Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Васілевіч абяцае караць міліцыянтаў за парушэньне закону аб СМІ


Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, у якой стадыі разгляд скаргі былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, Рыгор Васілевіч паведаміў, што праверку вядзе пракуратура гораду Менску. Калі яна завершыцца, генпракурор адказаць зараз не гатовы.

Генеральны пракурор Беларусі паведаміў таксама, што 15 ліпеня накіраваў міністру ўнутраных спраў Куляшову ліст пра правы журналістаў. У лісьце Васілевіч падкрэсьлівае, што правы журналістаў павінныя выконвацца. Ён сказаў, што ў дадзены момант праводзіцца праверка скаргаў і заяваў журналістаў. Раней супрацоўнікі СМІ паскардзіліся ў пракуратуру на дзеяньні людзей у цывільным, якія перашкаджаюць працаваць на вулічных акцыях.

Генэральны пракурор сказаў, што калі супрацоўнікі міліцыі ня будуць выконваць закон аб СМІ, будзе ставіцца пытаньне аб іх прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці. Гэтак ён адказаў на пытаньне кампаніі БелаПАН, якой можа быць рэакцыя Генэральнай пракуратуры, калі на заплянаванай сёньня акцыі маўклівага пратэсту супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным будуць зноў перашкаджаць працы журналістаў.

Васілевіч таксама заявіў, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінны быць у форме. "Могуць быць выключэньні ў залежнасьці ад заданьня, але пераважна яны павінны быць апранутыя ў форму, – сказаў Васілевіч. – Калі ж яны ня ў форме, то яны абавязаны прадстаўляцца, так як вы павінны ведаць, хто прад'яўляе да вас патрабаваньні".

Пры гэтым генпракурор выказаў надзею на тое, што сытуацыя будзе "выпраўляцца".

Рыгор Васілевіч упершыню назваў прозьвішчы абвінавачаных у зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім метро.

"Вы шмат разоў называлі гэтыя прозвішчы. Гэта сакрэт палішынэля. Вы хочаце, каб я іх назваў. Канавалаў і Кавалёў", - сказаў Васілевіч.

Паводле яго слоў, абодва абвінавачаныя нарадзіліся ў 1986 годзе, пры гэтым адзін з абвінавачаных прызываўся на абавязковую вайсковую службу і ў сувязі з гэтым павінен быў здаваць адбіткі пальцаў.

Адказваючы на пытаньне журналістаў аб тым, ці праўда, што гэтыя адбіткі былі здадзеныя і затым згубленыя, Васілевіч сказаў: "У банку зьвестак яго адбіткаў пальцаў не аказалася, хоць мне асабіста вельмі шкада, што такая велізарная праца не дазволіла прадухіліць гэты акт тэрарызму".

Генпракурор адзначыў, што вінаваты ў дадзеным факце супрацоўнік праваахоўных органаў устаноўлены, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа і абраная мера стрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG