Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыя па серадах. А перад ёй — «прафіляктыка»


Сёньня ў рэгіёнах Беларусі на заклік з сацыяльных сетак рыхтуюцца да новай акцыі пратэсту. Час выхаду на цэнтральныя плошчы гарадоў — 19 гадзін. Многія ўдзельнікі ранейшых падобных акцый былі затрыманы міліцыяй, арыштаваны, аштрафаваны. Пра падзеі, якія спадарожнічаюць падрыхтоўцы да акцыі, расказваюць журналісты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Рабіць высновы рана

Апошняя маўклівая акцыя ў Горадні была менш люднай, чым папярэднія. Аднак шмат хто лічыць, што па адной акцыі нельга рабіць высновы наконт таго, ці ўдалося ўладам зьбіць хвалю пратэсту.

Удзельнік маўклівай акцыі, якога затрымалі ў Горадні 3 ліпеня ўсяго за гадзіну да яе пачатку, усё яшчэ ходзіць па судах. Ён пісаў скаргу ў пракуратуру на незаконнае затрыманьне. І вось напярэдадні серады яго выклікалі ў КДБ. Прычым, выклікалі праз тэлефон, бяз позвы. А там паўтарылася тое, што было і зь іншымі ўдзельнікамі маўклівых акцый:

«Дапытвалі мяне наконт адносін да сацыяльных сетак, ці ёсьць я „Вконтакте“, ці ўдзельнічаў у папярэдніх акцыях, дзе быў такога і такога дня, ці сам арганізоўваю гэтыя акцыі, і ўрэшце пачалі мне тыкаць Крымінальным кодэксам».

Актывіст зь Бярозаўкі Лідзкага раёну распавядае, што апошнія маўклівыя акцыі ў іх прайшлі зь меншай колькасьцю людзей. Перш за ўсё запалохалі падлеткаў і іх бацькоў:

«Іх зацёгалі па навучальных установах на прафіляктычныя гутаркі, бралі падпіскі і расьпіскі, што яны нідзе ня будуць хадзіць, тэлефанавалі бацькам і папярэджвалі, што штрафы будуць сягаць 8 з паловай мільёнаў рублёў».

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які вядзе назіраньне за маўклівымі акцыямі, таксама адзначае, што ў апошняй удзельнічала менш людзей, чым звычайна. Ён не выключае, што жорсткія затрыманьні, зьбіцьцё затрыманых, суды, штрафы адбіваюцца на колькасьці ўдзельнікаў, але ў той жа час кажа, што рабіць высновы па адной акцыі не выпадае:
Напэўна, бліжэйшыя серады пакажуць, наколькі ўдзельнікі гэтае „рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“ дзейсныя і актыўныя.

«Напэўна, бліжэйшыя серады пакажуць, наколькі ўдзельнікі гэтае „рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“ дзейсныя і актыўныя і наколькі гэты рух шырыцца альбо згасае ці застаецца на тым самым узроўні. Трэба трохі пачакаць».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Месца сустрэчы зьмяніць можна

Месца правядзеньня сёньняшняй «маўклівай акцыі» ў Берасьці зьмянілася. Плянуецца, што яна адбудзецца на вуліцы Савецкай на пляцоўцы перад кінатэатрам «Беларусь», а не на плошчы Леніна.

Як паведамляе берасьцейская суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» «Вконтакте», фармат сёньняшняй акцыі не мяняецца — у 19:30 яна павінна скончыцца.

Зьмена месца правядзеньня акцыі выклікала дыскусіі сярод берасьцейскіх актывістаў. Некаторыя лічаць, што гэта зможа вярнуць першапачатковую колькасьць людзей, якія выходзілі на плошчу. Іншыя ж актывісты, як, напрыклад, Іван Стасюк, мяркуюць, што ўсялякія пераносы спараджаюць толькі блытаніну. А гэта ў выніку прыводзіць да зьмяншэньня колькасьці людзей. На думку Івана Стасюка, лепш было б праводзіць акцыю кожны раз у адным і тым жа месцы.

Пакуль берасьцейскія актывісты дыскутуюць, слушна ці няслушна будзе зьбірацца ў новым месцы, берасьцейская міліцыя распачала прэвэнтыўныя затрыманьні. Каля 15:00 быў затрыманы непаўналетні Сяргей Алексіевіч. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС. Берасьцейскія міліцыянты затрымліваюць Сяргея Алексіевіча ледзь ня перад кожнай маўклівай акцыяй.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Адбудуцца пратэсты на Магілёўшчыне

Аднак спадзяваньняў на тое, што на акцыі прыйдзе шмат народу, у актыўных іх удзельнікаў няма.

У Магілёве традыцыйна на мірны маўклівы пратэст людзі прыйдуць у сквэр насупраць плошчы Леніна. У мінулую сераду магілёўцы пратэставалі на пляцоўцы насупраць гарвыканкаму. Затрыманых тады не было. Міліцыянты толькі спраўджвалі ў людзей дакумэнты. Міліцыі, паводле відавочцаў, на пляцы было гэтулькі ж, як і цывільных людзей. Цяпер там школьны базар.

Пра шматлюднасьць мы можам толькі марыць. Я быў бы задаволены, калі б была й сотня чалавек.
«Пра шматлюднасьць мы можам толькі марыць. Я быў бы задаволены, калі б была й сотня чалавек. Чаму? Ну, вядома, брутальнасьць дзеяньняў улады. Людзі, якія прыходзяць, яны ж не абазнаныя ў гэтых пытаньнях, а для іх гэтая жорсткасьць, неадэкватная самой форме гэтага пратэсту, — найбольш уплывовая рэч, як мне падаецца», — зазначае магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў.

Напярэдадні маўклівых акцыяў пратэсту ў Магілёве міліцыя наведвалася да актывістаў апазыцыі, каб правесьці прафіляктычныя гутаркі, папярэдзіць пра недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў. Гутарак, праўда, не атрымлівалася. Актывісты патрабавалі выслаць позвы.

Не чакаюць шматлікасьці маўклівага пратэсту і ў Бабруйску. Тут таксама сілавыя структуры правялі адпаведную працу. Гаворыць журналістка Алеся Скапінцава:

«23 чалавекі, якія былі затрыманыя 7 ліпеня — іх папярэдзілі працадаўцы, каб яны сёньня не прыходзілі. Інакш у іх будуць праблемы. Аж да звальненьня. Да працадаўцаў прыходзілі ці то супрацоўнікі КДБ, то міліцыі, і празь іх спрабавалі неяк паўплываць на рашэньні людзей — ісьці на плошчу ці не».

Падтрымаць маўклівыя пратэсты наважваюцца таксама ў некаторых меншых райцэнтрах рэгіёну. Каб не падпасьці пад перасьлед, людзі не зьбіраюцца ў вялікія грамады.

Пік шматлікасьці маўклівых пратэстаў прыпаў на трэцяга ліпеня. Удзельнічала ў іх да тысячы чалавек. Паводле міліцыянтаў — да паўтысячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG