Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнцкая адміністрацыя адказала БАЖ


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Адміністрацыя прэзыдэнта адрэагавала на зварот Беларускай асацыцыі журналістаў да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

21 чэрвеня БАЖ зьвярнуўся да кіраўніка краіны з заклікам вызваліць асуджаных пасьля 19 сьнежня журналістаў, спыніць крымінальны перасьлед Андрэя Пачобута, даручыць міністэрству інфармацыі адклікаць пазовы аб закрыцьці газэтаў «Народная воля» і «Наша Ніва», а таксама адмяніць рашэньне аб спыненьні «Аўтарадыё».

Літ з адміністрацыі прэзыдэнта падпісаў начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Бука.

У ім гаворыцца, што закранутыя пытаньні належаць да сфэры правасудзьдзя і падлягаюць вырашэньню ў судовым парадку.

«Пры гэтым асобы, адносна якіх вынесеныя прысуды, маюць права абскардзіць у вышэйшыя судовыя інстанцыі законнасьць і абгрунтаванасьць пастановы такіх прысудаў. Што тычыцца разгляду гаспадарчымі судамі спраў з удзелам Міністэрства інфармацыі, то парадак адкліканьня пазоўных заяў і перагляду судовых пастановаў вызначаны гаспадарчым працэсуальным кодэксам».

Падчас прэс- канфэрэнцыі 17 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка згадаў БАЖ і выказаў пажаданьне, каб гэта грамадзкае аб’яднаньне зьвярнулася да яго асабіста з просьбай аб вызваленьні палітвязьняў.

Паводле намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, спадзеваў на станоўчы адказ амаль не было. З узьнятых у звароце пытаньняў толькі адно знайшло станоўчае вырашэньне: міністэрства інфармацыі адклікала пазовы аб закрыцьці «Народнай волі» і «Нашай Нівы».

«Па справе Пачобута вынесены прысуд, які дазволіў журналісту застацца на волі, што, безумоўна, мы ацэньваем станоўча. Але ж прысуд — абвінаваўчы, і Андрэй увесь час знаходзіцца пад пагрозай рэальнага зьняволеньня. Акрамя таго, абвінаваўчы вырак можа пацягнуць за сабой узмацненьне самацэнзуры сярод СМІ і журналістаў. Сытуацыя ж з пазбаўленьнем права на вяшчаньне „Аўтарадыё“ ніяк не зьмянілася. Не вызвалілі і асуджаных пасьля падзеяў 19 сьнежня журналістаў і сяброў БАЖ», — заявіў прэс-службе БАЖ Андрэй Бастунец.
XS
SM
MD
LG