Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПА-РАНЕЙШАМУ ГОРАЧА...


... удзень ад +28 да +34°С. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы.

СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ:


У менскай галерэі "Ў" (пр-т Незалежнасьці, 37А) а 18 гадзіне адбудзецца ўстаноўчы сход менскай гарадзкой арганізацыі руху "За свабоду".

Ва ўправе сацыяльнай абароны адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску (пр-т Дзяржынскага, 10, каб. 113) ад 16-й да 19-й гадзіны адбудзецца выязны прыём намесьніцай старшыні камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму Натальляй Праскуравай у пытаньнях сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.

У менскім джаз-клюбе Яўгена Уладзімірава (Палац рэспублікі, вул. Кастрычніцкая, 1) а 19-й гадзіне адбудзецца джазавы вечар "Залатыя блюзы Бі Бі Кінга", на якім выступяць пяць джазавых гітарыстаў.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У аўстралійскім Мэльбурне пачнецца 60-ы міжнародны кінафэстываль.

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан накіруецца ў Інданэзію і Ганконг.

Амбасадар Расеі ў НАТО Дзьмітрый Рагозін пачне візыт у ЗША.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1816 годзе нарадзіўся чалавек, прозьвішча якога мы чуем па некалькі разоў на дзень, але пра самога мала што ведаем. Гэта Пoль Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага ангельскага інфармацыйнага агенцтва Ройтэрз. Нарадзіўся ён у Нямеччыне, у габрэйскай сям'і і першапачатковае ягонае імя было Ізраіль Бэер Ясафат. Пачынаў кар'еру як банкаўскі работнік, пасьля хрысьціўся, зьмяніў імя і ажаніўся. Працаваў перакладчыкам у Парыжы, а тады перабраўся ў Лёндан і стварыў там адно зь першых у сьвеце агенцтва навінаў. За гэта ў Нямеччыне яму прысвоілі тытул барона і ён стаў звацца фон Ройтэр (пам. 1899).

У 1899 нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік Эрнэст Хэмінгуэй (пам. 1961), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1954.

У 1969 амэрыканскі астранаўт Ніл Армстранг як першы зямлянін ступіў на Месяц. Армстранг, разам з астранаўтамі Майклам Колінзам і Эдвінам Олдрынам, зьдзейсьніў пасадку карабля "Апалён-11" на Месяц днём раней, 20 ліпеня 1969.

У 1995 упершыню выйшла ў эфір адзіная прыватная беларускамоўная радыёстанцыя "Радыё 101.2". Улады зачынілі станцыю ў канцы жніўня 1996 году, бо яна нібыта стварала перашкоды дзяржаўнаму перадатчыку. Аляксандар Лукашэнка 21 верасьня 1996 году на рэспубліканскім Форуме моладзі, адказваючы на зададзенае з залі пытаньне наконт прычыны закрыцьця радыёстанцыі, сказаў літаральна наступнае: «Ні 101.2, ні іншым антыдзяржаўную палітыку праводзіць на дзяржаўнай частаце за дзяржаўныя грошы дазволена ня будзе».

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень расавай гармоніі ў Сынгапуры

Дзень Бэльгіі — галоўнае нацыянальнае сьвята Бэльгіі. Сьвяткуецца на памятку выбару Леапольда І каралём Бэльгіі ў 1931, пасьля таго, як краіна была аб’яўленая канстытуцыйнай манархіяй з дзьвюхпалатным парлямэнтам.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: Чаму Маскву гэтак нэрвуе грузінска-беларускае пацяпленьне?


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Найлепшы спосаб даведацца, ці можна чалавеку давяраць, гэта даверыцца яму".

Эрнэст Хэмінгуэй
XS
SM
MD
LG