Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як патлумачыць дзіцяці, што ёгурты, садавіна, сок — гэта цяпер недапушчальная раскоша?"


Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 20 ліпеня 2011 году

Амаль штодня сутыкаючыся з тым, як цяжка становіцца выжываць ва ўмовах высокай інфляцыі і сьціплых заробкаў, назіраючы за жорсткай рэакцыяй улады нават на найменшыя сацыяльныя пратэсты, многія нашы слухачы задаюць сабе пытаньні: хто павінен несьці адказнасьць за такое становішча ў краіне? І як заставацца ў згодзе з уласным сумленьнем, не крывіць душой, не хлусіць і не падладжвацца, калі адкрыта гаварыць праўду небясьпечна?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну.

15-га чэрвеня ў аглядзе пошты ўжо гучаў ягоны допіс. Тады слухач апісваў сёньняшнія рэаліі звычайнага беларускага пасёлка, які ўлада залічыла ў аграгарадкі, а таксама распавядаў пра шэраг прыкладаў службовых злоўжываньняў на некаторых мясцовых прадпрыемствах і ва ўстановах. І быў вельмі незадаволены, што тая частка ліста не была працытавана ў эфіры. Аляксей пісаў:

"Што гэта — не фармат? Ці на "Свабодзе" ўжо няма свабоды і зьявілася цэнзура? Чаму ж вы замоўчваеце факты пра салодкае жыцьцё чыноўнікаў, з-за некампэтэнтнасьці і карумпаванасьці якіх пакутуюць простыя людзі?".

Я тады адказаў Аляксею, што справа тут не ў цэнзуры. Калі мы з дапамогай слухачоў зьбіраемся абнародаваць нейкія канкрэтныя факты злоўжываньняў ці злачынстваў — то павінны быць упэўнены ў дакладнасьці такіх зьвестак. А як быць упэўненым, калі аўтар ліста нават не падае канкрэтнага адрасу і хаваецца пад відавочна выдуманым прозьвішчам? І вось — новы ліст на гэтую ж тэму ад Аляксея Падсьвільскага. Слухач піша:

"Так, Валянцін, чарговы раз вы маеце рацыю: я падпісаўся псэўданімам. Калі б назваў рэальнае імя, ужо не працаваў бы на прадпрыемстве. І мне ня сорамна: гэта маё жыцьцё, мая штодзённая рэчаіснасьць. Дык дайце ж мне (і, напэўна, не адной тысячы такіх жа, як я) параду: як жыць і выжываць у глыбінцы, калі ня хочацца захоўваць аддана-дэбільны выраз твару; калі стаміўся ад нахабства і хлусьні чыноўнікаў; калі бачыш, як раскрадаюцца бюджэтныя грошы, як бяднее ды пакутуе просты люд? Як паступіць у такой сытуацыі? Тупа маўчаць?

Што тут крывіць душой: на працягу мінулых гадоў хоць і за танныя энерганосьбіты, і за кошт крэдытаў, але ўлада забясьпечвала людзям больш-менш зноснае існаваньне. Але ілюзія росквіту і стабільнасьці рухнула ў адно імгненьне. Людзей кінулі на волю лёсу. Многім вельмі складана зразумець: чаму так узьляцелі цэны? Чаму абясцэніліся грошы — мы ж ня сталі працаваць меней? Улада вычарпала свой крэдыт даверу. І чым хутчэй яна сыдзе, тым лепш. Дні яе ўжо палічаны — гэта відавочна. Але што бачым і чуем ад яе ў гэтай сытуацыі? Гістэрыку, азлобленасьць, хамства і нахабную хлусьню.

Балюча глядзець на пажылых людзей, якія дрыжачымі рукамі пералічваюць рознакаляровыя фанцікі са шматлікімі нулямі ля вітрынаў з прадуктамі, якія раптам сталі недаступнымі, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну. — А як бацькі могуць патлумачыць маленькаму дзіцяці, што ёгурты, садавіна, сок — гэта цяпер недапушчальная раскоша? Балюча і крыўдна. Асабліва за тых, хто ўсё жыцьцё гарбаціцца — і ледзь зводзіць канцы з канцамі. А нехта, атрымліваючы бюджэтныя грошы, купляе машыны за сотні тысяч эўра, а потым п’яны разьбівае іх… Дык колькі яшчэ моўчкі будзем глядзець на гэтых дарэшты разбэшчаных чыноўнікаў? Яны ж зробяць усё магчымае, каб нічога не мяняць, каб захаваць свой лад жыцьця, які іх зусім задавальняе…

Найбольшую агіду ў мяне выклікаюць асобы, якія паводле службовага абавязку павінны абараняць нас, быць узорам законапаслухмянасьці, але ў сапраўднасьці ўлада ўзяла іх у арэнду і выкарыстоўвае ва ўласных палітычных інтарэсах, а не ў інтарэсах грамадзтва. Хочацца зьвярнуцца да іх з заклікам: "Спыніцеся і адумайцеся! Тыя, каго вы з абыякавай ухмылкай кідаеце на асфальт і зьбіваеце, каму прыдумляеце "ліпавыя" справы і накручваеце тэрміны — выйшлі і дзеля вашай свабоды. Падумайце пра сваіх родных: кляймо ганьбы насіць і ім. А ці патрэбныя вы будзеце вашым сябрам? Яшчэ ёсьць магчымасьць застацца чалавекам, а не злачынцам, які ў хуткім часе будзе каяцца, плакаць і ўсіх пераконваць, што яго прымушалі так паступаць. Рэжым ня вечны, і перамены адбудуцца хутчэй, чым вы думаеце"
, — напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну.

Думаю, спадар Аляксей, асноўная частка гэтых людзей даўно зрабіла свой маральны выбар і пераступіла тую этычную рысу, калі яшчэ было магчымае вяртаньне і раскаяньне. А ці турбуе іх страх за магчымае пакараньне ў будучыні? Наўрад ці. Ва ўсіх іх перад вачыма прыклад нядаўняга мінулага. Хто з партыйных функцыянэраў ці супрацоўнікаў спэцслужбаў панёс адказнасьць за тое, што рабілася ў БССР да ’91-га году? Тыя, хто арыштоўваў і катаваў ні ў чым не вінаватых людзей, рыхтаваў і праводзіў паказальныя палітычныя працэсы, перасьледаваў людзей за найменшыя праявы іншадумства — спакойна дажылі ці дажываюць свой век у прэстыжных кватэрах, пры пэнсіях, званьнях і ўзнагародах. Дык чаму пасьля краху рэжыму Лукашэнкі павінна адбыцца па-іншаму? Тым больш што амаль усе апазыцыйныя лідэры падчас прэзыдэнцкай кампаніі абяцалі, што ў выпадку прыходу да ўлады не дапусьцяць ніякай люстрацыі былых чыноўнікаў і сілавікоў. Дык чаго ў такім разе баяцца? Думаю, для беларускага грамадзтва гэта — сур’ёзная праблема, якую рана ці позна давядзецца вырашаць, калі думаць пра тое, каб засьцерагчы нашчадкаў у будучыні ад яшчэ адной паласы дыктатуры якога-небудзь новага "выратавальніка нацыі", які захоча пажыцьцёва заставацца пры ўладзе.

Аўтар наступнага ліста, Мікалай Застарынскі са Слуцку, выказваецца адносна прапановы шэрагу апазыцыйных лідэраў правесьці ў кастрычніку ў Менску і іншых гарадах народныя сходы з эканамічнымі ды сацыяльнымі патрабаваньнямі да ўлады. Слухач з гэтай нагоды піша:

"Такую прапанову нашай яшчэ не да канца загнанай у падпольле апазыцыі я вітаю, але мала веру, што яе ўдасца ажыцьцявіць хоць бы ў нашым Слуцку. Чаму? Вельмі шмат сярод насельнікаў гораду даволі "сытых", якія працуюць на прыбытковых дзяржаўных прадпрыемствах і маюць увогуле стабільны заробак ад паўтара да двух мільёнаў рублёў. Яны ня выйдуць з-за боязі страціць працу.

Наўрад ці адважацца выйсьці на вуліцу і ўладальнікі каля 30 тысяч уласных легкавых машын. Дарэчы, многія гараджане маюць іх нават па дзьве-тры!

І навучэнцы каледжаў і школ (нават тыя, хто мае доступ да інтэрнэту) таксама не асьмеляцца на "вулічныя гуляньні" на цэнтральнай плошчы, як гэта робяць кожную сераду ў Менску. Чаму? У мяне свой адказ на гэтае пытаньне. Вось у сярэдзіне чэрвеня больш як васямсот выпускнікоў школ гораду і раёну былі запрошаны ўладамі на выпускны вечар-баль у гарадзкі Дом культуры. Усе — і чыноўнікі з раёну, і школьнікі — выступалі толькі па-расейску. Ні слоўца беларускага — нават ад юнакоў і дзяўчат зь беларускамоўных школ. Збаяліся ці проста не пажадалі. Адметна, што рэдка хто з гэтых маладых людзей ведае нешта пра Слуцкі збройны чын 1920-га году, калі 10 тысяч іхных прапрадзедаў сьвядома пайшлі на сьмерць, каб жыла незалежная Беларусь"
, — напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Мікалай Застарынскі са Слуцку.

Паспрачаюся, спадар Мікалай, з вашым сьцьвярджэньнем пра апалітычнасьць уладальнікаў уласных аўто. Ужываная "іншамарка" даўно ўжо перастала быць паказьнікам высокага сацыяльнага статусу, заможнасьці ейнага ўладальніка. Часы, калі новыя "Жыгулі" можна было памяняць на кватэру, даўно засталіся ў мінулым. Набыць старэнькі замежны аўтамабіль могуць цяпер многія. Іншая справа, ці ўва ўсіх хопіць сродкаў на тое, каб штодня езьдзіць на ім, зважаючы на тое, як імкліва растуць кошты на бэнзін і аўтазапчасткі.

З шэрагам заўваг і прапаноў зьвяртаецца на "Свабоду" наш слухач Мікалай Галаскок з Ваўкавыску. Ён, у прыватнасьці, лічыць, што "Свабода" не павінна даваць месца ў сваім эфіры тым асобам, якія абараняюць дзейную ўладу. Спадар Мікалай піша:

"Не давайце выказвацца на вашым радыё лукашыстам. Хопіць нам той хлусьні, якую распаўсюджваюць празь дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне. А гэтыя лукашысты, якія час ад часу хлусяць і на Радыё Свабода, нічога цікавага і вартага ўвагі сказаць ня могуць. Яны толькі льюць ваду на млын дыктатара ды ўводзяць у зман найбольш адсталую частку вашых слухачоў.

Па-другое, мне не зусім падабаецца тое, што вы часта робіце апытаньні на вуліцах розных беларускіх гарадоў. Зразумела, што сярод выпадковых мінакоў ёсьць як добра адукаваныя людзі, так і невукі. Паслухаць меркаваньні разумных людзей цікава. А вось прымітыўныя выказваньні цёмных адсталых асобаў нічога не даюць ні розуму, ні сэрцу. Таму, калі хочаце ведаць меркаваньні розных людзей, дык выбірайце для гэтага больш-менш інтэлектуальную публіку. Вось такія мае заўвагі да вас. Калі памыляюся, дык прабачце. Гэта — мой асабісты пункт гледжаньня. Увогуле, я зьяўляюся вашым слухачом ад ’91-га году. Перадачы мне вельмі падабаюцца, таму што вы праўдзіва асьвятляеце падзеі — і замежныя, і тыя, што адбываюцца ў нашай краіне"
, — напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Мікалай Галаскок з Ваўкавыску.

Нам вельмі важна, спадар Мікалай, каб на "Свабодзе" гучалі меркаваньні розных людзей — і тых, хто падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці, і тых, хто ня бачыць у іх патрэбы; і добра адукаваных асобаў, і тых, якіх цяжка назваць пісьменнымі; і апанэнтаў дзейнай улады, і яе заўзятых прыхільнікаў. Толькі ведаючы розныя погляды на тую ці іншую праблему, чалавек здольны аб’ектыўна разабрацца ў падзеях і выпрацаваць уласны пункт гледжаньня, сфармаваць уласныя перакананьні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG