Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад пасады старшыні Нацыянальнага банку Беларусі афіцыйна вызвалены Пётар Пракаповіч. Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка Пракаповіч запэўніваў насельніцтва, што пры ім ня будзе нават 5-працэнтнай дэвальвацыі, бо для гэтага няма ніякіх прычынаў. Аднак ужо ў траўні нацыянальная валюта была абясцэненая амаль на 60%, а з пачатку году гэты паказьнік дасягнуў 75%. Пры гэтым беларускія рублі немагчыма свабодна канвэртаваць у замежную валюту.

Пётар Пракаповіч, які кіраваў Нацыянальным банкам з 1998 году, выпраўлены ў адстаўку. Ягонае месца заняў колішні першы намесьнік старшыні праўленьня Юрый Алымаў. Ці варта разьлічваць у сувязі з гэтым на аздараўленьне сытуацыі на фінансавым рынку? Вось што мяркуе эканаміст Уладзімер Карагін:

"Па сутнасьці нічога не зьмянілася. Але трэба адзначыць, што банкаўская сыстэма працавала правільна, правільна ставіла пытаньні. Калі падчас маёй апошняй сустрэчы ў лютым зь Пятром Пятровічам я ад імя дзелавой супольнасьці прапанаваў правесьці дэвальвацыю на апярэджаньне, ён сказаў: але ж папярэдняя нічога не дала! Без сыстэмных рэформаў

эканомікі, без выкананьня падрыхтаванага раней пляну антыкрызісных дзеяньняў ураду, калі толькі дэкаратыўна выкананыя некаторыя праграмы, насамрэч нічога ня зьменіцца — правядзі ты хоць дзесяць дэвальвацыяў. Ён меў рацыю, і тады я зразумеў, наколькі чалавек дакладна ацэньвае гэтую сытуацыю. А ўжо наступная няўцямная палітыка, якая сваёй няўзгодненасьцю прывяла да цяперашняга дысбалянсу, дык гэта ня вынік дзейнасьці Нацыянальнага банку. У Нацбанку, трэба адзначыць, вельмі добрая група аналітыкаў".

Экспэрты адзначаюць, што пры наяўнасьці высокакваліфікаваных спэцыялістаў Нацбанк несамастойны ў прыняцьці рашэньняў і мусіць падпарадкоўвацца палітычнай каньюнктуры. У сваю чаргу, абмежаваньні ў манэўрах прывялі да таго, што цэнтрабанк фактычна дыстанцыяваўся ад кінутай на самацёк сытуацыі, але пры гэтым адмаўляецца ад валютных інтэрвэнцыяў і не дае магчымасьці для свабоднага курсаўтварэньня.

Былы кіраўнік банку "Эўрапейскі" Валеры Кругавы лічыць, што ў такой сытуацыі да месца казаць пра выкананьне Нацбанкам палітычнай замовы —маючы рычагі ўзьдзеяньня, фінансавая ўстанова чакае распараджэньняў з прэзыдэнцкай адміністрацыі:

У Нацбанку ж ёсьць рэзэрвы, ён бы мог выйсьці на той жа міжбанкаўскі рынак, на наяўны рынак і адрэгуляваць усе працэсы. Але ў яго засталіся, груба кажучы, "сямейныя" грошы

"Усё робіцца вельмі прафэсійна — з гледзішча дзяржавы. Па сутнасьці, гэта абсалютна граматны адбор грошай у насельніцтва. З боку ўладаў гэта мэтанакіраванае падштурхоўваньне людзей да ніжэйшага ўзроўню, каб самім не апусьціцца, разумееце? У Нацбанку ж ёсьць рэзэрвы, ён бы мог выйсьці на той жа міжбанкаўскі рынак, на наяўны рынак і адрэгуляваць усе працэсы. Але ў яго засталіся, груба кажучы, "сямейныя" грошы. Вы думаеце, што яны іх будуць траціць на тое, каб насельніцтва змагло прыстасавацца да новых эканамічных умоваў і лягчэй перажыць гэты пэрыяд? Яшчэ чаго! Гэта, яшчэ раз кажу, "сямейныя" грошы, іх ніхто траціць ня будзе. А ў людзей забіраюць апошняе вельмі прафэсійна".

Тым часам сытуацыя на валютным рынку вось ужо чатыры месяцы застаецца ў стане ступару. Ля пунктаў абмену валюты, якіх, дарэчы, з-за нерэнтабэльнасьці становіцца ўсё меней, дзяжураць людзі са сьпісамі. Яны яшчэ спадзяюцца набыць даляры, эўра, расейскія рублі легальна, не зьвяртаючыся да паслугаў валютчыкаў. Калі банкі выстаўляюць курс за даляр крыху большы за 5000 рублёў, то на чорным рынку гэтая лічба вагаецца ў межах 6500.

Пастаўлена задача давесьці гэтыя разьлікі да 30% — я маю на ўвазе безнаяўны разьлік па плястыкавых картках
Апошнімі днямі да валютных праблемаў дадалася немагчымасьць абнаяўленьня грошай. Зьняць валюту ў банкаматах амаль нерэальна ўжо даўно, а цяпер узьнік рублёвы дэфіцыт. І гэта пры тым, што заробак большай часткі бюджэтнікаў пералічваецца менавіта на карткавыя рахункі. Фінансавы аналітык Анатоль Бяляеў кажа, што ўлады самі сабе супярэчаць: спачатку акрэсьлілі задачу максымальна перавесьці разьлікі ў безнаяўны сэктар, а цяпер няма ніякай гарантыі, што гэтыя грошы можна атрымаць — далёка ня ўсе крамы, асабліва ў рэгіёнах, абсталяваныя адпаведнай сыстэмай разьліку:

"Уладамі пастаўлена задача давесьці гэтыя разьлікі да 30% — я маю на ўвазе безнаяўны разьлік па плястыкавых картках. І да нядаўняга часу адпаведныя структуры досыць актыўна ў гэтым кірунку працавалі, фактычна прымушаючы людзей пераходзіць на заробкавыя карткі. Вядома, і раней заставаўся шэраг пытаньняў, якія трэба было вырашаць. З аднаго боку, каб у працы з карткамі была рэальная зацікаўленасьць уласна насельніцтва, каб людзі не баяліся непрадказальнасьці ў гэтым пытаньні. Па-другое, зацікаўленасьць крамаў, пунктаў аказаньня паслугаў. І якраз апошнія падзеі яскрава паказалі, што ў дадзенай сфэры існуе шэраг сур'ёзных праблемаў".

З-за непрадказальнай сытуацыі на валютным рынку банкі ў масавым парадку пачалі ўводзіць ліміты ня толькі на зьняцьцё гатоўкі, але і на ажыцьцяўленьне безнаяўных апэрацый унутры Беларусі і за яе межамі. Афіцыйная фармулёўка — "з мэтай прадухіленьня адтоку валюты з краіны". Найперш абмежаваньні закранулі рублёвыя карткі, бо, пазбавіўшыся магчымасьці легальна набываць валюту, многія беларусы пачалі канвэртаваць рублі за мяжой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG