Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты на прэзыдэнта застануцца за кратамі


Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйныя скаргі на прысуды кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, палітвязьняў Аляксандра Класкоўскага, Арцёма Грыбкова, Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава і Андрэя Пазьняка. Адвакаты маюць намер абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.

Замежныя дыпляматы, журналісты і сваякі палітвязьняў маглі трапіць у залю пасяджэньняў толькі пасьля двухразовай праверкі зьмесьціва кішэняў і сумак. На ўваходзе кожнага фільмавалі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным. Судовае слуханьне пачалося без удзелу зьняволеных: адзінае хадайніцтва за прысутнасьць у залі пасяджэньняў ад Дзьмітрыя Вуса судзьдзя Сяргей Хрыпач задаволіць адмовіўся. Дзьмітрый Буланаў застаўся нават без адваката, бо таго выклікалі ў суд на гадзіну пазьней, паведаміла «Свабодзе» маці палітвязьня Клаўдзія Буланава:

«Нам паведамілі, што суд будзе аб 11:00. Адпаведна, і мы, і адвакат прыйшлі да гэтага часу, а суд распачаўся а 10:00. Пакуль з намі разьбіраліся — у залю трапілі аб 11:30. Атрымліваецца, што майго сына судзілі без адваката і ягоная думка зусім ня ўлічвалася».

Адвакаты кандыдатаў на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса і Міколы Статкевіча, а таксама іншых палітвязьняў заявілі ў пісьмовай і вуснай форме пра факты парушэньняў падчас папярэдняга суду, пра тое, што віна асуджаных даказаная не была, што была абраная неадпаведная мера пакараньня. Яны прасілі апраўдаць падабаронных, аднак пасьля непрацяглага перапынку судзьдзя Сяргей Хрыпач абвясьціў вырак: у задавальненьні скаргі адмовіць. Прысутная ў залі маці Дзьмітрыя Вуса Сафія зь цяжкасьцю стрымлівала сьлёзы:

Сафія Вус пра рашэньне Менскага гарсуду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:56 0:00


«Сёньняшні прысуд — гэта спэктакль, ня варта было і час губляць. Але гэта ўрок, каб ніхто не жадаў станавіцца прэзыдэнтам. Чаму прэзыдэнт думае, што толькі ён любіць наш народ? Ён за 17 гадоў ізноў давёў яго да жабрацтва, людзі прападаюць, бо вакол хлусьня, толькі хлусьня».

Соф’я Вус

Марына Адамовіч — жонка другога кандыдата на прэзыдэнта, Міколы Статкевіча — заявіла, што і не спадзявалася на апраўдальны прысуд:

«Аналіз сытуацыі і досьвед не пакідалі ніякіх спадзяваньняў на іншае рашэньне. Ніякіх. Улада ня ведае, што зь імі рабіць, але прадэманстраваць хоць якую-небудзь гуманнасьць для яе азначае замах на гэтую ж уладу».

Марына Адамовіч

Адвакаты палітвязьняў заявілі, што будуць абскарджваць рашэньне Менгарсуду ў Вярхоўным судзе, хоць і іншыя сваякі палітвязьняў таксама ня вераць у станоўчы вырак іх родным і ў справядлівасьць судовай сыстэмы Беларусі.

Ала Квяткевіч — сястра палітвязьня Аляксандра Квяткевіча: «Я думаю, што гэтыя хлопцы будуць сядзець гэтулькі, колькі і сядзелі. Бо пакуль у нас такая ўлада і такое становішча ў краіне — нічога ня зьменіцца. І веры ў дзяржаву няма».

Адмова ў апраўдальным прысудзе кандыдатам на прэзыдэнта і іншым палітвязьням сьведчыць пра тое, што шляхоў іх вызваленьня ўнутры Беларусі не застаецца. Гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:
Усім абсалютна зразумела, пачынаючы ад міліцыі і заканчваючы судзьдзямі, што ўсе гэтыя асобы не зьдзяйсьнялі тых правапарушэньняў, у якіх іх вінавацяць.

«Мэханізмаў абароны палітрэпрэсаваных унутры Беларусі я ня бачу. Бо нашая прававая сыстэма за гэтыя гады цалкам разлажылася. Усім абсалютна зразумела, пачынаючы ад міліцыі і заканчваючы судзьдзямі, што ўсе гэтыя асобы не зьдзяйсьнялі тых правапарушэньняў, у якіх іх вінавацяць. Таму я лічу, што толькі зьнешнія фактары могуць змусіць беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў».

За акцыю пратэсту ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня кандыдату на прэзыдэнта Мікалаю Статкевічу прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыю Вусу — 5,5 гадоў, Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў, Аляксандру Квяткевічу — 3,5 года, Дзьмітрыю Буланаву — 3 гады, Арцёму Грыбкову — 4 гады, Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG