Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістка Аліна Скрыбунова трымала ў турме галадоўку


Аліна Скрыбунова

Аліна Скрыбунова

Пасьля 15 сутак арышту выйшла на волю магілёўская журналістка Аліна Скрыбунова. Трое сутак яна трымала галадоўку. Паводле журналісткі, стаўленьне міліцыянтаў да яе у вязьніцы было кепскім.

Скрыбунова: «Я нікому не жадала б правесьці пятнаццаць сутак у няволі. Атрыманы досьвед для сябе я лічу карысным. Цяпер я магу расказаць іншым, за што людзей саджаюць на пятнаццаць сутак, што іх там чакае, якія адносіны ў нашых турмах і ўмовы. Я называю сябе палітычнай зьняволенай. Я трымала галадоўку, бо лічыла, што ўвесь тэрмін арышту не прасяджу й мяне ніхто з турмы гэтай ня выцягне. Многія мяне ў ізалятары падтрымлівалі. Многія, наадварот, проста рыкалі на мяне. Стаўленьне міліцыянтаў да мяне было жахлівым. Я галадала трое сутак. Больш ня вытрымала. Мне было кепска. І я вырашыла спыніць галадоўку, бо палічыла, што гэта ня тая справа, за якую трэба такім чынам змагацца. Палічыла, што трэба берагчы сябе і неяк падтрымліваць жыцьцёвы імунітэт».

Аліну Скрыбунову затрымалі 3 ліпеня супрацоўнікі ў цывільным на вуліцы Ленінскай. На наступны дзень судзьдзя Ленінскага суда Магілёва Аксана Ратнікава прызнала журналістку вінаватай у парушэньні двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве й супраціве міліцыянтам пры затрыманьні. Судзьдзя ў сваім выраку ўлічыла, што затрыманая адседзела 10 сутак за Плошчу, і вынесла свой прысуд — 15 сутак.

Журналістка сваёй віны не прызнала і затрыманьне лічыць незаконным. 21 ліпеня Магілёўскі абласны суд мае разгледзіць яе скаргу на вырак судзьдзі Ратнікавай.

Разам з Алінай Скрыбуновай выйшаў на волю і актывіст, зарэгістраванай у Чэхіі грамадзкай арганізацыі «Малады фронт» Валянцін Лабачоў. Яго затрымалі 6 ліпеня непадалёк ад месца, дзе праходзіла маўклівая акцыя пратэсту. Судзьдзя Станіслаў Шандаровіч пакараў хлопца дванаццацьцю суткамі арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Валянцін Лабачоў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG