Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі палітычнага бальзамаваньня


Сямнаццатай гадавіне кіраваньня адзінага палітыка Беларусі прысьвячаецца

Для правіцеля, які доўгі час знаходзіцца ва ўладзе, як і для вялікага спартоўца, важна ў час сысьці з арэны. Адчуваньне гістарычнага часу, вычарпанасьці ўласнай місіі ў жыцьці народу — гэта адмысловы талент.

Кажуць, што Лукашэнка валодае вельмі вострым палітычным чуцьцём. І яно павінна было падказаць яму, што трэба сыходзіць. Калі б ён дабыў свой апошні тэрмін і ня ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, то застаўся б у памяці значнай часткі (калі ня большасьці) грамадзтва як станоўчая гістарычная постаць.

Уявіце сабе, што цяпер у Беларусі быў бы іншы прэзыдэнт — і пры ім бы абвалілася эканоміка, адбылася дэвальвацыя, скончылася валюта, пачаўся хуткі рост цэнаў. І няхай бы новыя кіраўнікі і эканамісты даводзілі, што гэта палітыка папярэдняга кіраўніка прывяла да крызісу, але большасьць народу цьвёрда лічыла б: пакуль быў Лукашэнка, была стабільнасьць, парадак і нават заробак у 500 даляраў. Па кантрасьце зь непазьбежнымі рынкавымі рэформамі, якія б пачаліся, эпоха Лукашэнкі выглядала б як пэрыяд спакойнага і сытага жыцьця.

Але Лукашэнка не сышоў. Прага да ўлады выявілася мацнейшаю за палітычнае чуцьцё. Як казала бізантыйская імпэратрыца Тэадора, "пурпур улады — найлепшы саван". І цяпер на яго абрынуліся ўсе наступствы сыстэмнага крызісу створанай ім мадэлі, абвал рэйтынгу, страта станоўчага іміджу. Як кажуць некаторыя "прасунутыя" людзі, ШОС. Вядома ж, ад народнай любові да нянавісьці адзін крок.

Існуе яшчэ адна праблема. Доўгае сядзеньне на адным месцы нават таленавітага палітыка ператварае ў помнік зь іншай эпохі. Палітычнае бальзамаваньне прыводзіць да таго, што ён страчвае сувязь з рэальнасьцю, пачуцьцё меры. На новыя выклікі ён дае старыя адказы. Што мы цяпер і назіраем. Ён ня здольны ісьці на кампраміс ні з кім ані ўнутры краіны, ані звонку. Сындром старой зь вядомае казкі Пушкіна — невылечная хвароба ўсіх дыктатараў.

Чалавек, які доўгі час знаходзіцца ва ўладзе, ня можа не задумвацца пра тое, кім ён застанецца ў гісторыі. Якая гістарычная місія Лукашэнкі? Расейскія навукоўцы, прыхільнікі беларускага кіраўніка Сяргей Кара-Мурза, Аляксандар Цыпко, Рой Мядзьведзеў спрабавалі давесьці гістарычную заканамернасьць і эфэктыўнасьць беларускай мадэлі як альтэрнатывы рэформам постсацыялістычных краін. Яны пісалі, што "праект Лукашэнкі" — гэта аптымальная мадэль "паступовага, абярэжнага адыходу ад камунізму", адаптацыі да новай эпохі ў процівагу шокавай трансфармацыі ў суседніх дзяржавах.

Сёньня пасьля 17 гадоў экспэрымэнту можна падводзіць пэўныя вынікі. Магчыма, "праект Лукашэнкі" ў сваім тэарэтычным варыянце і меў нейкую гістарычную мэтазгоднасьць. Прыход да ўлады дзейнага кіраўніка быў сапраўды сыгналам негатоўнасьці беларускага грамадзтва да рэформаў, кансэрватыўнай рэакцыяй на выклікі мадэрнізацыі і глябалізацыі.

Аднак гэтую тэарэтычную чысьціню зруйнавала прага Лукашэнкі да поўнай і абсалютнай улады. Лёгіка паступовага адыходу ад камунізму і лёгіка абсалютнага ўладараньня чым далей, тым больш супярэчылі адна адной. Можна сказаць, што вынікі гістарычнага разьвіцьця краіны за 17 гадоў, ягоныя кірункі, павароты і зыгзагі былі пабочнымі прадуктамі барацьбы Лукашэнкі за ўмацаваньне сваёй улады.

Лічыць беларускую мадэль адаптацыйнай да сучасных гістарычных тэндэнцый можна было б пры ўмове, калі б краіна павольна, але пасьлядоўна рушыла ў бок рынкавай эканомікі і дэмакратыі. Аднак гэтага не адбывалася. Наадварот, у палітычнай сфэры рух ішоў у процілеглы бок. А тое, што дзеецца ў краіне пасьля 19 сьнежня, разбурае нават тую пастаральную карцінку, якую малявалі расейскія прыхільнікі Лукашэнкі. Крызіс беларускай мадэлі стаў відавочны для ўсіх.

Місія рэстаўратара і захавальніка старой сыстэмы правалілася. А місія мадэрнізатара аказалася непасільнаю. У выніку краіна апынулася ў гістарычным тупіку, пэрспэктывы выйсьця зь якога выглядаюць усё больш трагічнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG