Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды Вусу, Статкевічу, Севярынцу, Халіп і іншым пакінулі бязь зьменаў


Маці Дзьмітрыя Вуса плача на ганку суду, пасьля таго, як Менгарсуд не задавольніў касацыйныя скаргі на прысуды за Плошчу

Маці Дзьмітрыя Вуса плача на ганку суду, пасьля таго, як Менгарсуд не задавольніў касацыйныя скаргі на прысуды за Плошчу

Менгарсуд не задаволіў касацыйныя скаргі на прысуды за Плошчу экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, палітвязьняў Аляксандра Класкоўскага, Арцёма Грыбкова, Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава і Андрэя Пазьняка, а таксама Ірыны Халіп, Паўла Севярынца, Сяргея Марцaлева.

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча

Жонка Дзьмітрыя Вуса Яўгенія

У цэнтры - Ірына Халіп


13.00 "Мы не чакалі нейкага іншага рашэньня ад гэтай судовай сыстэмы", – заявілі Ірына Халіп і Павал Севярынец пасьля прысуду.

Яны зазначылі, што будуць далей абскарджваць свой прысуд – у Вярхоўным судзе і ў Камітэце ААН па правах чалавека. "Мы не спадзяемся, што ў Вярхоўным судзе сьмелыя людзі, але каб падаць скаргу ў ААН, трэба прайсьці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі", –заявіла Ірына Халіп.

Павал Севярынец зазначыў, што цягам некалькіх дзён ён вырашыць усе свае пільныя справы, напіша ўсім палітвязьням лісты і накіруецца адбываць пакараньне на хімію.

12.50 Суд пакінуў у сіле прысуды Халіп, Севярынцу і Марцалеву.

12.15 Прысуды Вусу, Статкевічу, Класкоўскаму, Грыбкову, Квяткевічу, Буланаву і Пазьняку Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў. Пасьля абвяшчэньня рашэньня ў залі заплакалі родныя асуджаных.

11.55 Судовая калегія ў справе Халіп, Севярынца, Марцалева накіравалася ў дарадчы пакой для вынясеньня рашэньня.

11.50 У працэсе па скарзе Халіп, Севярынца, Марцэлева скончыліся выступы адвакатаў і пракурора. Адвакаты просяць скасаваць прысуды, пракурор – пакінуць бязь зьменаў. "Пракурор выступаў вельмі жорстка", –
паведаміла Свабодзе Ірына Халіп.
Па заканчэньні прамовы Бахцінай прысутныя ў зале гучна заапладзiравалi. Судзьдзя Сьцяпурка заклікаў іх спыніць, сказаўшы: "Вы ж не на мітынгу знаходзіцеся"

Ірына Халіп заявіла ў судзе, што не лічыць вынесены ёй прысуд справядлівым. "Да гэтага часу не магу паверыць, што мяне асудзілі за тое, што я выконвала свой прафэсійны абавязак… Мяне судзілі як жонку Саньнікава. Я лічу, што прысуд вельмі несправядлівы, і прашу яго адмяніць з прычыны адсутнасьці складу злачынства ў маіх дзеяньнях ".

Павал Севярынец адзначыў, што дзеяньні ўладаў 19 сьнежня ён ня можа назваць інакш як беззаконьне: "Я разумею, што суд справядлівым ня будзе, але для гісторыі, каб беларусы не паўтаралі падобных памылак, і трэба разгляд гэтай касацыйнай скаргі".

Адвакат Халіп Ганна Бахціна заявіла, што ў ходзе папярэдняга сьледзтва і судовага пасяджэньня не былі выкананыя прынцыпы аб'ектыўнага і непрадузятага разгляду ўсіх акалічнасьцяў справы.

Па заканчэньні прамовы Бахцінай прысутныя ў зале гучна заапладзiравалi. Судзьдзя Сьцяпурка заклікаў іх спыніць, сказаўшы: "Вы ж не на мітынгу знаходзіцеся".

11.30 Суд пайшоў у дарадчы пакой для вынясеньня рашэньня па скаргах Вуса, Статкевіча і іншых асуджаных.

11.25 Пракурор Загародзкі просіць суд пакінуць выракі Вусу, Статкевічу і іншых бязь зьменаў.

11. 20 Адвакаты ў працэсе Вуса, Статкевіча і іншых заявілі пра факты парушэньняў пад час папярэдняга суду, пра тое, што віна асуджаных даказаная не была, і што была абраная мера неадпаведная пакараньня. Адвакаты просяць Менескі гарадзкі уд апраўдаць усіх палітвязьняў.

11.15 У працэсе Статкевіча, Вуса і іншых зачытаныя касацыйныя скаргі асуджаных. Выступаюць адвакаты.

Асуджаныя за Плошчу экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, Дзьмітры Вус, а таксама Аляксандр Класкоўскі, Арцём Грыбкоў, Аляксандр Квяткевіч, Дзьмітры Буланаў і Андрэй Пазьняк просяць Менскі гарадзкі суд скасаваць прысуд і спыніць вытворчасьць па справе альбо адправіць яе на дасьледаваньне. Пра гэта гаворыцца ў іх касацыйных скаргах, якія разглядаюцца судом.

Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты лічаць, што ў судзе не быў даказаны сам факт масавых беспарадкаў, у іх дзеяньнях не было намеру арганізаваць беспарадкі. Адвакаты абвінавачаных таксама лічаць прысуд першай інстанцыі ў дачыненьні да сваіх падабаронных несправядлівым.

Адвакат Статкевіча Тацьцяна Станкевіч адзначыла, што адбывалася на плошчы 19 сьнежня можна кваліфікаваць не як масавыя беспарадкі, а як хуліганскія дзеяньні разрозненых невялікіх груп людзей. Адвакат таксама не лічыць даказаным датычнасьць Статкевіча да арганізацыі масавых беспарадкаў.


10. 20 Скаргі Халіп, Марцалева, Севярынца разгдядае калегія судзьдзяў у складзе: Сьцяпурка, Камароўская і Ўнукевіч. ПавалСевярынец у пачатку працэсу заявіў, што асабіста гэтых суддзяў не ведае, але не давярае судовай сістэме Беларусі ў цэлым і заявіў хадайніцтва аб адводзе суда. Хадайніцтва задаволена не было.

Сяргей Марцэлеў перад будынкам суду

10.15 Хадайніцтва Вуса не задаволілі. Паседжаньне працягваецаа без яго.

10.10 Судовае разьбіральніцтва па скаргах Вуса, Статкевіча і іншых вядзе калегія пад старшынствам судзьдзі Сяргея Хрыпача. Судзьдзя зачытаў хадайніцтва Дзьмітрыя Вуса аб прысутнасьці ў залі пад час разгляду касацыйнай скаргі. Пракурор выступіў супраць. Суд выдаліўся ў дарадчы пакой, каб прыняць рашэньне па хадайніцтву Вуса.

10.00 У Менскім гарадзкім судзе адначасова пачынаецца адразу два судовых працэсы другой інстанцыі за Плошчу. У адной залі пераглядаюць справы Міколы Статкевіча, Дзьмітрыя Вуса, Аляксандра Класкоўскага, Арцёма Грыбкова, Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава і Андрэя Пазьняка, якія былі засуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі. У другой – Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева і Паўла Севярынца, якія атрымалі пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Вуса і Статкевіча ў суд не прывезьлі.

На паседжаньне прыйшло шмат сваякоў асуджаных, палітыкаў, праваабаронцаў, замежных дыпляматаў, журналістаў.


Менскі гарадзкі суд разгледзіць касацыйныя скаргі на рашэньне суду Ленінскага раёну, які зьняволіў былых кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса.

Мікалаю Статкевічу суд Ленінскага раёну прысудзіў шэсьць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Дзьмітрыю Вусу — 5,5 года.

Паводле жонкі Вуса Яўгеніі, яе мужу дазволілі прысутнічаць пад час разгляду касацыйнай скаргі.

Экс-кандыдатаў абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску. Разам зь імі 26 траўня былі асуджаныя Аляксандар Класкоўскі — на 5 гадоў пазбаўленьня волі, Аляксандар Квяткевіч — на 3,5 года, Дзьмітрый Буланаў — на 3 гады, Арцём Грыбкоў — на 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму. Іх касацыйныя скаргі таксама плянуецца разгледзець 19 ліпеня.

У гэты ж дзень будзе разгледжана скарга, пададзеная на прысуд журналісткай, жонкай экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірынай Халіп, якая асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Таксама будзе разглядацца касацыйная скарга на прысуд сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, які пакараны трыма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Раней Менгарсуд адхіліў скаргі на прысуды шэрагу палітвязьняў, асуджаных за ўдзел у акцыі апазыцыі 19 сьнежня мінулага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG