Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Клінтан: зьмены рэжыму не зьвязаныя з тэхналёгіямі


Алек Рос

Алек Рос

Алек Рос, галоўны дарадца дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан у пытаньнях інавацыяў, у інтэрвію Радыё Свабода тлумачыць, як амэрыканская дыпляматыя карыстаецца новымі тэхналёгіямі, у тым ліку для пашырэньня свабоды слова ў сьвеце.

Радыё Свабода: Злучаныя Штаты заклікаюць да свабоды Інтэрнэту ва ўсім сьвеце. Ці тычацца гэтыя намаганьні саюзьнікаў ЗША, а менавіта Савудаўскай Арабіі, якую праваабарончыя групы называюць ворагам Інтэрнэту, ці Бахрэйну, дзе нядаўна на 15 гадоў турмы асудзілі блогера?

Рос: На плянэце Зямля 195 краінаў. Дзярждэпартамэнт факусуецца на 194 зь іх. Нашыя намаганьні ў пытаньнях свабоды Інтэрнэту факусуюцца на 194 краінах, таму калі мы распрацоўваем нейкія інструмэнты, нейкія падыходы, яны не скіраваныя вузка на дзьве, тры, трыццаць ці сто краінаў. Яны распрацоўваюцца глябальна. У нас адзіная палітыка наконт свабоды Інтэрнэту, і яна ўжываецца глябальна.

Радыё Свабода: І яна ўжываецца ў дачыненьні да Савудаўскай Арабіі і Бахрэйну? Ці падымаюць Злучаныя Штаты гэтыя пытаньні з кіраўніцтвам гэтых краінаў?

Рос: Гэта частка нармальнага працэсу нашай дыпляматыі, што, калі краіна імкнецца абмежаваць унівэрсальныя правы сваіх грамадзян, ЗША займаюцца гэтым, публічна і ў прыватным парадку. Прэзыдэнт казаў нядаўна ў вялікай прамове тут, у Дзяржаўным дэпартамэнце, наконт Бахрэйну. Ён казаў канкрэтна аб тым, як важна, каб урад Бахрэйну паважаў унівэрсальныя правы сваіх грамадзян. Так што так, кожны раз, калі ў нейкай краіне істотна парушаюць тое, што мы лічым даўнімі унівэрсальнымі правамі чалавека, ЗША выказваюцца на гэты конт.

Радыё Свабода: Іран абвінавачвае ЗША ў забесьпячэньні мяккай падтрымкі актывістам, якія намагаюцца зрынуць іранскі рэжым. Ці зьяўляецца зьмена рэжыму ў рэпрэсіўных краінах, якія лічацца варожымі да ЗША, такіх як Іран, адной з негалосных мэтаў намаганьняў ЗША у кірунку свабоды Інтэрнэту?

Рос: Абсалютна не. Свабода Інтэрнэту мае дапамагаць людзям карыстацца сваімі ўнівэрсальнымі правамі: свабодай слова, свабодай сходаў, свабодай друку. Гэты не пытаньне зьмены рэжыму.

Радыё Свабода: Рэжымы Хосьні Мубарака і Зін эль-Абідзіна Бэн Алі ў Эгіпце і Тунісе зрынулі людзі, але Інтэрнэт адыгрываў у гэтым важную ролю. Ці бераце вы гэта ў разьлік?

Рос: Я думаю, што Інтэрнэт, камунікацыйныя тэхналёгіі, зрабілі чатыры рэчы ў Эгіпце і Тунісе. Па-першае, яны паскорылі стварэньне рухаў. Звычайна на тое, каб стварыць рух, спатрэбіліся б гады, а тут рухі былі створаныя на працягу тыдняў і месяцаў. Па-другое, гэта ўзбагаціла інфармацыйнае асяродзьдзе. Там, дзе людзі, магчыма, раней ня мелі доступу да шмат якой інфармацыі, яны атрымалі гэты доступ дзякуючы сацыяльным сеткам і Інтэрнэту. Па-трэцяе, гэта ўзмацніла слабыя сувязі. Бо што зьвяло разам 57-гадовага чальца Мусульманскага братэрства і 27-гадовага віртуальнага хіпстэра, які атрымаў адукацыю ў Сарбоне, што зьвяло іх разам на плошчы Тахрыр?
Тэхналёгія сама па сабе – гэта толькі інструмэнт.

