Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку адправіць у адстаўку ўрад, прызнаць Паўднёвую Асэтыю з Абхазіяй, правесьці датэрміновыя парлямэнцкія выбары, вызваліць палітвязьняў.

"Здыміце і адпраўце ў адстаўку ўрад, які ў народзе атрымаў назву "часовы". Яны давялі эканоміку да крызісу", — заявіў Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс, зьвяртаючыся такім чынам да кіраўніка Беларусі. Палітык таксама заклікаў Лукашэнку ўсталяваць адзіны курс валюты.

"Гэта трэба рабіць сёньня. Чакаць, нічога ня робячы, — дурасьць. Курс будзе і далей падаць, і гэта зразумела ўсім", — падкрэсьліў ён.

Гайдукевіч лічыць, што беларускі лідэр павінен нарэшце "павярнуцца тварам да Расіі". "Падзякуйце Расеі за вялікую дапамогу, якую яна заўсёды аказвала і дзякуючы якой быў магчымы так званы наш беларускі эканамічны цуд", — сказаў палітык.

Лідэр ЛДПБ лічыць, што А. Лукашэнка павінен "у рэшце рэшт" прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. "Мы павінны быць сапраўднымі саюзьнікамі, а не абы-кім. Абвясьціце пра пераход у рамках Мытнага саюзу да пачатку 2012 году на адзіную валюту. Гэта адзіны шанец не распрадаваць актывы за бесцань", — лічыць Гайдукевіч.

Ён таксама заклікаў Лукашэнку сесьці за стол перамоваў з Эўразьвязам і памілаваць "усіх затрыманых і пасаджаных за краты за падзеі 19 сьнежня 2010 году". "І ня трэба перасьледаваць няшчасных людзей, даведзеных да адчаю няздарнай эканамічнай палітыкай ураду", — дадаў Гайдукевіч.

Палітык прапануе прызначыць на вясну 2012 году парлямэнцкія выбары па партыйных сьпісах. Гэта, на яго думку, будзе спрыяць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці. "Няма ніякай палітычнай эліты! Няма нічога — выпаленая зямля", — рэзюмаваў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG