаць», — тлумачылі журналісты.

Маўклівы сход скончыўся без затрыманьняў. Апошнімі бульвар пакінулі міліцыянты.

Дзяўчаты гуляюць, паводле міліцыянтаў, у забароненую гульню «Гусі паляцелі».
Гульня з плясканьнем у ладкі спадабалася многім. Асабліва бацькам, прыйшлі зь дзецьмі.
Удзельнікі «народнага гуляньня» на бульвары Леніна. На заднім пляне аўтобус, стаяў, пакуль доўжыўся сход.

У Бабруйску, паводле журналісткі Алесі Скапінавай, да плошчы Леніна прыйшло больш за сто чалавек:

«Міліцыянтаў было крыху менш, чым мінулым разам. У адным з двароў каля плошчы знаходзіўся атрад міліцыі з усімі патрэбнымі аксэсуарамі. Людзі спакойна гулялі зь дзецьмі, сядзелі на лаўках. Падыходзілі, віталіся адзін з адным».

І ў Магілёве, нягледзячы на заяву генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча, было шмат міліцыянтаў у цывільным. Яны абступалі найбольш актыўных пратэстоўцаў, але потым ад іх адыходзілі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Прыйшло менш за сотню

Сёньняшняя «маўклівая акцыя» ў Берасьці сабрала менш за сотню чалавек. Яна прайшла па тым сцэнары, які і плянаваўся. У 19:30 людзі папляскалі ў ладкі і паступова пачалі разыходзіцца.

Падчас акцыі ля кінатэатру «Беларусь» затрыманьняў не было. Міліцыянты спрабавалі затрымаць намесьніцу старшыні прафсаюзу працаўнікоў РЭП Зінаіду Міхнюк, але пратэстоўцам удалося адбіць яе ад людзей у цывільным.

Аднак вядома, што на падыходах да месца правядзеньня акцыі затрымалі 4 чалавек — прадстаўніка АГП Марата Несьцярэнку, сацыял-дэмакрата Аляксея Коўтуна, карэспандэнтку «Радыё Рацыя» Алісу Поль і аднаго з адміністратараў берасьцейскай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» «Вконтакте» Зьмітра Шурхая. Затрыманыя цяпер знаходзяцца ў Ленінскім РАУС Берасьця.

Акрамя таго, прэвэнтыўна затрымліваўся непаўналетні берасьцейскі актывіст Сяргей Алексіевіч, які ўрэшце ўцёк ад міліцыянтаў.

Відавочна, што акцыя пайшла на спад і ў рэгіёнах Берасьцейшчыны.

Як паведаміў грамадзкі актывіст з Баранавічаў Уладзімер Гундар, да пачатку акцыі міліцыянты зачысьцілі галоўную плошчу гораду: зачынілі піўны намёт і нават пракат дзіцячых аўтамабільчыкаў. На саму акцыю сабралася ўсяго пара дзясяткаў чалавек, якія хутка разышліся пасьля настойлівых патрабаваньняў міліцыянтаў. Як распавёў Уладзімер Гундар, перад пачаткам акцыі ў Баранавічах затрымалі 2 чалавек.

У Бярозе да пачатку акцыі была ачэплена плошча, людзей туды не пусьцілі. Акцыя фактычна не адбылася.

У Белаазёрску на акцыю выйшлі пятнаццаць чалавек. Міліцыянты затрымлівалі мясцовага актывіста Канстанціна Дзенісеню, але ўрэшце адпусьцілі.

У Івацэвічах на плошчы было больш міліцыянтаў, чым людзей. Фактычна тут знаходзілася ўсё начальства мясцовага РАУС, а таксама начальнікі з ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму. З адным такім начальнікам пагутарыў мясцовы актывіст Станіслаў Халадовіч, на чым, фактычна, акцыя і скончылася.
XS
SM
MD
LG