Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напісаў скаргу ў пракуратуру – прыйшоў участковы


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў
На пярэдадні маўклівай акцыі пратэсту магілёўскія міліцыянты наведваюць актывістаў апазыцыі. Візыты тлумачацца неабходнасьцю правядзеньня прафіляктычных гутарак.

Учора позна ўвечары участковы міліцыянт зьявіўся на парозе дома Валадара Цурпанава. Як кажа актывіст, міліцыянт спачатку намагаўся высьветліць, хто жыве разам зь ім.

“Патлумачыў, што ён правярае рэжым пражываньня на сваім участку. Потым запытаўся: “Ці нашу я флікер”. Я яму адказаў, што наагул гэта маё права насіць яго ці не насіць. Пасьля таго як я папрасіў яго больш мне не назаляць недарэчнымі пытаньнямі, ён сказаў, што ёсьць яшчэ важная справа. “Мне трэба з вамі правесьці прафіляктычную гутарку наконт несанкцыянаваных мерапрыемстваў і ўдзелу ў іх. Мне загадалі”,-- заявіў ён мне. Я сказаў: дасылайце позву тады будзе гаворка”.

18 ліпеня актывіст занёс заяву ў абласную пракуратуру з патрабаваньнем аднаўленьня дзейнасьці ў Магілёве беларускай Канстытуцыі ў поўным аб’ёме.
Я запатрабаваў ад пракурора, каб ён зрабіў захады па навядзеньні ў горадзе канстытуцыйнага парадку. Я не выключаю, што мая заява й сталася нагодай для візыту міліцыянта да мяне

“У ёй я выклаў факты масавага захопу людзей. Паляваньне на людзей невядомымі асобамі ў цывільным. А таксама фактычнага ўвядзеньня ваеннага становішча на асобных тэрыторыях Магілёва. Я запатрабаваў ад пракурора, каб ён зрабіў захады па навядзеньні ў горадзе канстытуцыйнага парадку. Я не выключаю, што мая заява й сталася нагодай для візыту міліцыянта да мяне. Раней я пакінуў запіс ў кнізе скаргаў Ленінскага аддзелу міліцыі. Міліцыянты адмаўляліся даваць зьвесткі пра затрыманых 3 і 6 ліпеня. Не пускалі ў дзяжурную частку аддзелу. Тады я прарваўся туды й паскардзіўся. Гэтыя скаргі таксама – нагода для міліцыі наведаць мяне”.

Завітаў участковы й да праваабаронцы з грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысьціны Шацікавай. Пытаньні былі тыя ж, што й Цурпанаву: зь кім жыве дзяўчына ды спроба правесьці прафіляктычную гутарку зь ёй. Актывістка ня стала гутарыць зь міліцыянтам, запатрабавала выслаць ёй позву.
XS
SM
MD
LG