Некаторыя кантакты ў рэжыме онлайн зьвялі гэтых вельмі непадобных людзей разам ужо ў рэальным жыцьці. Чацьвёртае і апошняе, гэта разгрупаваньне кіраўніцтва. Калі вы думаеце пра рэвалюцыйных герояў мінулага – ці то пра Леха Валэнсу ў Польшчы, ці пра Вацлава Гаўла ў Чэхіі, ці пра Нэльсана Мандэлу ў Паўднёвай Афрыцы – дык мы ня бачым фігураў такога кшталту ў цяперашніх рэвалюцыях, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, і гэта збольшага таму, што Інтэрнэт разьмеркаваў кіраўніцтва. Такім чынам, безумоўна, Інтэрнэт і камунікацыйныя тэхналёгіі адыгралі вельмі значную ролю ў забурэньнях на Блізкім Усходзе, хоць я думаю, што ў сваёй сутнасьці гэтыя забурэньні ня маюць абсалютна нічога супольнага з тэхналёгіямі. Яны тычацца карупцыі. Яны зьвязаныя з адсутнасьцю эканамічных магчымасьцяў. Яны зьвязаныя з адсутнасьцю магчымасьці дэмакратычнага ўдзелу. Тэхналёгія сама па сабе – гэта толькі інструмэнт.

Радыё Свабода: Давайце пяройдзем да іншай тэмы - выкарыстаньня Злучанымі Штатамі новых сродкаў масавай інфармацыі. Гэта адносна новая зьява, і вы бралі ў ёй вельмі актыўны ўдзел. Што б вы назвалі найвялікшымі дасягненьнямі ЗША да гэтага часу ў прасоўваньні сваіх дыпляматычных мэтаў, з выкарыстаньнем сацыяльныя сетак, такіх як Facebook і Twitter?

Рос: У такіх рэжымах, як Іран, урады імкнуцца абмежаваць інфармацыю, да якой іх грамадзяне могуць атрымаць доступ; яны дзейнічаюць па-патэрналісцку ў дачыненні да сваіх грамадзян. Найвялікшае дасягненьне Дзярждэпартамэнту да гэтага моманту у пляне выкарыстаньня сацыяльных мэдыяў - гэта магчымасьць зьвязвацца і ўзаемадзейнічаць зь вялікай колькасьцю людзей, да якіх у адваротным выпадку мы б ня мелі доступу ў закрытых інфармацыйных асяродзьдзях. Урады могуць прыкладаць якія заўгодна намаганьні, але самі грамадзяне, як правіла, больш дасьведчаныя, чым ўлады, калі гаворка ідзе аб сацыяльных мэдыях і тэхналёгіях. Таму ўлады могуць намагацца, намагацца і намагацца закрыць
Сацыяльныя СМІ дазваляюць Гілары Клінтан і дыпляматам Амэрыкі пачуць людзей ва ўсім сьвеце, якіх інакш мы не маглі б пачуць.

Інтэрнэт або абмежаваць магчымасьці людзей для падлучэньня да Інтэрнэту ці для камунікацый міжсобку, але ўрэшце грамадзяне атрымаюць доступ у Інтэрнэце да таго зьместу, які яны хочуць. Разумеючы гэта, мы ў Дзяржаўным дэпартамэнце можам мець зносіны зь людзьмі такімі спосабамі, якія раней былі недаступныя. Я таксама мушу дадаць, што мы павінны памятаць: мы маем адзін рот, але два вухі. Таму адна з найлепшых рэчаў у сацыяльных мэдыях гэта магчымасьць ня проста атрымліваць паведамленьні ад людзей, але і слухаць іх. І не заўсёды гэта атрымоўваецца так, што людзі могуць сабрацца, каб сесьці зь дзяржсакратаром за стол з чырвонага дрэва ў нейкай шыкоўнай залі паседжанняў. Але сацыяльныя СМІ дазваляюць Гілары Клінтан і дыпляматам Амэрыкі пачуць людзей ва ўсім сьвеце, якіх інакш мы не маглі б пачуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG