Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі суд не паверыў у дыскрымінацыю беларуса


Амэрыканскі фэдэральны судзьдзя адмовіў у пазове беларусу, які хацеў атрымаць 120 тысяч даляраў кампэнсацыі ад крэдытнага зьвязу Polish & Slavic (польскі і славянскі). Андрэй Чыж абвінаваціў крэдытны зьвяз у тым, што яму адмовіліся адкрыць рахунак з-за ягонага беларускага паходжаньня.

Чыж атрымаў адмову ад Polish & Slavic у студзені 2010 году. Прадстаўнікі крэдытнага зьвязу ў судзе заявілі, што Чыж ня меў патрэбных дакумэнтаў і што ў зьвязе ёсьць людзі беларускага паходжаньня, таму нельга казаць пра дыскрымінацыю.

Судзьдзя Сандра Таўнс адзначыла, што Чыж падаў пазоў паводле Закону аб роўных крэдытных магчымасьцях, але пры гэтым не зьвяртаўся па крэдыт. Чыж, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што для крэдыту трэба было далучыцца да зьвязу, таму адмова ў рахунку была раўнасільнай адмове ў крэдыце, але судзьдзя з гэтым не пагадзілася, паведамляе выданьне Credit Union Times.

Фэдэральны крэдытны зьвяз Polish & Slavic быў заснаваны ў 1976 годзе ў Нью-Ёрку, каб аказваць фінансавыя паслугі новапрыбылым імігрантам, якім звычайныя банкі адмаўлялі ў крэдыце. У адрозьненьне ад звычайнага банку, у крэдытным зьвязе ўсе кліенты адначасна зьяўляюцца уладальнікамі такой фінансавай установы і маюць права голасу. Polish & Slavic цяпер мае каля 72 тысяч чальцоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG