Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі прайшла цырымонія перадачы дабрачыннага грузу, прысланага амэрыканскай дабрачыннай арганізацыяй "City Hope International". Маленькія пацыенты цэнтру атрымалі лекі, аналягаў якім няма ў Беларусі, на суму звыш 4 мільярдаў рублёў.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, выступаючы перад лекарамі, маці малых пацыентаў і дзеткамі, шмат хто зь якіх прыйшоў у актавую залю зь перасоўнымі кропельніцамі, згадаў і сваю пэрсанальную драму, зьвязаную з ракам:

"На жаль, кожны з нас сутыкаўся з гэтай хваробай альбо ведаў тых, хто меў такі досьвед. У маім выпадку хворай на рак была мая маці. Дзякуючы мэдыкамэнтам, такім жа, як гэтыя, яна змагла пражыць яшчэ 10 гадоў, пасьля таго як даведалася пра свой дыягназ: лейкемія".

Майкл Скэнлан выказаў непрыхаваную радасьць ад таго, што разам з грамадзкімі арганізацыямі ЗША і Беларусі ўрад Злучаных Штатаў дапамагае хворым на рак беларускім дзецям. "Гэтая праграма дапамогі дзейнічае ўжо 20 гадоў і працягне сваю дзейнасьць",— запэўніў кіраўнік амэрыканскай амбасады:

"Больш чым за 20 гадоў у Беларусь было накіраваная гуманітарная дапамога на суму больш як 100 мільёнаў даляраў. Сакрэт жа ў тым, што мы проста забясьпечваем падтрымку такім праграмам, але асноўны цяжар працы ляжыць на няўрадавых арганізацыях у ЗША і Беларусі".

Гуманітарны груз, які сёньня быў дастаўлены ў дзіцячы цэнтар анкалёгіі і гематалёгіі, каштуе каля 1 мільёна даляраў. З амэрыканскага боку місію арганізоўвала добра вядомая ў Беларусі дабрачынная арганізацыя "City Hope International", зь беларускага — дабрачынная арганізацыя "Надзея Экспрэс". Яе кіраўнік Міхаіл Собаль кажа, што і ў ЗША, і ў Беларусі было шмат зроблена, каб даставіць лекі, неабходныя хворым на рак дзецям. Дарагія лекі закупляліся на замовы беларускіх шпіталяў. Вялікую падтрымку, у тым ліку матэрыяльную, дабрачынныя арганізацыі маюць ад ураду ЗША. Разам з тым некаторыя беларускія правілы афармленьня падобных гуманітарных грузаў, на думку спадара Собаля, варта было б перагледзець:

"Да нашых гуманітарных паставак абсалютна аднолькавае стаўленьне, як да звычайнай камэрцыйнай пастаўкі мэдыкамэнтаў, патрабуецца тое ж кола дакумэнтаў, тыя ж абавязаньні і іншае".

Намесьніца галоўнага лекара цэнтру Аксана Раманава перш за ўсё выказала падзяку амэрыканскаму ўраду і дабрачынным арганізацыям:

"У 2009 годзе мы атрымалі дапамогі на 485 мільёнаў рублёў, сёлета — на 4 мільярды 401 мільён. Гэта прэпараты, якія жыцьцёва неабходныя і выкарыстоўваюцца выключна паводле прызначэньня".

Аксана Раманава кажа, што ў іхнім цэнтры да поўнага выздараўленьня лечаць 74 працэнты маленькіх пацыентаў — гэта высокі паказчык, які даводзіць, што рак — не фатальны дыягназ. Да 1990 году ў СССР выратоўвалі толькі 15 працэнтаў анкалягічна хворых дзяцей. Паводле яе слоў, з усіх рэгіёнаў Беларусі па захворваньнях дзяцей на рак лідзіруюць Менск і Менская вобласьць, у тым ліку таму, што сюды пераехала большасьць жыхароў адселеных чарнобыльскіх рэгіёнаў.

Старшыня дабрачыннай арганізацыі "Надзея Экспрэс" Міхаіл Собаль

Намесьніца галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі Аксана Раманава

Будынак цэнтру

Ікона ў фае цэнтру

Кожны ліст на кроне Дрэва жыцьця — адбітак далоні кагосьці з маленькіх пацыентаў

На ўрачыстасьць прыйшлі мамы і дзеткі зь перасоўнымі кропельніцамі

На многіх кропельніцах — цацкі

Узоры дастаўленых лекаў

Майкл Скэнлан гутарыць з двума маленькімі пацыентамі анкалягічнага цэнтру

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG