Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Літвы: замест Астравецкай АЭС яшчэ можна пабудаваць гіпэрмаркет


Эдмінас Багдонас

Эдмінас Багдонас

Пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас сьцьвярджае, што да асноўных работ на будаўніцтве Астравецкай АЭС далёка, і беларусы яшчэ маглі б пабудаваць там не электрастанцыю, а, напрыклад, гандлёвы цэнтар, паведамляе партал DELFI.

«Мы проста глядзім на рэальнасьць. Я сам учора вярнуўся зь Менску, ехаў міма пляцоўкі ў Астраўцы. Там выкапаная велізарная яма. Будаўніцтва ідзе, пракладваецца чыгунка. Нашы фінансісты, аналітыкі, палітолягі, дыпляматы павінны бачыць гэтую рэальнасьць. (...) Працы ніколькі не замарудзіліся», - сказаў журналістам Багдонас.

Праўда, ён адзначыў, што гэтыя працы - абсталяваньне агульнай інфраструктуры, якая падышла б ня толькі для АЭС. «Можна зафіксаваць, што праект ужо ажыцьцяўляецца, калі пачынаюцца працы па бэтанаваньні, пракладваецца водаправод і іншае. А пакуль я праяжджаю міма і бачу, што будуецца чыгунка. Яшчэ ня позна на гэтым месцы пабудаваць гіпэрмаркет. Або гадавальнік для разьвядзеньня рыбы», - паўжартам, сказаў дыплямат.

Ён падкрэсьліў, што пазыцыя Літвы аб праекце Астравецкай АЭС вельмі ясна выкладзеная службовым асобам Беларусі «на ўсіх магчымых узроўнях».

«Мы не падвяргаем сумневу права будаваць ці не будаваць. Але гэта, мы лічым, ня толькі эканамічны выбар», - сказаў Багдонас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG